Выкладчыкаў Полацкага ўніверсітэта прымушаюць прыбіраць турбазу. Кіраўніцтва: Гэта па жаданні і ў працоўны час
У Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ёсць вучэбна-навуковая база «Мара» ля возера Чорнае (Полацкі раён). Звычайна там праходзяць практыку студэнты.
«Цяпер вырашылі прыстасаваць гэтую турыстычную базу для таго, как здаваць турыстам у арэнду. Адпаведна, патрэбна прывесці домікі і тэрыторыю да належнага выгляду.
З гэтай мэтай прымусова прыцягнулі выкладчыкаў кафедр, матывуючы гэта тым, што зараз лета, працы няшмат, а грошы яны атрымліваюць, і таму няхай адпрацоўваюць. Кожны, каму не пашчасціла, мусіць адпрацаваць тры дні», — паведамілі «Нашай Ніве».
Некаторыя абураны такім падыходам — прыборка тэрыторыі не ўваходзіць у прафесійныя абавязкі выкладчыкаў.
«Адміністрацыя эканоміць грошы, выкарыстоўваючы прымусовую працу замест таго, каб наняць спецыяльных людзей», — наракаюць людзі.
У Полацкім дзяржуніверсітэце кажуць, што нікога да добраўпарадкавання прымусова не прыцягваюць — ўсё па жаданні.
«Ёсць загад, мы дзейнічаем згодна з ім. Заробак плацяць усім. Добраўпарадкаванне было арганізавана ў выглядзе суботніка, не ў пазарабочы, а ў рабочы час», — пракаментавала прарэктар па вучэбнай частцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Надзея Барэйка.
Яна дадала, што база ля возера будзе здавацца ў арэнду ў тым ліку супрацоўнікам ВНУ.
Каментары