Меркаванні1313

Марыніч, Казулін, Чыгір: як распраўляліся з былымі топ-чыноўнікамі, якія кінулі выклік Лукашэнку

Валерый Цапкала, былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій, абвясціў пра сваё рашэнне стаць кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Палітычныя аглядальнікі і палітолагі ўсё яшчэ гадаюць, ці Цапкала незалежны кандыдат, ці ўсё ж кандыдат-спойлер. Сам ён толькі дадае сваёй асобе таямнічасці, захоўваючы маўчанне.

«НН» успомніла лёсы іншых топ-чыноўнікаў, якія рызыкавалі кінуць выклік Лукашэнку і паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Міхаіл Марыніч, кіраўнік Мінска, а таксама міністр вонкавых эканамічных сувязяў

Марыніч — выхадзец з БССРаўскай наменклатуры. У пачатку 1980-х ён быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, курыраваў будаўніцтва метро. З развалам СССР і прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі Марыніч упісваецца ў новую сістэму: ён спачатку становіцца паслом Беларусі ў Чэхіі, пасля — міністрам вонкавых эканамічных сувязяў.

Нечуванае для сённяшняга дня: на момант выбараў 2001 года Марыніч быў паслом Беларусі ў Латвіі. Ён заяўляе пра свой намер ісці на выбары, тым самым пакідаючы дыпламатычную і дзяржаўную службу. Стаць кандыдатам яму было так і не дадзена: не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў. Пасля гэтага дапамагаў Уладзіміру Ганчарыку — кандыдату ад апазіцыі.

У 2004 годзе Марыніча арыштавалі па абсурдным абвінавачанні: крадзеж камп’ютараў, якія амерыканскае пасольства перадала грамадскай арганізацыі Марыніча «Прававая ініцыятыва». Само пасольства ніякіх прэтэнзій не мела. У выніку палітык атрымаў пяць гадоў зняволення.

У турме у Марыніча здарыўся інсульт. Датэрмінова выйшаў на волю ў 2006 годзе, але пасля трымаўся ў баку ад палітыкі. Памёр 17 кастрычніка 2014 года.

Леанід Калугін, дырэктар завода халадзільнікаў «Атлант»

І такое сёння ўявіць зусім нерэальна. У 2001 годзе на выбары пайшоў дырэктар завода «Атлант» Леанід Калугін. У лукашэнкаўскай сістэме гэта быў паважаны чалавек, член Савета Рэспублікі — і тут нечакана заява пра прэзідэнцкія амбіцыі.

100 тысяч подпісаў дырэктар сабраць не змог. А ў той самы год, літаральна праз пару месяцаў, Калугін быў узяты пад варту за нясплату міжнароднага крэдыту. Яшчэ праз нейкі час на яго завялі крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Калугіна нават адпраўлялі ў Навінкі, рабілі псіхіятрычную экспертызу. Маўляў, а чаго гэта ён такі праваслаўны? Нават на тэрыторыі «Атланта» пабудаваў царкву. У выніку справу да суда так і не давялі.

Сам жа Калугін пасля вызвалення адмовіўся ад мірскога жыцця. Сёння яму 80 гадоў, жыве ў манастыры пад Дрыбінам. Мае манаскае імя Нікан.

Міхаіл Чыгір, прэм’ер-міністр

Першы прэм’ер-міністр Беларусі за часамі Лукашэнкі. Гучна сышоў у адстаўку напярэдадні рэферэндуму 1996 года аб павелічэнні прэзідэнціх паўнамоцтваў. Пасля гэтага з’ехаў на заробкі ў Маскву.

У Беларусь вярнуўся напярэдадні альтэрнатыўных прэзідэнціх выбараў 1999 года, якія ладзіў Віктар Ганчар. Удзел Чыгіра ў гэтай кампаніі каштаваў і яму асабіста, і членам ягонай сям’і палітычнага пераследу.

30 сакавіка 1999 года Чыгір быў арыштаваны па абвінавачаннях у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі яшчэ ў бытнасць прэм’ер-міністра. Фактычна альтэрнатыўныя выбары былі сарваныя. Чыгір адсядзеў у СІЗА восем месяцаў, а ў 2000-м яму прысудзілі тры гады з адтэрміноўкай.

Два гады ўмоўна атрымала таксама жонка спадара Міхаіла Юлія. Яна была адвакаткай, і падчас аднаго з пасяджэнняў у справе мужа міліцыя не пускала яе ў залу пасяджэнняў. У выніку жанчына ўкусіла праваахоўніка за вуха. Завялі крымінальную справу.

Адзін з сыноў Міхаіла Чыгіра быў вымушаны з’ехаць з краіны яшчэ ў пачатку 2001 года, а другі быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы аўтамабіляў. У выніку Аляксандр Чыгір атрымаў 7 гадоў зняволення, але потым прысуд быў зменшаны. Ён выйшаў на волю у 2004, амаль адразу з’ехаў у Маскву.

У 2001-м Чыгір таксама не сабраў подпісаў, ён працаваў у камандзе Уладзіміра Ганчарыка. У 2002 судовы пераслед Чыгіра працягнуўся, яму далі тры гады з адтэрміноўкай за нясплату падаткаў.

Міхаіл Чыгір — сябра АГП, прымаў актыўны ўдзел у жыцці партыі. Цяпер займаецца развядзеннем пчол.

Аляксандр Казулін, рэктар БДУ

Калі ў 2006 годзе вы ўжо цікавіліся палітыкай, то не можаце не помніць славутае выказванне Казуліна: «Саша, дзе грошы?» Казулін зрабіў імклівую дарогу з аднаго з найбліжэйшых людзей у атачэнні Лукашэнкі да ягонага заклятага ворага.

Ад 1996 года Казулін узначальваў БДУ, ён меў статус міністра. І быў асабліва набліжаны да кіраўніка краіны. Казуліна з пасады рэктара здымалі са скандалам, але да суда справу тады не даводзілі.

Перад выбарамі 2006 года ён узначаліў (чытай, купіў) Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада» і нечакана абвясціў аб намеры вылучацца. У той самы час адзіным кандыдатам ад апазіцыі стаў Аляксандр Мілінкевіч.

Казулін стаў жорсткім крытыкам уладаў, не саромеўся ў выразах. Ён радыкальны і гатовы да сутычак. У адрозненне ад Чыгіра і Марыніча, у яго атрымалася сабраць 100 тысяч подпісаў.

Ужо пасля выбараў, 25 сакавіка 2006 года Казулін павёў людзей да турмы на Акрэсціна, дзе сядзелі затрыманыя ўдзельнікі Плошчы. У выніку былі жорсткія сутычкі са спецназам, сам кандыдат у прэзідэнты быў арыштаваны і асуджаны да 5,5 гадоў за злоснае хуліганства.

Пакаранне адбываў у калоніі «Віцьба». За час зняволення Казуліна памерла ад анкалогіі яго жонка Ірына. На волю палітык выйшаў у жніўні 2008 года. Пасля гэтага спыніў любую палітычную і грамадскую дзейнасць.

Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Троху іншая гісторыя, але вельмі падобная. Скрабец — паспяховы бізнэсовец, ён узначальваў «Бел-Бабаеўскае». Ён добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую сістэму. У 2000-м стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (на выбарах, якія апазіцыя байкатавала).

Тым не менш, за час дэпутацтва Скрабец разам з генералам Валерыем Фраловым (ужо нябожчык) і алімпійскім чэмпіёнам у веславанні Уладзімірам Парфяновічам (жыве і працуе ў Расіі) заснаваў апазіцыйную групу «Рэспубліка». Летам 2004 «рэспубліканцы» праводзяць галадоўку пратэсту, дабіваючыся паправак у выбарчы кодэкс.

У 2005-м Скрабца арыштавалі па справе аб стварэнні злачыннай групы. У турме бізнэсмен неаднаразова трымаў галадоўкі, адна з якіх доўжылася больш за 40 дзён.

З-за кратаў з дапамогай брата стварыў ініцыятыўную групу па вылучэнні сябе кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2006 года. Але яшчэ перад выбарамі быў аператыўна засуджаны да 2,5 гадоў зняволення. На волю выйшаў восенню 2006 года.

Пасля вызвалення Скрабец не цураўся палітыкі, але ягоныя ініцыятывы хутчэй мелі анекдатычны характар, чым сур’ёзны.

***

На выбарах 2010 і 2015 гадоў, памятаючы пра лёс сваіх папярэднікаў, ніхто з выхадцаў з намеклатуры і топ-менеджараў не рызыкнуў удзельнічаць у выбарах. Нельга ж аднесці да гэтага спісу, скажам, былога намесніка міністра замежных спраў Андрэя Саннікава, які на той момант ужо даўно быў у апазіцыі.

Атрымалася пазбегнуць рэпрэсій кіраўніку Федэрацыі прафсаюза Беларусі Уладзіміру Ганчарыку, які стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах 2001 года. Праўда, хутка Ганчарыка скінулі з гэтай пасады. Мінімальны ўдзел у палітычным жыцці краіны Ганчарык прымае па сёння.

Сямён Домаш і Уладзімір Ганчарык.

Ёсць і іншыя прыклады, калі пасля паспяховай выбарчай кампаніі апазіцыйнага палітыка запрасілі ва ўладу. Так Сямён Домаш, які прадстаўляў на выбарах 2001 года інтарэсы патрыятычнай часткі выбарцаў, стаў дырэктарам невялікага гарбарнага завода ў Гродне. Памёр Домаш у 2019 годзе.

Чытай яшчэ: «Здраднік», «хоча падмануць КДБ», «спрабуе вярнуцца ў абойму». Топ-чыноўнікі пра рашэнне Цапкалы кінуць выклік Лукашэнку

Каментары13

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →