Штаб Святланы Ціханоўскай: «Вітаем страйк супрацоўнікаў БТ, салідарныя з патрабаваньнямі народу»
«Мы заўсёды верылі, што сярод чыноўнікаў і работнікаў дзяржаўных мэдыяў ёсьць сумленныя і прыстойныя людзі, — паведаміў у прэс-рэлізе штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты на мінулых выбарах. — Мы бачым, што ў іх, як і ў многіх іншых, цяпер праходзіць страх перад сыстэмай, і яны гатовыя гаварыць тое, што яны сапраўды думаюць пра сытуацыю ў краіне. Дзякуй усім журналістам зь дзяржаўных мэдыяў, якія выйшлі і не забаяліся сказаць праўду. Дзякуй супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, гатовым далучыцца да страйку», паведамляе Радыё Свабода.
Паводле штабу, каманда Ціханоўскай і сама кандыдатка «з надзеяй глядзяць на мірныя акцыі на вуліцы гарадоў» і «адчуваюць, што сьцяна пасыпалася». Яны «гатовыя размаўляць з уладамі аб тым, як і калі Лукашэнка сыдзе з пасады кіраўніка дзяржавы». Таксама штаб заклікае ўсе працоўныя калектывы далучыцца да бестэрміновага страйку з патрабаваньнямі вызваленьня палітвязьняў і затрыманых на акцыях, адводу войскаў і АМАП з гарадоў, прыцягненьня да адказнасьці «сілавікоў, вінаватых у катаваньнях і расстрэлах мірных грамадзянаў», правядзеньня перамоваў аб мірнай перадачы ўлады.
Каментары