Лукашэнка: «Хочаце назіраць за выбарамі — калі ласка, заўтра прыязджайце». Але пры гэтым запрашэння не выслалі

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў заходнім назіральнікам прыехаць у краіну і праводзіць назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі, піша БелТА.
«Хочаце назіраць за выбарамі — калі ласка, заўтра прыязджайце. Мы не супраць. Мы не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, не трэба. Мы ведаем як жыць», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што «часам у заходніх суседзяў і партнёраў у ацэнцы таго, што адбываецца ў Беларусі, прысутнічаюць падвойныя стандарты, асабліва ў перыяд выбараў». «Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненняў…» — сказаў ён.
Лукашэнка прапанаваў еўрапейскім структурам: «У сябе трэба разабрацца. Там праблем больш за ўсё».
«Але, ведаеце, свае праблемы хочацца схаваць за шырмай суседніх нейкіх праблем. Трэба паказаць пальцам на суседзяў і на іншых. Таксама не атрымаецца. Не тыя часы», — лічыць Лукашэнка.
Варта адзначыць, што назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ на выбарах у Беларусі не будзе: яны не атрымалі запрашэння ад беларускіх уладаў.
Каментары