Як каталонская песня «Муры» стала гімнам беларускага пратэсту
«Разбуры турмы муры» ці «Давай разрушим эту тюрьму» — чуем мы цяпер рэгулярна падчас мітынгаў у беларускіх гарадах. Многія падхопліваюць словы або саму мелодыю без слоў, але ж не ўсе ведаюць гісторыю гэтай песні, піша Стась Раманчук на gazeta.arche.by
Варта высветліць яе падрабязней.
Калі мы гаворым пра тэкст Андрэя Хадановіча «Муры», дык гэта пераклад польскай песні Яцка Качмарскага. Аднак твор польскага барда — гэта не зусім першакрыніца, але і не кавер ці пераклад.
Спачатку была каталонская песня L’Estaca («Слуп»), напісаная ў 1968-ым, у часы дыктатуры Франка, 20-гадовым Льюісам Льякам. Слова «l’estaca» сугучна ў каталанскай мове са словам «дзяржава», і балада расказвае гісторыю старога Сізэта, які натхняе маладога хлопца на змаганне з гэтым «слупом» несвабоды.
Песня гучыць у музычным памеры 6/8 і мае своеасаблівыя мясцовыя матывы ў гучанні.
Праз дзесяць год, у 1978-ым, малады паляк Яцак Качмарскі напісаў сваю песню, «Mury». Уразіўшыся каталонскім арыгіналам, ён стварыў свой сюжэт. Цэнтральнай фігурай новага тэксту з’яўляецца паэт, пясняр. Малады і натхнёны, ён натхняе сваёй песняй натоўп. Узаемаадносіны натоўпу ды песняра тут не менш, а нават больш важныя, чым узаемаадносіны натоўпу ды «сістэмы», уладаў. Падхапіўшы песню ці нават проста ейны матыў («sama melodia bez słów»), натоўп ідзе з ёю супраць сістэмы, забыўшыся на песняра. Герой застаецца сам, не далучаецца да мас і глядзіць на іх з трывогаю. Калі казаць пра музыку, дык у аранжыроўцы Качмарскага захоўваюцца іберыйскія інтанацыі, як, напрыклад, характэрны гітарны «бой».
Песня Качмарскага стала прароцтвам, якое само сябе ажыццяўляе. Праз некалькі гадоў «Mury» сталі лічыцца ледзь не гімнам «Салідарнасці», распачыналі эфіры «Радыё Салідарнасць», выконваліся пратэстоўцамі. Тады Качмарскі ў апошнім паўторы рэфрэна стаў замяняць мінулы час («Patrzył na równy tłumów marsz/ Milczał wsłuchany w kroków huk/ A mury rosły, rosły, rosły») на цяперашні («Patrzy…/ milczy…/ A mury rosną…»). Ствараецца неадназначнасць развязкі: можа гэта ўлады адчайна мацуюць муры, бачачы «równy tłumów marsz», а можа гэта паўстаюць муры паміж апантаным натоўпам ды задуменным, разважлівым паэтам?… Але рэальныя слухачы ўжо ігнаравалі і апошні рэфрэн, і трэці куплет, дзе «śpiewak także był sam», «заплясквалі» далонямі канцоўку, змянялі яе («A murów nie ma, nie ma nie ma…»).
Яцку Качмарскаму такое не падабалася, ён актыўна пратэставаў супраць гэтага.
Польскі бард памёр у 2004-ым годзе. Ужо пасля яго смерці паўстала беларуская версія песні. Тэкст Андрэя Хадановіча — гэта, здавалася б, непасрэдны пераклад з Качмарскага. Аднак сэнс, закладзены палякам, перадаецца тут не цалкам. У Качмарскага «Kto sam, ten nasz największy wróg! A śpiewak także był sam», у той час як у Хадановіча слоў пра «найвялікшага ворага» няма, спявак толькі «сам па сабе», ён не абвяшчаецца натоўпам «найвялікшым ворагам», супрацьпастаўленне яго масам людзей перастае быць такім драматычным, як і развязка сюжэта. У канцы Яцак Качмарскі працягвае апавядаць ад імя сябе-песняра, у той час як у Хадановічавым тэксце ў вусны натоўпу ўкладаецца, што «мур хутка рухне» (а не зноў расце, як у Качмарскага).
Беларуская версія ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча стала вядомай падчас выбараў 2010-га. Запіс гучыць з уласцівай Вайцюшкевічу лірычнай, душэўнай манерай. Але яна падалася некаторым «занадта вальсавай» і «недастаткова маршавай», таму праз некалькі гадоў Андрэй Хадановіч запісаў уласнае выкананне, у якім музычны памер 2/2 і ўжо няма і музычнага намёку на каталонскую першакрыніцу.
Паралельна ў тыя ж гады паўстаў расейскі варыянт — версія гурта «Аркадий Коц». Гэты тэкст у цэлым пераказвае сюжэт песні Льяка, толькі вобраз слупа заменены на турэмныя сцены.
Сёлета на выбарчых сустрэчах у нас гучыць то расейская, то беларуская адаптацыя. У дадатак былі дапісаны яшчэ два куплеты ўжо непасрэдна пра беларускія рэаліі, а аранжыроўка стала рокавай.
Гэта давяршае пакручасты шлях песні Яцка Качмарскага, у выніку якога ці не цалкам страчваецца задума, якую ён укладваў, як вербальна, так і музычна, застаецца толькі «ўтылітарныя», «практычная» функцыя песні.
Цяжка сказаць, што адметна ў гэтай гісторыі найбольш: ці тое, наколькі «пераклад» можа быць не зусім перакладам, ці тое, наколькі сэнс перакладу/адаптацыі можа разыходзіцца з задумай аўтара, ці тое, што ў нас працягваюць пераймаць ад суседзяў — як не ад адных, дык ад другіх…
Што ж будзе далей з гэтай песняй ды ейнымі героямі, з песняром, з натоўпам і з сістэмай?
Даведаемся неўзабаве.
Каментары