Якую ролю адыграў ленд-ліз, у часопісе «Наша Гісторыя» піша Андрэй Акушка.
Архіўны матэрыял.
Заходняя дапамога СССР пачалася восенню 1941 года. Ужо ў бітве за Маскву ўдзельнічала заходняя тэхніка. Але масавымі пастаўкі матэрыялаў сталі з 1942-га. І працягваліся яны да самага канца вайны, прадэманстраваўшы незвычайны прыклад доўгага супрацоўніцтва саюзнікаў. Не ў малой ступені гэта здарылася дзякуючы прэзідэнту ЗША Франкліну Дэлана Рузвельту.
«Садовы шланг» Рузвельта
Перад Другой сусветнай вайной у ЗША прынялі некалькі законаў аб нейтралітэце. Яны забаранялі пастаўкі зброі краінам, што ваююць адна з адной. Крытыкі сцвярджалі, што такая палітыка дапамагае агрэсарам. Бо ў іх зброя ёсць, а ў ахвяраў, накшталт захопленай італьянцамі Эфіопіі, няма.
Так думаў і Рузвельт. У 1940 годзе ён пераканаў кангрэс дапамагчы Вялікабрытаніі і аддаць ёй паўсотні эсмінцаў*. У адказ англічане дазволілі будаваць амерыканскія базы на сваіх тэрыторыях у Заходнім паўшар’і. ЗША пагадзіліся прадаваць і зброю, але ў Лондана не хапала грошай. І тады юрысты знайшлі стары закон, які дазваляў даваць тэхніку і матэрыялы ў арэнду.
Прэзідэнт давёў сваю ідэю да грамадзян простымі словамі:
«Уявіце сабе, што ў суседа загарэлася хата, а ў мяне ёсць садовы шланг. Калі ён возьме мой шланг, я дапамагу яму патушыць пажар. Што я раблю? Я не кажу яму: «Сусед, гэты шланг каштаваў мне 15 долараў, і ты павінны заплаціць за яго 15 долараў». Вядома, не. Мне не патрэбныя 15 долараў, мне патрэбна, каб ён вярнуў шланг пасля таго, як пераможа пажар».
Дзве траціны амерыканцаў зразумелі аналогію, і закон аб арэндзе — ленд-лізе — быў прыняты. 11 сакавіка 1941-га Рузвельт падпісаў дакумент, а праз некалькі хвілін першыя караблі са зброяй і іншымі таварамі выйшлі ў Вялікабрытанію і Грэцыю.
Умовы былі такія. За тавары, страчаныя ў вайне, можна было не плаціць. А тую вайсковую тэхніку, што перажыве вайну, трэба было вярнуць. Мірныя тавары можна было не вяртаць, але аплаціць іх пасля перамогі.
Сам тэрмін «ленд-ліз» (lend lease) значыў «даваць пазыку» і «арандаваць».
Пастаўкі ў СССР
У пачатку вайны Савецкі Саюз панёс вялікія страты ў людзях і тэхніцы. Прамысловасць эвакуіравалі на ўсход, а каб наладзіць выпуск прадукцыі наноў, патрэбен быў час. І Вялікабрытанія, і ЗША заявілі, што гатовыя дапамагчы СССР, нягледзячы на страх перад камунізмам, бо нацызм быў яшчэ большай пагрозай.
30 верасня — 1 кастрычніка 1941-га адбылася Маскоўская канферэнцыя. Згодна з яе пратаколам, за 9 месяцаў заходнія саюзнікі абавязаліся паставіць паўтара мільёна тон грузаў. У тым ліку тысячы самалётаў, танкаў, гармат і іншага ўзбраення. Выкананне пратакола кантраляваў асабіста Рузвельт.
Прэзідэнту прыходзілася выкручваць рукі праціўнікам, каб усё працавала добра. Ён нават забараніў абвінавачваць СССР у тым, што атрыманыя па ленд-лізе тавары перапрадаюцца. Дальнабачны Рузвельт лічыў, што Савецкі Саюз — гэта пярэдні край абароны ЗША. Бо Чырвоная армія забівае тых немцаў, якія маглі б забіваць амерыканцаў.
Выгадна для ўсіх
У 1943 годзе Сталін пра ленд-ліз быццам бы сказаў:
«Самыя важныя рэчы ў гэтай вайне — машыны. Злучаныя Штаты даказалі, што могуць выпускаць ад 8 да 10 тысяч самалётаў на месяц. Савецкі Саюз можа выпускаць максімум 3 тысячы самалётаў. Англія робіць ад трох да трох з паловай тысяч на месяц у асноўным цяжкіх бамбавозаў. Такім чынам, Злучаныя Штаты — гэта краіна машын. Без гэтых машын, што пастаўляліся па ленд-лізе, мы не змаглі б стварыць рэзервовыя арміі ці ўвогуле не змаглі б працягваць вайну».
У такім выглядзе гэтую цытату прыводзяць амерыканцы. Магчыма, у рэальнасці Сталін выказаўся інакш. Але Мікіта Хрушчоў пацвярджаў, што савецкі лідар неаднойчы хваліў ленд-ліз.
Выгада тут для Чырвонай арміі была не толькі ў баявой тэхніцы. Па падліках гісторыкаў і эканамістаў, праграма дазволіла вызваліць з прамысловасці 600 тысяч чалавек. Мужчын маладога ці сярэдняга ўзросту, якіх хапала на камплектаванне 10‑12 агульнавайсковых армій! Многія з іх былі людзьмі з тэхнічнай адукацыяй. Іх у Чырвонай арміі не хапала, добры механік ацэньваўся на вагу золата.
Дапамагаў ленд-ліз і ЗША з Вялікабрытаніяй. Ён стаў іх інвестыцыямі ў бяспеку. Кожны танк, самалёт ці літр паліва, які дайшоў да СССР, выкарыстоўваўся супраць немцаў. Пастаўкі вымушалі Германію накіроўваць больш сілаў на ўсход, каб змагацца з Чырвонай арміяй. А значыць, супраць заходніх дзяржаў выкарыстоўвалася менш жаўнераў і тэхнікі. І менш амерыканцаў ці брытанцаў гінула на франтах.
Канец ленд-лізу
Пасля высадкі амерыканцаў і брытанцаў у Нармандыі летам 1944-га і адкрыцця Другога фронту адносіны паміж саюзнікамі сапсаваліся. Пачалася гонка армій з мэтай вызваліць як мага больш еўрапейскіх краін. У Вашынгтоне, Лондане і Маскве разумелі, што той, хто вызваліць тэрыторыю, зможа ўсталяваць на ёй свае парадкі. Чарговыя перамовы зацягваліся, а ў красавіку 1945-га прэзідэнт Рузвельт адышоў на той свет. Яго змяніў прагматычны Гары Трумэн, які не лічыў сябе нічым абавязаным СССР.
Закон пра ленд-ліз павінен быў дзейнічаць да чэрвеня 1946-га. Паколькі пасля капітуляцыі Японіі Другая сусветная вайна скончылася, то ўжо ў верасні 1945-га Трумэн спыніў пастаўкі і запатрабаваў вярнуць тэхніку. Але штосьці савецкія вайскоўцы схавалі. Напрыклад, многія сярэднія танкі «Шэрман» перарабілі ў цягачы. Аддадзенае ж гаспадарам складала невялікі працэнт ад 17,5 мільёнаў тон грузаў, што прыйшлі з-за акіяну.
Сам працэс вяртання часам даходзіў да абсурду. Тэхніку амерыканцы прымалі і адпраўлялі пад прэс. Ім яна не была асабліва патрэбная, але ў той жа час не хацелася і пакідаць яе ў СССР. Пачыналася халодная вайна, і амерыканцы страхаваліся, каб іх жа танкі ці самалёты пасля не былі выкарыстаныя супраць іх. Час паказаў, што перасцярогі былі недарэмнымі. У 1962-м пяць атрыманых па ленд-лізе сухагрузаў «Ліберці» дастаўлялі грузы на Кубу. Былыя амерыканскія караблі дапамагалі галоўнаму ворагу Амерыкі ў Заходнім паўшар’і.
Два міфы пра ленд-ліз
Пра дапамогу СССР ад заходніх саюзнікаў існуе шмат міфаў. Але два з іх самыя жывучыя.
Першы пра тое, што асноўныя пастаўкі ішлі паўночным шляхам — праз парты Архангельска і Мурманска.
На самай справе, з поўначы ішлі менш за 23% паставак. Прыкладна столькі ж было дастаўлена праз Іран, дзеля чаго яго летам 1941-га акупавалі Вялікабрытанія і СССР. Большасць — каля паловы — грузаў трапілі ў Савецкі Саюз праз Ціхі акіян, бо Японія прытрымлівалася дамовы аб нейтралітэце і не чапала савецкія караблі.
Другі папулярны міф кажа, што лендлізаўская тэхніка была састарэлай і малапрыдатнай для ўжывання.
Але гэта лёгка абвергнуць з дапамогай фактаў. Напрыклад, брытанцы хацелі скончыць выпускаць танкі «Валентайн» у 1943-м, і толькі па просьбе СССР іх вытворчасць працягнулі. У выніку Чырвоная армія атрымала амаль палову гэтых машын!
Другі па колькасці збітых у вайну нямецкіх самалётаў савецкі ас Аляксандр Пакрышкін амаль увесь час ваяваў на амерыканскай «Аэракобры». І адмовіўся перасаджвацца на савецкія «Які», бо лічыў іх узбраенне недастатковым.
Хваліў заходнюю тэхніку і танкавы ас Дзмітрый Лаза. Ён камандаваў батальёнам, што выкарыстоўваў амерыканскія «Шэрманы». У мемуарах «Танкіст на іншамарцы» славуты танкіст пацвярджаў, што гэта былі добрыя танкі. Менавіта на іх Лаза з таварышамі першым уварваўся ў Вену вясной 1945-га. І суткі ўтрымліваў цэнтр горада, пакуль не падышла дапамога.
Пад канец вайны большасць славутых «Кацюш» ездзіла на заморскіх грузавіках «Студэбекер». А паміж савецкімі камандзірамі ішла няспынная барацьба за амерыканскія джыпы «Віліс». Як толькі кіроўца пакідаў джып без дагляду, яго мог выкрасці калега з іншага падраздзялення. Там машыну хутка перафарбоўвалі, а на прэтэнзіі былых уладальнікаў адказвалі: «Нічога не ведаем, толькі што атрымалі ад амерыканцаў».
Перамога без ленд-лізу?
Ці мог Савецкі Саюз перамагчы ў вайне без гэтай дапамогі? Хутчэй так, чым не. Але цана перамогі была б вышэйшая, вайна цягнулася б даўжэй.
У 1942-м замежная бронетэхніка складала ўсяго 11% ад агульнай колькасці. У наступным годзе — толькі 9%, а далей лічба стала яшчэ ніжэйшай. За ўсе гады амерыканцы прывезлі 7 тысяч танкаў і яшчэ 5 тысяч дадалі брытанцы. Але адных толькі Т-34 было зроблена ў СССР у разы болей, і па якасці яны не саступалі.
У авіяцыі, праўда, доля замежнай тэхнікі была вышэйшай — каля 20%. Таму 11 тысяч амерыканскіх і 7 тысяч брытанскіх самалётаў лішнімі не былі. Хоць і без іх можна было б абысціся.
А вось з палівам (асабліва з яго якасцю) праблем хапала. Каб забяспечваць армію, дэфіцытныя 2,6 мільёны тон прыйшлося б набываць за грошы — і яшчэ невядома дзе.
Яшчэ горш ішлі справы з аўтамабілямі. Без 427 тысяч «амерыканцаў» працэс вызвалення акупаваных тэрыторый значна замарудзіўся б. Яшчэ пагоршала б і без таго не бліскучае харчаванне ў войсках і тыле. Але ні адзін з гэтых фактараў не выглядае настолькі крытычным, каб сцвярджаць, што без дапамогі Савецкі Саюз зусім не справіўся б.
Гэта пацвярджаюць словы Гары Гопкінса. Галоўны памочнік і дарадца Рузвельта казаў:
«Мы ніколі не лічылі, што наша дапамога па ленд-лізе ёсць галоўным фактарам у савецкай перамозе над Гітлерам на ўсходнім фронце. Яна была дасягнутая дзякуючы гераізму і крыві савецкіх салдат».
Але відавочна, што без ленд-лізу вайна з немцамі зацягнулася б яшчэ на 2‑3 гады. Таму няма сумневаў у тым, што ленд-ліз уратаваў шмат жыццяў.
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
-
Свавольныя беларускія княгіні. Як дачка гарадзенскага князя збегла да дзікуна
-
«Знойдзеная жаночая рука, што намёртва заціснула фрагмент дзіцяці». Як самалёт з беларускім экіпажам пратаранілі ў небе над Украінай
Каментары