У сувязі з тым, што праваабаронцам стала вядома, што затрыманы паліттэхнолаг Віталь Шкляраў абвінавачваецца па ч. 1 і арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), праваабарончая супольнасць Беларусі заяўляе аб прызнанні яго палітычным зняволеным, гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Згодна з прад’яўленымі абвінавачваннямі Віталь Шкляраў абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак пры правядзенні пікета па зборы подпісаў ініцыятыўнай групай па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай 29 мая 2020 г. у г. Гродна, і такім чынам ён з’яўляецца чарговым фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».
Пры прыняцці гэтага рашэння праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці ад 1, 9 і 11 чэрвеня 2020 года аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў «справы Ціханоўскага».
На падставе гэтага беларускія праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Віталя Шклярава і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
Палітычны тэхнолаг Віталь Шкляраў з’яўляецца ўраджэнцам Гомеля, жыве ў ЗША. Ён прыехаў у Гомель да бацькоў і быў затрыманы 29 ліпеня, а пасля змешчаны ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Такім чынам у Беларусі ўжо 26 палітвязняў.
Каментары