У блогера Аляксандра Кабанава, які цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Брэсце, медыкі падазраюць каранавірус. Напярэдадні, 9 мая, Аляксандр адчуў недамаганне, у яго паднялася тэмпература. Прыехала хуткая, і пасля агляду яго павезлі ў бальніцу, піша «Брэсцкая газета».
«Учора доўга прымалі рашэнне пакідаць мяне ці не, паколькі тэмпература невысокая і лёгкія адносна чыстыя, дыхаю я нармальна. А ў бальніцу кладуць, як я зразумеў, альбо ў крайніх выпадках, альбо пры сур'ёзных падазрэннях на каранавірус. Урэшце прынялі рашэнне мяне шпіталізаваць. Сказалі, што аналіз крыві дрэнны, спачатку рабілі проста здымак, але на ім было незразумела, сказалі, што трэба КТ», — распавёў Кабанаў.
Паводле яго слоў, спачатку яго паклалі ў агульную палату, але ён нават не паспеў туды зайсці, як яго перавялі ў асобную палату з тэлевізарам, халадзільнікам і ўмывальнікам. Да абеду 10 мая пад дзвярыма дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў масках і ахоўных касцюмах, але, паводле слоў Аляксандра, яны сышлі, калі скончылася акцыя пратэсту ў Брэсце. Мабыць, «ахова» была прыстаўлена на выпадак, калі Кабанаў раптам вырашыць сысці з бальніцы і далучыцца да пратэстоўцаў.
У нядзелю ў яго зноў узялі кроў на аналіз, зрабілі КТ і мазок на каранавірус. Вынік мазка будзе гатовы праз пяць-дзесяць дзён.
Каментары