«Я буду запасным варыянтам Ціханоўскага». Гомельскі фермер Юрый Ганцэвіч ідзе ў прэзідэнты
Фермер з Гомельшчыны і сябра блогера Ціханоўскага Юрый Ганцэвіч заявіў пра свой намер ісці ў прэзідэнты.
Юрыю 44 гады. У аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна ён трымае сваю аграсядзібу. Пяты год займаецца фермерствам: разводзіць кароў, коз, авец — каля 100 галоў на падворку. Працуе адзін, без наёмных работнікаў.
Летась ён удзельнічаў у парламенцкіх выбарах. Юрый запомніўся пікетам, на які прыгнаў трактар, казу і карову. Тады ж мужчына і стаў блогерам (вядзе ютуб-канал «Народны дэпутат»).
У прэзідэнты збіраецца, каб змагацца з «анархіяй чыноўнікаў».
«Іду, бо чыноўнікі нас не чуюць. Магчыма, я б займаўся іншай справай у гэты перыяд, але паколькі мне не выдзяляюць зямлю, не даюць развівацца, у мяне ёсць вольны час паўдзельнічаць у выбарах», — адзначае фермер.
Кажа, што ёсць надзея, што яго зарэгіструюць.
«На парламенцкіх выбарах не верыў, але ж зарэгістравалі. Збіраецца ініцыятыўная група, каля 100 чалавек ужо ёсць. Гэта не толькі з Гомеля — з усёй Беларусі».
Юрый адзначае, што сваю кандыдатуру выставіў па просьбе блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер знаходзіцца пад вартай.
«У працэсе кампаніі на парламенцкіх выбарах Сяргей Ціханоўскі праяўляў актыўны ўдзел, быў маёй даверанай асобай. Таму я яму давяраю, а ён мне. Мяне шмат хто просіць ісці ў прэзідэнты — сябры, падпісчыкі», — дадае фермер.
З Ціханоўскім ён пазнаёміўся летась.
«Як мой блог пачаў набіраць папулярнасць, ён зняў са мной ролік на полі. У нас з’явіліся агульныя інтарэсы. Сяргей таксама спрабаваў заняцца агратурызмам, яму палкі ў колы ўстаўлялі».
Па словах Юрыя, даверанасць Ціханоўскі паспеў перадаць двум людзям.
«Мы будзем рабіць ініцыятыўныя групы з запасам, каб правакатары не сарвалі нам планы. Я буду запасным варыянтам, бо падпісчыкі Сяргея мяне падтрымліваюць, у нас аднолькавая пазіцыя», — каментуе фермер.
Бюджэт перадвыбарчай кампаніі Юрый яшчэ не планаваў. Лічыць, што затраты будуць невялікія — прынамсі так было падчас парламенцкіх выбараў.
«Думаю, калі будзе магчымасць фінансавая, людзі, якія хочуць бачыць мяне ці Сяргея Ціханоўскага ў прэзідэнтах, дапамогуць», — кажа мужчына.
У яго відэазвароце на шыльдзе змешчаны герб «Пагоня». Пытаемся, чаму такое рашэнне.
«А гэта мне так падпісчык зрабіў. Рэкламшчыкі проста пазванілі, сказалі, калі наш афіцыйны герб зробім, могуць быць праблемы, бо паперы для агітацыі быццам дакументамі лічацца. Падпісчык прапанаваў так. З аднаго боку, дзеля прышпілу, а з іншага, штосьці ж для беларусаў азначае».
«Для вас азначае штосьці?»
«Гэта наш стары герб. Калі я служыў у арміі, я гузікі насіў з ім».
У лютым на канале «Беларусь-1» у праграме «Зона Х» з’явіўся сюжэт, як Юрый набраў у краме тавараў, але разлічыўся толькі за частку, а ў кішэнях хацеў знесці крадзенае. Фермер запэўнівае: гэта мантаж і правакацыя.
«Ні на адным відэа няма моманту, як я краду нешта. У мяне ўсе чэкі ёсць. Я спачатку набраў цэлы кошык будматэрыялаў, разлічыўся, адвёз у машыну, а потым вярнуўся толькі за тросам. А ў кішэні мне хтосьці падкінуў тыя дэталі. Я пагадзіўся разлічыцца і прызнаў віну, каб не адправілі на суткі, бо ў мяне карова нараджаць павінна была, мне не да таго! Нічога б усё роўна не даказалі, хоць Сяргей Ціханоўскі прапаноўваў судзіцца. У выніку далі штраф тры базавыя».
Калі з прэзідэнцтвам не атрымаецца, у Юрыя вялікія планы на гаспадарку. Хоча запусціць рэаліці-шоу.
«У мяне ўсталяваныя 28 камер, якія будуць паказваць усё ў прамых эфірах. Хочам зрабіць такі праект, каб агратурысты прыязджалі і маглі паспрабаваць вясковы быт, а іншыя ацэньвалі, як у іх гэта атрымліваецца. Тыпу «Дом-2», але з жывёламі», — дзеліцца фермер.
Каментары