«У гэты няпросты час ёсць рэзон трымаць эканоміку на ручным кіраванні, нават нягледзячы на рэкамендацыі і «рэцэпты» міжнародных фінансавых інстытутаў», — піша старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў дакладной запісцы «Аб рашэнні сістэмных праблем эканомікі» на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Дакумент, складзены 30 красавіка, апынуўся ў распараджэнні «Нашай Нівы». Ён быў дасланы ў тэлеграм-канал журналіста Арцёма Гарбацэвіча.

Наталля Качанава ўжо не ўзначальвае Адміністрацыю прэзідэнта, але па-ранейшаму застаецца адным з мазгавых цэнтраў улады.

Наталля Качанава, фота Надзеі Бужан

Наталля Качанава, фота Надзеі Бужан

Чытайце таксама:

Якую ролю ў краіне выконвае Качанава, у чым яе промахі і за што яе палюбіў Лукашэнка?

Гісторыя жыцця Наталлі Качанавай: як валейбалістка з водаканала стала самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі

Качанава робіць пяць прапановаў па тым, як палепшыць эканамічную сітуацыю.

1. Скараціць выдаткі бюджэту. Ідэя ў тым, каб будаваць інфраструктуру і сацыяльныя аб'екты з дапамогай прыватных інвестараў. 

2. Абараніць унутраны рынак і прадухіліць неабгрунтаваны рост цэн. Качанава піша, што Мінгандлю мусіць кропкава стрымліваць рэнтабельнасць і абмяжоўваць гандлёвыя надбаўкі.

Апроч таго, трэба ўсяляк падтрымліваць айчынных вытворцаў — напрыклад, каб дзяржава пры закупках давала прэферэнцыі беларускім кампаніям. Качанава папярэджвае, што ўрад будзе супраць гэтай ідэі, баючыся, што Расія і іншыя краіны ЕАЭС будуць дзейнічаць люстэркава. Але, маўляў, Расія і так не пускае беларускія тавары, таму нічога страшнага, завочна спрачаецца з урадам Качанава

3. Трэба закупіць пабольш сыравіны на чорны дзень, каб гарантаваць харчовую бяспеку. Каб Белкаапсаюз скупляў лішкі ў насельніцтва, можна даць яму недарагія крэдыты.

4. Качанава заўважае, што банкі працуюць з гіганцкімі прыбыткамі, вышэйшымі, чым іншыя сферы. Таму яна прапануе, каб банкі куплялі акцыі прадпрыемстваў і фінансавалі інвестыцыйныя праекты. 

5. Нарэшце, можна спісаць прадпрыемствам курсавыя розніцы. Даляр скача туды-сюды, і гэта б'е па фінансавай справаздачнасці кампаній, якія прыцягнулі замежныя крэдыты. Таму прапануецца дазволіць прадпрыемствам адлюстроўваць курсавыя розніцы, утвораныя ў 2020 годзе, ў справаздачнасці за наступныя перыяды.

Адметна, што перад тым як трапіць на стол Лукашэнку, даклад Качанавай мусіць атрымаць рэзалюцыю Дзяржкантролю. Яго старшыня Леанід Анфімаў даў сваю згоду 8 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?