Пасля магістратуры цяпер не пойдзеш працаваць на завод — запрацавалі новыя правілы размеркаванняў
Чытачы «Нашай Нівы» з ліку магістрантаў звярнулі ўвагу на ліст, які рассылае па ВНУ Міністэрства адукацыі — у ім ведамства просіць адсправаздачыцца аб размеркаванні — падкрэслена — у інавацыйныя і адукацыйныя сферы.
Гэта што, цяпер нельга пайсці проста працаваць? — пытаюцца магістранты.
Мы спыталі аб гэтым у Сяргея Каспяровіча, чый подпіс стаіць пад дакументам. Ён узначальвае галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі.
Каспяровіча здзіўляе, што для выпускнікоў магістратур гэта стала адкрыццём.
«Раней было два падыходы да ролі магістратуры: практыкаарыентаваная і навуковаарыентаваная.
З гэтага навучальнага года прынцып змяніўся — цяпер адзіная адукацыйная роля з ухілам на навукаарыентаванасць. Мы лічым, што для практычнай дзейнасці паўнавартаснага спецыяліста досыць першай ступені вышэйшай адукацыі, а ў магістратуры мусяць вучыцца тыя, хто ўжо ажыццяўляе нейкі навуковы і творчы пошук.
Таму сфера дзейнасці для выпускнікоў магістратуры павінна быць такой, каб яна задавальняла патрэбы ў навуковай і інавацыйнай дзейнасці. Пра гэта даводзілася ўсім, хто паступаў у магістратуру. Ёсць, праўда, некаторыя спецыяльнасці, дзе засталося практыкаарыентаванае навучанне — яны гэты год давучваюцца па старых правілах», — сказаў Каспяровіч.
Каментары