Выбары-20202727

«Незадаволены Румасам», «Расіі трэба нагадзіць»… Што думаюць топ-чыноўнікі пра рашэнне Бабарыкі ісці ў прэзідэнты

Электаральная кампанія набывае новыя фарбы з рашэннем банкіра Віктара Бабарыкі ісці ў прэзідэнты. 

«Наша Ніва» апытвала беларускіх наменклатуршчыкаў пра вылучэнне Валерыя Цапкалы, але сёння з'явілася іншая нагода.

Што чыноўнікі думаюць пра рашэнне Бабарыкі ісці ў прэзідэнты? 

Віктар Бабарыка

У гэтай ананімнай выбарцы (людзі не гатовыя да публічнай палітыкі, таму адмаўляюцца гаварыць ад свайго імя) прадстаўлены дзеячы з сілавой, банкаўскай, інфармацыйнай і эканамічнай сферы.

Калі наступны раз вы хацелі б ананімна далучыць свой голас, вы можаце звязацца з аўтарам праз бот яго тэлеграм-канала

«Незадаволены Румасам»

«Ён асоба неардынарная. Як я разумею, унутраная душэўная работа ў ім ішла ўжо не адзін год, асабліва пасля смерці жонкі. І гэта прывяло да ўчынку, які можа нечакана адбіцца на лёсе, ён гэта разумее.

А так усё да гэтага вяло, яго гэтыя нататкі ў блогах і інтэрв'ю… Дык гэта гатовы журналіст-дысідэнт, хаця і банкір. 

У банкіраў увогуле страху менш і рашучасці больш, бо яны — тыя людзі, якія сапраўды разумеюць, як робяцца грошы.

І тут рашучы Бабарыка страшна незадаволены Румасам, які трымае дулю ў кішэні, але робіць так, як скажуць. Ці нават не скажуць, а падумаюць. А Бабарыка іншы, ён даспеў кінуцца матросам на дзот: «Усе баязліўцы і маўчаць, хоць і бачаць бязрадасныя перспектывы і стан рэчаў». 

А што ён звязаны з Масквой… Тут я б у шпіянажы яго не вінаваціў, бо ў нашай сітуацыі кантакты ў Расіі — гэта натуральная рэч». 

«Лепш бы пісаў дакладныя Лукашэнку»

«Яму адназначна прыпішуць расійскі след, хаця я так не лічу. Выглядае, што ўсе яго словы — гэта ўсё шчыра, ён сапраўды так думае. 

А сэнсу балатавання я, праўда, не разумею. Ён не пераможа Лукашэнку, навошта гэта тады? Маніфеставаць такім чынам, што нам трэба рабіць і як развівацца? 

Дык ты ж вядомы банкір, ідзі — пераконвай Нацбанк, урад. Унутры сістэма вельмі дэмакратычная і Лукашэнка дае ўсім магчымасць выказваць свае думкі і спрачацца. 

А што дапамагла змяніць выпучаная апазіцыйнасць? Нічога, добра, калі не нашкодзіла. 

У яго не было ніякіх праблем пазваніць Румасу і выказаць шляхі развіцця, якія ён бачыць, не было праблем пісаць аналітычныя запіскі Лукашэнку. Але колькі ён іх напісаў? Я, па шчырасці, не чуў, каб яны ўвогуле былі». 

«Расіі трэба нагадзіць Лукашэнку. Гаворка не пра перамогу, а менавіта пра «нагадзіць»

Па маім адчуванні, Бабарыка адарваўся ад жыцця, апошнім часам ён не паглыбляўся ў справы банка, стаў такім макраэканамістам, вырашаў глабальныя эканамічныя праблемы.

Газпрам дазваляе весці вельмі кансерватыўную палітыку, перад рэгіянальным банкам не стаіць задача «зарабіць як мага больш», тут задача — «не страціць».

Можа, ён перастаў разумець, што на гару трэба не залятаць, а заходзіць нагамі? Можа, забыў словы Лукашэнкі пра тое, што «трэба вызначыцца, хто вы — бізнэсмены ці палітыкі. Калі пяройдзеце ў палітыкі, то мы будзем гуляць з вамі не па правілах бізнэсу»?

Таму мне цікавыя практычныя рэчы: хто яму прыкрые сраку?

Начальнік службы бяспекі банка? Дык там, па маёй ацэнцы, усё вельмі кепска. І нават калі там яму сказалі: «Віктар Дзмітрыевіч, мы з вамі», — то не факт, што адразу не пабеглі ў органы. 

Калі яго каманда будзе з банка, то мяне гэта расчаруе, я тымі людзьмі не ўражаны. 

Адносна сувязяў з Крамлём. Іх моцна перабольшваюць, хаця быў час, калі Бабарыка трымаў у Белавежскай пушчы арандаваны дом, а туды прылятала кіраўніцтва Газпрама на паляванне, а потым на чарку і «на пратакол». 

Калі гэтыя таварыскія сувязі засталіся, то мо яму і абяцалі падтрымку, але тут таксама цікава — а ці ўсур'ёз абяцалі? 

Мо яго аддалі на закланне, а ён не разумее? Бо Расіі трэба нагадзіць Лукашэнку, гаворка нават не пра перамогу, а менавіта пра «нагадзіць». 

З улікам таго, што пасля ягоных апошніх інтэрв'ю ў Белгазпрамбанк прыехала праверка Нацбанка, то цяпер там акапаецца ўвесь Дзяржкантроль, каб нешта непрыгожае знайсці». 

«На яго пісалі ў Маскву даносы»

«На Бабарыку ў Маскву пісаліся даносы, што ён заігрывае з нацыяналістамі і Алексіевіч. Але там на гэта не звярнулі ўвагі.

Бабарыка — кіраўнік аддзялення буйнога расійскага банка. Калі ён будзе збіраць подпісы, то будзе абапірацца на свой банк, а без згоды акцыянераў такое немагчыма.

Агулам ён мне сімпатычны, але ў сваіх інтэрв'ю часта агучваў расійскі погляд на прыроду беларуска-расійскіх спрэчак». 

«Наменклатура не купіцца»

«Перспектывы пакуль ацаніць цяжка. Яго асабліва блізка не ведаюць, апроч як у банкаўскіх асяродках. А ў банкаўскіх стаўленне апошнім часам паўіранічнае, бо ён высоўваецца, а гэта нейкая такая хіба менталітэту — мы не любім яскравых асоб, на жаль.

Ці падтрымае яго частка наменклатуры? У адрозненне ад украінскай і расійскай, наша наменклатура адарваная ад уласнасці. Гэта ўсё бедныя людзі, без эканамічных інтарэсаў, бізнэс-груповак. 

У нашых склад розуму алгарытмічны: сказана — зроблена. 

І што, яны купяцца на прагрэсіўную праграму Бабарыкі? Я не думаю. 

Наша актыўнае грамадства думае пра ўзаемаадносіны з уладай з трох пазіцый: або ваяваць, або ніяк не ўдзельнічаць, або ісці на дыялог.

Вось прыкра, што людзі з прагрэсіўным парадкам дня ідуць у апазіцыю». 

«Фармальна ў яго кароткі шлях да Пуціна»

«У Бабарыкі ёсць уласныя амбіцыі, ён хоча спрабаваць сябе на больш высокім узроўні, а для Расіі ён зручны і зразумелы партнёр, фармальна ў яго і цяпер кароткі шлях да Пуціна: Акімаў (кіраўнік «Газпрамбанка») — Мілер (кіраўнік Газпрома) — Пуцін. 

Але калі і ёсць нейкія дамоўленасці, то мне, натуральна, пра іх невядома. А публічна Крэмль будзе трымаць нейтралітэт нават пры іх існаванні».

«Бабарыка яўна не дурань»

«Гэта было цалкам прадказальна, бо сваю медыйную кампанію ён пачаў даўно. І Бабарыка яўна не дурань, ён разумее, дзе жыве. Разумее, што не стане Зяленскім, бо ў нас галасы не лічаць. Сто тысяч подпісаў ва ўмовах пандэміі таксама ён не збярэ, значыць, нехта нейкую падтрымку паабяцаў? 

Тут успамінаецца Казулін, які таксама натхніўся абяцанкамі Садоўнічага [рэктар МГУ з 1992 года — «Наша Ніва»], што Расія падтрымае, але што выйшла? Праз выхадку Казуліна, дарэчы, Лукашэнка перастаў давяраць людзям, бо гэта быў ягоны сябар.

Я думаю, што Бабарыку проста не зарэгіструюць. Але калі зарэгіструюць, то гэта будзе цікава. Трэба глядзець, што ён прапануе». 

Каментары27

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →