Народнаму артысту Беларусі легендарнаму салісту оперы Віктару Чарнабаеву сёння спаўняецца 90 гадоў, паведамляе БелТА.
Віктар Чарнабаеў нарадзіўся 16 мая 1930 года ў Новарасійску. Яго бацька працаваў на нарыхтоўцы лесу і часта браў сына з сабой у горы. Хлопчыку падабаліся гэтыя падарожжы, але больш юнага Віктара прыцягвала мора, таму пасля заканчэння школы ён вырашыў паступаць у мараходнае вучылішча. Аднак марам не наканавана было спраўдзіцца: пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям'я была эвакуяваная ў Краснадар.
Пасля вайны пятнаццацігадовы Віктар пайшоў на бляшана-штампавальны завод токарам і адначасова паступіў у вячэрнюю школу, дзе браў удзел у мастацкай самадзейнасці, бо вельмі любіў спяваць.
Скончыўшы сем класаў, Віктар Чарнабаеў паступіў у музычнае вучылішча, а праз год яго накіравалі ў музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі. У 1950 годзе яго прызвалі ў войска і адправілі ў якасці саліста ў Ансамбль песні і танца Маскоўскай вайсковай акругі.
Пасля дэмабілізацыі Віктара Чарнабаева запрасілі ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Тут артыст стварыў мноства разнапланавых вобразаў. Першай яго працай у тэатры была невялікая партыя Варажскага госця ў оперы «Садко». Затым — Даніла ў оперы «Алеся» Яўгена Цікоцкага, Гадлеўскі ў «Ясным досвітку» Аляксея Туранкова, Тарас у «Калючай ружы» Юрыя Семянякі, Мефістофель у «Фаўсце» Шарля Гуно, Дон Базіліа ў «Севільскім цырульніку» Джаакіна Расіні, Кутузаў у «Вайне і міры» Сяргея Пракоф'ева.
Слухаць і бачыць Віктара Чарнабаева ў оперных спектаклях і канцэртных праграмах пашчасціла не аднаму пакаленню аматараў музыкі. Толькі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ён спяваў больш за 50 гадоў — з 1958-га па 2011 год.
З 1964 года Віктар Чарнабаеў носіць званне народнага артыста Беларусі.
За значны ўклад у развіццё беларускага опернага мастацтва ў 2001 годзе Віктар Чарнабаеў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары