Жыхары Тарасава развесілі стужкі ў нацыянальных колерах на месцы, дзе сёння спрабавалі затрымаць старога чалавека ФОТЫ
Жыхары Тарасава (Мінскі раён) развесілі стужкі ў нацыянальных колерах на месцы, дзе сёння спрабавалі затрымаць старога чалавека, які маляваў агароджу на ўездзе ў пасёлак у бела-чырвона-белае. Чырвоная пляма на пярэднім плане першага фота — гэта не кроў, а разлітая фарба.
Здарэнне адбылося на скрыжаванні дарог на Тарасава і Ратамку. У мясцовы чат трапілі фоты, як сівы мужчына малюе агароджу, а пасля — як ён ляжыць на лузе, трымаючыся за галаву, у атачэнні міліцыянтаў. Пасля да яго прыехала хуткая дапамога.
Агулам Тарасава ў многіх месцах распісанае антылукашэнкаўскімі лозунгамі. Яны нанесеныя як на агароджах, так і, асабліва шмат, на розных дарогах вакол пасёлка на праезнай частцы. Акрамя таго, сустракаюцца лозунгі з крытыкай на адрас АМАПа.
У нацыянальныя колеры апрануўся і аўтобусны прыпынак. Зверху на ім надпіс: «Мы пераможам!»
Варта нагадаць, што ў Тарасаве Ціханоўская, паводле афіцыйнага пратакола, набрала 90% галасоў.
Каментары