Жанчыны, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных шэсцях, з'яўляюцца інструментам у чужых руках, заявіла старшыня Беларускага саюза жанчын Мар'яна Шчоткіна ў эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БелТА.
«Заўсёды трэба думаць, навошта ты ідзеш, мэта якая і ці не робіш ты гэта для кагосьці. То-бок цябе выстаўляюць наперад, каб потым проста адсунуць як лішнюю фігуру», — сказала Мар'яна Шчоткіна.
У Беларусі разыгрываецца той жа сцэнар каляровай рэвалюцыі, які быў рэалізаваны ўжо ў шэрагу краін, упэўненая намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Апошні прыклад — Украіна. Успомніце Сірыю, Егіпет, Лівію. Усюды ўсё пачыналася аднолькава. Спачатку фармавалася нейкая пратэстная маса, збіраліся на яе грошы, адкрываліся розныя СМІ, задача якіх была збіраць людзей. Потым ствараўся нейкі інцыдэнт, на які была менавіта жаночая рэакцыя», — сказала яна, дадаўшы, што любая каляровая рэвалюцыя прадугледжвае маніпуляцыю масавай свядомасцю людзей.
Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш» Надзея Лазарэвіч заклікала жанчын успомніць іх асноўнае пакліканне. «Не стаяць на вуліцы і крычаць, а прыйсці дадому і заняцца сваёй сям'ёй і сваім побытам. Гэта асноўная мэта і задача любой жанчыны, не важна, у якой краіне ты жывеш. На жаль, у нас цяпер перавярнулася свядомасць».
Каментары