У Італіі дапытаюць прэм'ер-міністра. Яго абвінавачваюць у халатнасці падчас пандэміі каранавіруса
Сваякі памерлых лічаць, што ў Бергама і іншых асноўных эпіцэнтрах успышкі каранавіруса неабходна было ўводзіць каранцін раней, чым гэта зрабілі ўлады.
У чацвер пракуратура горада атрымала 50 юрыдычных скаргаў, пададзеных грамадскай арганізацыяй Noi Denunceremo, у якую ўваходзяць сваякі памерлых.
Яны лічаць, што два гарады ў Ламбардыі — Альца-Ламбарда і Нембра — неабходна было абвяшчаць чырвонымі зонамі адразу пасля выяўлення там успышак каранавіруса.
Гэта першы групавы пазоў у Італіі, звязаны з пандэміяй. У Ламбардыі ва ўладзе знаходзіцца апазіцыйная правая партыя «Ліга поўначы», і шмат хто вінаваціць яе ў нездавальняючай арганізацыі барацьбы з каранавірусам, а не цэнтральны ўрад.
Акрамя прэм'ера, пракуратура дапытае міністра ўнутраных спраў Лучане Ламарджэзе і міністра аховы здароўя Раберта Спэранцы.
Пракуроры хочуць вызначыць, ці ёсць падставы для прад'яўлення абвінавачванняў у злачыннай халатнасці.
Па Еўропе каранавірус пачаў распаўсюджвацца менавіта з Ламбардыі, больш за палову ўсіх смерцяў у Італіі прыпадае на гэты рэгіён.
Каментары