Выбары-20203838

Бабарыка: Альбо мы зробім нашу рэвалюцыю надзеі мірна, без крыві, альбо «Чаўшэску»

Віктар Бабарыка верыць, што яго зарэгіструюць кандыдатам на прэзыдэнта, верыць у сумленныя выбары і сумленны падлік галасоў. Абараняць свае гонар і годнасьць ня будзе — да яго «не прыліпае». Не заклікае на плошчу, але дакладна будзе з народам. Ён за мірную рэвалюцыю надзеі, але ўзгадвае лёс кіраўніка Румыніі Чаўшэску, якога расстралялі пасьля трыбуналу.

Былы банкір даў вялікае інтэрвію «Свабодзе» за некалькі гадзін да таго, як КДК абвясьціў, што супраць былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» заведзеныя крымінальныя справы па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

— Як вы ставіцеся да крымінальнай справы, заведзенай супраць кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек? Ці прапаноўвалі вы дапамогу альбо супрацу групе Сьвятланы Ціханоўскай?

— Мы адназначна лічым, што ніякія правакацыі ў адносінах да людзей, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, недапушчальныя.

Па-другое, людзі ня лічацца вінаватымі, пакуль гэтага не даказаў суд. Мы лічым усіх затрыманых невінаватымі, таму што не было суду і судовага рашэньня.

І па-трэцяе, у межах ужо заяўленай нашай дэклярацыі аб сумленных выбарах мы з радасьцю вітаем ініцыятыву грамадзянскай супольнасьці, якая так і называецца «Сумленныя людзі». Яны ўзялі на сябе місію па падтрымцы людзей, якія нейкім чынам пацярпелі. У іх ёсьць формы, да іх далучылася вялікая колькасьць народу, у тым ліку і прафэсійных адвакатаў. Мы разбудзілі грамадзянскую супольнасьць. Грамадзянская супольнасьць сфармавала сыстэму падтрымкі, і цяпер «Сумленныя людзі» павінны забясьпечыць абаронай усіх пацярпелых.

— Ці зьвязваліся вы з ініцыятыўнай групай Сьвятланы Ціханоўскай, ці прапаноўвалі дапамогу?

— Мы ня зьвязваліся пэрсанальна. Мы публічна заклікалі падтрымаць пацярпелых. З намі зьвязваліся прадстаўнікі штабу Ціханоўскай. Так што сувязь была зь іх боку. Пакуль не было грамадзянскай ініцыятывы, нашы людзі самастойна аказвалі падтрымку (але мы гэта не выпячваем), дапамагалі з адвакатамі. Што змаглі, тое і зрабілі, як змаглі, дапамаглі. Цяпер, спадзяюся, супольнасьць «Сумленныя людзі» нашмат эфэктыўней будзе працаваць.

— Як крымінальная справа супраць Ціханоўскага ўплывае на збор подпісаў іншымі ініцыятыўнымі групамі і на ўвесь выбарчы працэс? Ці былі правакацыі, ціск?

— Безумоўна, адчуваньне «нагнятаньня» жарсьцяў паўплывала на наш настрой. Адной з мэтаў маіх паездак у рэгіёны было менавіта пагаварыць зь людзьмі.

Па-першае, мы займаемся абсалютна законнай справай, ня робім нічога процізаконнага. Мы забясьпечылі ўсіх сябраў ініцыятыўных груп інструкцыямі з правіламі паводзінаў. Мы распрацавалі і давялі ўсім правілы паводзінаў падчас правакацый. То-бок распрацаваны альгарытм дзеяньняў, калі да вас падышлі і пачынаюць правакаваць.

Нашы людзі — самае дарагое, што ў нас ёсьць. Калі яны паверылі ў нашы прынцыпы і ідэі, мы іх павінны берагчы.

Калі ёсьць хоць найменшая пагроза, небясьпека, вялікі натоўп — ахвяруйце подпісамі, адыходзьце ўбок, зьбірайце подпісы ў іншым месцы.

Калі вас правакуюць і не ўдаецца патэлефанаваць у міліцыю — згортвайце пікет, сыходзьце, не ўступайце ў спрэчкі. Далей будзем разьбірацца.

Так, мы заўважаем пільную ўвагу да працы нашых ініцыятыўных груп. Мы заўважаем «прымус да парушэньняў» — не кажу, што гэта сплянавана, але ўсё часьцей і часьцей людзі падыходзяць да зборшчыкаў подпісаў з копіямі дакумэнтаў і просяць падпісацца. Мы ня кажам, што гэта правакацыя, магчыма, гэта ініцыятыва людзей. Але на гэта не ідзём — павінен быць толькі арыгінал дакумэнту. Нашы людзі дакладна ведаюць, як працаваць і што рабіць. Так што пакуль правакацый, канфліктных сытуацый, непаразуменьняў не было.

— Чаму вы не змаглі атрымаць неананімныя сьведчаньні людзей, якія б пацьвердзілі вашую скаргу ў ЦВК наконт ціску, прымусу паставіць подпіс за Аляксандра Лукашэнку?

— Ну, не зусім ананімныя. Так, аўтарства не было. Адзін прыклад мы ўзялі са СМІ, астатнія — зь іншых рэсурсаў. Мы не зьбіраем ананімкі.

Так, мы меркавалі, што ўсё ж такі мы зможам атрымаць дакумэнтальныя пацьверджаньні прымусу, выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу. Але, скажу шчыра, на жаль, мы не атрымалі дакладнай інфармацыі, дзе было б пацьверджана, што Іванова, Пятрова, Сідарава прымушалі падпісвацца за Лукашэнку.

Аднак нам вельмі радасна, што сёньня адзін з нашых лідэраў таксама далучыўся да дэклярацыі пра сумленныя выбары і заявіў, што некаторых звальняюць за тое, што яны не падпісаліся за апазыцыйных кандыдатаў. І мы будзем вельмі рады аказаць любому чалавеку падтрымку. То-бок калі нам скажуць, што чалавека звольнілі за тое, што ён не паставіў подпіс у тым ліку і за Бабарыку, зьвяртайцеся, скардзіцеся — абавязкова будзем разьбірацца.

Я абсалютна перакананы, што перамагае тэзіс «сумленным быць выгадна». Ня проста прыемна, а менавіта выгадна. Мне вельмі падабаецца гісторыя фэльчара зь Ліды: ён за два дні атрымаў фінансавую падтрымку, роўную ягонаму двухгадоваму заробку. Такія прыклады трэба тыражаваць.

Я перакананы, што ў ініцыятывы «Сумленныя людзі» ўсё атрымаецца.

— Некаторыя аналітыкі, і ў прыватнасьці Арцём Шрайбман, пішуць, што ўся лёгіка выбарчай кампаніі падказвае ўладзе, каб вас не рэгістраваць. Ці разглядаеце вы такі варыянт і што зьбіраецеся рабіць?

— У мяне была размова з адным замежным выданьнем, і было такое ж пытаньне. Вось на сёньня ў нас 275 тысяч подпісаў. Не зарэгістраваць мяне будзе немагчыма. Я ня веру, што ўлада настолькі слабая і настолькі баіцца 300 тысяч з 6,8 мільёнаў выбарцаў! Я ня веру ў такую баязьлівасьць, бясьсільле і страх улады.

Тады можна запытацца: дык хто ж намі кіруе, калі 300 тысяч чалавек могуць напалохаць сыстэму, якая фармуецца цягам 26 гадоў? Спалохаліся 300 тысяч, якія яшчэ нават не прагаласавалі? Не, такое немагчыма!

— Гучаць прапановы і ад прэтэндэнтаў, і ад выбарцаў, каб кандыдаты аб’ядналіся. Ці гатовыя вы аб’яднаць свае намаганьні з ініцыятыўнай групай іншага кандыдата? З кім і чаму?

— Я заўсёды за аб’яднаньні. За аб’яднаньні ўзаемавыгадныя і якія (самае галоўнае) вядуць да дасягненьня аднолькавай мэты. Калі аб’яднацца, каб правесьці выбары — гэта я разумею. Калі ў кагосьці ёсьць мэта сарваць выбары — я слаба разумею, на якой глебе мы будзем аб’ядноўвацца. У вас сарваць, у нас правесьці? Калі да нас прыйдуць і кажуць: «Мы хочам зрабіць Беларусь квітнеючай краінай, у нас ёсьць іншае бачаньне», калі мы супадаем у галоўным — у мэце (шляхі могуць быць розныя), — канечне ж, мы заўсёды за аб’яднаньне.

Але да нас пакуль ніхто не зьвяртаўся. І я думаю, што пытаньне аб’яднаньня, напэўна, будзе стаяць толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў.

— Ці ня лічыце вы, што Лукашэнка выкарыстоўвае сваю пасаду для вядзеньня выбарчай кампаніі празь дзяржаўныя СМІ, у той час як Бабарыку там пастаянна паказваюць у кепскім сьвятле? Што вы можаце гэтаму супрацьпаставіць?

— Я дакладна ня памятаю, хто з клясыкаў сказаў такую фразу: «Ваяваць зь непрыстойнымі людзьмі на іх полі і іх зброяй — гэта заўсёды параза». Я ня маю на ўвазе канкрэтныя выпады ў мой адрас, гэта словы клясыка.

Вядома, я засмучаюся, калі бачу людзей, якія апускаюцца да галаслоўных абвінавачаньняў, абразаў, прыніжэньняў. Але калі шчыра — у мяне няма на іх нават злосьці. Мне рэальна іх шкада.

Людзі, якія ня ўмеюць весьці нармальна дыскусію, ня ўмеюць паважаць іншых — яны не паважаюць сябе. Пагадзіцеся: калі вы паважаеце сябе, то складана ўявіць, што вы будзеце неяк па-іншаму ставіцца да таго, хто стаіць побач.

Я паважаю сябе. Я вельмі паважаю людзей, якія падзяляюць мае прынцыпы. Нават калі хтосьці не падзяляе, я заўсёды лічу, што правілы добрага тону не дазваляюць апускацца да абразаў. Быць вышэй — гэта не азначае прыніжаць іншых. Быць вышэй — гэта расьці самому.

Ёсьць дзьве магчымасьці стаць вышэй за кагосьці. Калі ты спрабуеш да свайго ўзроўню некага апусьціць — ад гэтага ты не становісься вышэй. Іншы варыянт — паспрабаваць расьці. Я выбіраю расьці.

— То-бок гонар і годнасьць вы абараняць ня будзеце?

— Гэта па-за мяжой. Я лічу, што да мяне гэта не прыстае. Як у маім дзяцінстве казалі: «Марак дзіцяці не пакрыўдзіць». А тут ён не марак. Дый я не дзіця, канечне. Таму я не лічу, што мяне прыніжаюць ці абражаюць.

— А за што Ганна Канапацкая абрынулася на вас з такой крытыкай?

— Шчыра — ня ведаю. Праўда. Я адказаў ёй так, як адказаў. Я зь ёй наагул ні разу нават не размаўляў у сваім жыцьці. Можа, мы дзесьці перакрыжоўваліся і чымсьці я яе пакрыўдзіў і ня памятаю — я прашу прабачэньня. Але калі гэта не прадыктавана маімі дзеяньнямі — тады пытаньне да яе.

— Ці будзеце замаўляць сацыялягічнае дасьледаваньне перад выбарамі? Яно каштуе каля 8 тысяч даляраў праз Акадэмію навук.

— Мы думалі пра гэта. Але яно каштуе вялікіх грошай, рэальна вялікіх грошай. Наш выбарчы фонд усяго 100 тысяч, і аддаць амаль 10% на апытаньне — гэта занадта.

Другое. Гэтае дасьледаваньне будзе доўжыцца больш за 2 тыдні як мінімум — гэта страта часу.

Трэцяе. Мы так і не адказалі на пытаньне — навошта нам гэта трэба? Гледзячы на мяне, можа, не паверыце, але я былы спартовец. Я дакладна ведаю: калі ты бяжыш наперадзе, любая аглядка, любое адцягваньне ўвагі, няўпэўненасьць — гэта страта сэкунды. Твая задача — выконваць тое, што робіш. У астатнім дапамогуць трэнэры. Калі ты адстаеш, хтосьці скажа: паскорся. Таму мы не зусім разумеем, навошта нам гэта трэба.

І апошняе. Так нас прывучыла сыстэма за 26 гадоў: мы ня ўпэўненыя, што нам гэтае дасьледаваньне будзе прадстаўлена ў тым выглядзе, які рэальна атрыманы. А пагадзіцеся, атрымаць за свае грошы непраўдзівую інфармацыю — гэта верх крыўды.

Таму вырашылі не рабіць.

— Лукашэнка патрабуе, каб РФ зьнізіла цану на газ, бо Беларусь плаціць больш за Нямеччыну. Наколькі слушнае гэтае патрабаваньне? Прэзыдэнт — былы кіраўнік Белгазпрамбанку — таксама патрабаваў бы гэтага ад Газпраму?

— Мая пазыцыя наступная. Ёсьць кантракт, ёсьць падпісаныя дакумэнты, і мы іх павінны выконваць альбо патрабаваць перагляду. Гэта нармальная практыка. Што да перагляду выбарачнага — мне гэта не зусім зразумела.

Калі былі ўсясьветныя цэны па 250, 300, 400 даляраў за тысячу кубамэтраў — ні Расея, ні Беларусь не патрабавалі перагляду нашых тагачасных 170 даляраў. Тады нас гэта задавальняла, і Расея не пыталася, чаму вам так танна прадае, калі Польшча плаціць па 250. Мы маўчалі. Цяпер нам кажуць, што мы купляем даражэй, чым эўрапейцы, і мы пачынаем абурацца, што нам нявыгадна. Але гэта выбарачны перагляд!

Я не кажу, што гэтым ня трэба займацца. Трэба гэтым займацца. Але гэта праца, а ня крыўда. То-бок ніхто нікому ня вінен. Ёсьць кантракт, і яго трэба выконваць.

Цяпер пра іншае. Па колькі ўнутраны спажывец у Беларусі купляе гэты газ? Газпрам прадае Беларусі па 127 даляраў за тысячу кубоў. А канчатковаму спажыўцу па асобных катэгорыях прадаюць па 220. Мы ўнутры Беларусі сваім накручваем 100 даляраў! Гэта нашмат больш, чым 50 даляраў, на якія мы патрабуем зьнізіць кошт ад Газпраму.

Можа, мы тут зараз пашукаем варыянты, як эфэктыўней выкарыстоўваць, каб прадаваць сваім не па 220, а хаця б па 180? Вы верыце, што калі газ стане па 70, то канчатковы спажывец будзе купляць па 220 мінус 50? Я — не. А хто ж тады выйграе? Той, хто неэфэктыўна траціць.

Так, безумоўна, трэба дамагацца эканамічна выгадных умоваў, гэта правільна і добра. Але гэта не абавязаньне, а дамова.

Вось у нас ёсьць паняцьце: трэба працаваць. Мы не спынілі вытворчасьць падчас каранавірусу і ганарымся гэтым. І працягваем вырабляць тое, што ніхто не купляе. Няхай бы хоць у «кавідны» пэрыяд спыніліся! Навошта вырабляем?

— Што азначае ваша фраза пра тое, што вы не гуляеце ў тыя гульні, у якіх няможна выйграць? Што дае вам упэўненасьць, што выбары — гэта такая менавіта гульня?

— Я абсалютна перакананы, што бальшыня з 6,8 мільёна выбарцаў стамілася і разумее, што калі нічога ня рабіць, то будзе толькі горш. Просты прыклад: вы паставілі шклянку вады, і яна стаіць. Яна ня стане больш сьвежай, нават вада псуецца! Гэта, мне здаецца, зразумелі ўжо ўсе.

Другое. Я цалкам перакананы, што сёньняшнія магчымасьці, якія адкрываюцца ў межах тэхналягічных дасягненьняў, дазваляюць зрабіць наш выбар празрыстым. Паказаць, як мы прагаласавалі насамрэч, а ня так, як нам раскажуць.

І трэцяе, самае важнае, і ўсім гэтым рэчам я бачу пацьверджаньне на кожным з этапаў. Мы прыйшлі да гэтага — 10 тысяч подпісаў у дзень. Мы ўжо сабралі і амаль 300 тысяч. І бачым, што ўсе зьдзіўленыя, у тым ліку і ўлада.

У нас былі размовы са спэцыялістамі, якія казалі, што людзі будуць працаваць толькі за грошы, інакш яны будуць працаваць абы-як. Я не магу людзей спыніць! Людзі працуюць так, як яны ніколі не працавалі. Гэта новая Беларусь. Спачатку былі тэарэтычныя разважаньні, але чым далей мы ідзём, тым больш я пераконваюся, што гэта праўда. Досьвед пацьвердзіў нашы тэорыі.

— Але давайце ўявім рэальную карціну: чатыры дні ідзе датэрміновае галасаваньне (што адбываецца са скрынямі па начах — невядома). 93—100 працэнтаў сябраў участковых выбарчых камісій — з праўладных партый, «Белай Русі», БРСМ, ФПБ, настаўнікі. Пра падлік галасоў анэкдоты ходзяць, што назіральнікі бачаць толькі, прабачце, азадкі сябраў камісіі. Ці здолеюць у камісіі трапіць вашы «сумленныя людзі»?

— Канечне, трапяць! Давайце пачнём з таго, што мы настолькі падрабязна апісалі ўвесь працэс, пачынаючы ад канструкцыі урнаў да канчатковага этапу — як лічаць галасы. І мы дакладна сабе ўяўляем, якія варыянты і магчымасьці ёсьць. Гэта ня нашы тэарэтычныя развагі, а досьвед і парады людзей, якія гадамі ўваходзілі ў склад камісій, непасрэдныя выканаўцы, якія ведаюць усё, а цяпер ці то сумленьне прачнулася, ці што яшчэ. Яны проста падрабязна расьпісалі нам усе рызыкі, і мы на кожны этап сфармавалі свой альгарытм дзеяньня.

Што да працы на выбарчых участках. Па-першае, раней ніхто туды добраахвотна не хацеў ісьці, натоўпу ахвотных туды не было. Туды заганялі людзей пад страхам.

А ўявіце крыху іншую сытуацыю, калі паважаныя людзі — дырэктары школ, буйныя прадпрымальнікі, лепшыя людзі сяла прыйдуць і скажуць: «Я хачу быць у камісіі, за мной мая вёска, якая хоча, каб я там быў!» І хто ім адмовіць? Я сумняюся, што ім адмовяць.

Другое. Гэтыя ж людзі саромеліся — ніхто ня хоча быць удзельнікам падману, якімі б запалоханымі яны ні былі. Я ня веру, што сярод 60 тысяч сябраў участковых камісій (6 тысяч участкаў па 10 сябраў) шмат паталягічных падманшчыкаў і нягоднікаў! Яны могуць быць запалоханыя. Але ўнутры яны харошыя людзі.

Так, да іх ставяцца вельмі нэгатыўна. А цяпер уявіце сабе, прыйдзе сусед і скажа: «Мар’я Іванаўна, будзь сумленнай. Мы ў цябе верым. Ад цябе залежыць мая будучыня». А тут вельмі цікавы пасыл. Умоўная Мар’я Іванаўна падумае: «Калі я зраблю сумленна, мяне не пакараюць, а пахваляць. А калі я зраблю несумленна, а іншы сумленна — пераможца мяне пакарае». Любы пераможца пахваліць. Сумленным быць выгадна!

— І ўсё ж памятаем мы лёс Аляксандра Казуліна, памятаем, як паклалі «фэйсам аб асфальт» Уладзімера Някляева — вас гэта не палохае? Ня ходзіце з «трывожным чамаданчыкам», як Павал Севярынец, да прыкладу?

— Я шчыра кажу: вось тут у нас у офісе горача. Можа, у КДБ больш прахалодна? Я б з задавальненьнем усім офісам пераехаў бы туды — не на экскурсію. На працу! Каб нам далі арандаваць там офіс, а ім ня трэба было траціцца на сыстэму кантролю — я б праўда туды паехаў і там бы адкрыта працаваў. Таму што нам рэальна няма чаго хаваць, няма чаго губляць. Мы можам апасацца прамысловага шпіянажу: што нашы ідэі, нашы тэхналёгіі (што і заўважаем) — супернікі бяруць на ўзбраеньне. Сьцяг ім у рукі — гэта не прынцыпова.

Паўтаруся, мы ўсё робім сумленна. А ўявіце іншы варыянт: я маю на ўвазе боязь і слабасьць сыстэмы. Аднак нас, дый ня толькі нас, а і ўвесь сьвет пераконвалі, што, вобразна кажучы, нават дзіця не заплача, калі яму не дадуць дазволу. Усе разумеюць, што, калі нешта адбудзецца, толькі адзіны чалавек можа даць загад, і ён вядомы.

Увесь сьвет разумее, калі нешта адбудзецца з кандыдатамі (вяртаемся да Ціханоўскага) — хто даў на гэта загад.

Няўжо вы думаеце, што ў ХХІ стагодзьдзі, калі мы глябалізуемся, калі мы пабудавалі найстабільнейшую краіну — у нас магчымы гвалт, калі мы ня робім нічога проціпраўнага?

Я ўсім кажу, што я не заклікаю ісьці на плошчу, але дакладна я буду з народам, калі ён туды пойдзе. Мы не зьбіраемся дзейнічаць агрэсіўна.

Але я разумею: каб перамагчы, патрэбна 3,5 мільёна галасоў. Уявіце сабе сытуацыю: тры з паловай мільёны чалавек разумеюць, што іх падманулі. Гэта ня 100 тысяч, ня 200 і нават не 500 тысяч — гэта тры з паловай мільёны чалавек, якія адчуваюць сябе падманутымі.

Што будуць рабіць людзі падманутыя, якія зрабілі свой выбар таму, што яны ня могуць ужо жыць пасьля 26 год кіраваньня ў сьмярдзючых кватэрах, у іх няма грошай, каб пакарміць сваіх дзяцей? (Гэта не мае словы пра галодных дзяцей!) І гэтых людзей, якія ня могуць накарміць дзяцей, хтосьці хоча падмануць?

Мне падаецца, што небясьпека існуе — не баяцца толькі дурні. Але праўда, што тычыцца нашых пікетаў — няма правакацый! Няма. Пры ўсёй напрузе — іх няма. Значыць, мы ўсё робім правільна.

— Але мы пастаянна чуем: «Краіну нікому не аддам».

— Я 20 гадоў быў старшынём праўленьня «Белгазпрамбанку». Я жыву ў вёсцы, у мяне дом адкрыты. У мяне ніколі не было аховы. У маім жыцьці зьмянілася толькі адно: я адважыўся ўдзельнічаць у гэтай гонцы.

Канечне, мы разумеем, што могуць быць іншыя варыянты.

«Краіну нікому не аддам» — але ўжо цяпер няма чым карміць людзей. Ува што я веру і ў чым перакананы: пасьля 11 траўня Беларусь ужо іншая. Беларусі, якая была да 11 траўня, вы ўжо ня ўбачыце. Яна прачнулася.

Альбо мы як эўрапейскія людзі, як самая мірная нацыя, зробім нашу рэвалюцыю надзеі без крыві, як зрабілі ў Чэхіі, у многіх іншых краінах, альбо — я вельмі гэтага не хачу — «Чаўшэску».

Але ў Беларусі шанцаў не зьмяніцца больш не існуе. Пытаньне ў часе. І гэты час — не пяцігодка да наступных выбараў. Я ведаю толькі адно: Беларусь сваю незалежнасьць не аддасьць. Таму мне падаецца, што ў інтарэсах усіх — гэта проста правесьці сумленныя выбары.

Я веру, што ў мяне ці ў маіх прыхільнікаў — больш за тры з паловай мільёны. Давайце гэта праверым на іспыце — вось і ўсё. Проста праверым. Давайце правядзём экзамэн. Навошта забіваць кагосьці, каб правесьці экзамэн?

Я займаю такую пазыцыю: я падаў заяву на «соискание» пэўнай пасады. Мая задача — прадставіць сваю праграму і пераканаць, што я гатовы.

Магчыма, хтосьці лічыць, што не патрэбны мэнэджэр, а патрэбны правадыр. Ёсьць два паняцьці, і я ў гэтым абсалютна перакананы.

Ёсьць лідэр вялікага народу, якому часова далі магчымасьць прадстаўляць інтарэсы гэтага народу. А ёсьць пастух, у якога вартавыя сабакі і ў якога ёсьць авечкі і бараны. Гэта дзьве абсалютна розныя мадэлі паводзінаў.

Дык вось я лічу, што мы — вялікая краіна, якой патрэбны на пэўны час лідэр. Мы ня статак. Калі хтосьці лічыць па-іншаму — давайце спытаемся: мы людзі ці мы статак? Я іду з пасылам да людзей, што ім патрэбны лідэр. А хтосьці ідзе з пасылам, што «вы статак, які хадзіў увесь час пад бізуном».

— А можа, беларусы прывыклі хадзіць пад бізуном?

— Ды няпраўда гэта! Няпраўда. У Янкі Купалы ёсьць адметны верш «Мужык», напісаны ў 1905 годзе.

Галеюць дзеці век бяз хлеба, Падзёрты жончын чаравік, Ня маю грошы на патрэбу, — Бо я мужык, дурны мужык…

Зь дзяцінства я ня мог яго зразумець. Гэты верш дзеліцца на тры часткі: апісаньне гаротнага стану, што я, маўляў, такі зацюканы мужык. Другое: нават у гэтым стане я ўсьведамляю, што я чалавек. І далей трэцяя выснова: што б далей ні працягвалася, я ўсё адно пакіну ў сабе пачуцьцё чалавека. Зь першым я быў згодны, з другім таксама. А вось з трэцім — ніяк!

Ну вось як, усьведамляючы, што ты чалавек, ты мірысься з гэтай сытуацыяй?! Ну немагчыма, трэба як у Гётэ: «Што толькі той жыцьця і волі варт…», ірваць на сабе кашулю, ісьці кудысьці… Вось ня мог я гэтага зразумець! Сур’ёзна! Таму не любіў гэты верш. Думаў: ну як можа клясык Купала так напісаць?

А цяпер я зразумеў, чаму ён клясык. Вось вы казалі — «прывык». Няпраўда! Мы ўсё адно разумеем, што мы людзі. Мы, напэўна, не гатовыя пра гэта заявіць гучна, але разуменьне таго, што «я чалавек», у нас сядзіць, і гэтага вытруціць у нас ня можа ніхто. Зьвярніся да чалавека — і гэта стрэліць!

Каментары38

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях13

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →