Алесь Бяляцкі ўганараваны прэстыжнай міжнароднай прэміяй «За годны лад жыцця — 2020»
Сёння шведскі фонд «Right Livelihood Award Foundation» назваў лаўрэатаў штогадовай прэміі «За годны лад жыцця — 2020». Сярод чатырох лаўрэатаў — беларускі праваабаронца, старшыня пазбазўленага рэгістрацыі правабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, паведамляе spring96.org.
Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі.
Алесь Бяляцкі і сябры «Вясны» неаднаразова падвяргаліся пераследу з боку ўладаў за ахвярную праваабарончую дзейнасць. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі. Пад ціскам беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці ўлады былі вымушаны вызваліць Алеся датэрмінова летам 2014 года.
Сёння ў СІЗА №1 Мінска знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова. Яна абвінавачваецца ў «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванні такой дзейнасці» (ч. 3 арт. 293 КК).
«Прэмія, якой уганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства, якое сёння хоча дэмакратычных зменаў, якое дабіваецца, каб правы чалавека ў Беларусі шанаваліся і выконваліся», — каментуючы ўручэнне міжнароднай прэміі, адзначыў Алесь Бяляцкі.
Каментары