Грамадства1010

Работнікі сферы паслуг абавязаныя насіць маскі. Галоўныя заявы міністра Караніка на анлайн-брыфінгу

8 красавіка у Нацыянальным прэс-цэнтры адбыўся незвычайны брыфінг — без журналістаў. Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік і два чыноўнікі са сферы медыцыны, у тым ліку Ігар Юркевіч, галоўны доктар 6-й мінскай клінічнай бальніцы, якую паступова перапрафілююць пад дадатковы сталічны інфекцыйны шпіталь, адказалі на пытанні па бягучай сітуацыі. Пытанні яны зачытвалі самі. Падсумаванне брыфінгу зрабіла радыё «Свабода».

Як расказаў міністар Каранік, у 15 будаўнікоў з Расіі, якія знаходзіліся на 14-дзённым каранціне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус.

«У групы расійскіх будаўнікоў на БелАЭС, якія знаходзіліся на каранціне, паўторнае лабараторнае тэставанне дало станоўчы вынік, — казаў Уладзімір Каранік. — Іх шпіталізавалі, праводзіцца паглыбленае абследаванне».

Міністр адзначыў, што ўсе замежнікі праходзяць каранцін і тэсціраванне перад тым, каб быць дапушчанымі да працаў на АЭС.

Яшчэ сёння ўранку Мінздароўя паведамляла ўсяго пра 11 шпіталізаваных на Гродзеншчыне. Мусіць, гэтыя 15 астравецкіх — прайшла інфармацыя, што гэтыя работнікі прыехалі з горада Ніжні Тагіл на Урале — у склад 11-ці не ўваходзяць.

Міністр расказаў, што праверка выявіла: больш за 600 чалавек, якія мусілі быць у самаізаляцыі пасля прыезду з-за мяжы, не засталі дома. Але неяк караць іх не могуць, расказаў міністр. Цяпер «прапрацоўваецца пытанне» пра адміністрацыйную адказнасць за парушэнне самаізаляцыі.

Праваслаўным і каталіцкім грамадам краіны раней ужо накіроўвалі заклікі не цалаваць іконаў, а перад Вялікаднем Міністэрства аховы здароўя «праводзіць кансультацыі» з кіраўнікамі царквы, як цэрквы маюць дзейнічаць.

Раней каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што чакае ад уладаў больш ясных указанняў і заклікаў вернікаў правесці гэты Вялікдзень дома.

Агулам па краіне, адзначыў Каранік, відаць «невялікае перавышэнне» выпадкаў пнеўманій, але за тры месяцы бягучага году ад пнеўманіі памерлі толькі 254 чалавекі, тады як за першы квартал мінулага — 277. Раней міністэрства паведамляла пра 153 памерлых ад пнеўманіі сярод «пралечаных у стацыянарах», але 7 красавіка Лукашэнка назваў іншую лічбу — 254 агулам.

Каранік паўтарыў, што міністэрства не паведамляе пра выпадкі COVID-19 з разбіўкай па раёнах краіны, бо «гэта выклікае нездаровую цікавасць». Цяпер вядомая толькі разбіўка па абласцях, і тая не ад прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, а ад дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Каранік засцярог, што «мы так дойдзем да таго, што нас папросяць паведамляць па вуліцах, дзе пражывае хворы чалавек».

Варта адзначыць, што менавіта такую адкрытасць на ранніх этапах эпідэміі праяўлялі як краіны Азіі (Сінгапур, Паўднёвая Карэя), так і Еўропы (Літва), каб стрымаць распаўсюд эпідэміі. Людзі ведалі пра небяспеку для сябе і абмяжоўвалі кантакты.

На брыфінгу агучылі і пытанне пра наяўнасць імунітэту ад COVID-19 у тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер медыкі даследуюць антыцелы, якія арганізм выпрацоўвае супраць вірусу SARS-CoV-2. Наконт магчымасці паўторнага заражэння «дыскусіі ёсць», пасля слабых формаў хваробы тэарэтычна можа быць і паўторнае заражэнне. Але, адзначыў Каранік, «імунітэт выпрацоўваецца, гэты факт ужо пацверджаны, цяпер дыскусія ідзе толькі наконт ягонай трываласці і тэрміну развіцця».

Таксама пад пытаннем, засцярог Каранік, магчымая мутацыя віруса — цалкам магчыма, што калі-небудзь з'явіцца штам, які імунная сыстэма прапусціць, нягледзячы на імунітэт да SARS-CoV-2.

У найбліжэйшы час у Беларусі плануюць паспрабаваць выкарыстоўваць супраць найбольш цяжкіх формаў каранавіруса ўзбагачаную антыцеламі плазму. Але пакуль ні ў Беларусі, ні ў свеце ня вынайдзена адназначна дзейсных лекаў супраць менавіта гэтага віруса, а толькі супраць асобных сімптомаў; таксама няма вакцын.

Што да дэфіцыту масак і антысептыкаў, Каранік нагадаў, што ажыятажны попыт ёсць ня толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. У Беларусі лёгкая прамысловасць пераладжваецца, мае выйсці на вытворчасць мільёна масак на дзень, на наступным тыдні — два мільёны на дзень, запэўніў міністр, і неўзабаве праблему вырашаць. Таксама частка прадпрыемстваў, у якіх антысептыкі быў не асноўным відам дзейнасці, таксама пачалі выпуск такіх сродкаў.

У Беларусі назіраецца і дэфіцыт парацэтамолу, які дапамагае збіць высокую тэмпэратуру. За апошнія два тыдні яго прадалі столькі, колькі звычайна прадаюць за 14 тыдняў. Каранік засцярог: бескантрольны прыём парацэтамолу можа быць нават шкаднейшым за каранавірус, а прымаць яго без сымптомаў не варта, бо ён не мае прафілактычнага або вітаміннага эфекту, але мае проціпаказанні, магчымыя пабочныя эфекты, а ад перадозу можа пачацца некроз пячонкі.

Нагадаем, што пры каранавірусе тэмпературу рэкамендуюць збіваць парацэтамолам, а не ібупрафенам, бо апошні — медыкі пакуль не ведаюць чаму — часам выклікае небяспечныя абвастрэнні.

Работнікі сферы паслуг абавязаныя насіць маскі. Міністр упершыню сказаў гэта так ясна. 

Заразіцца COVID-19 можна праз паверхні, на якія трапіў вірус ад хворага. Заразіцца можна, калі здаровы чалавек, напрыклад, дакранаецца спачатку да поручня, а пасля да свайго носа, вачэй. Хоць няма адназначных доказаў таго, што каранавірус не можа перадавацца з кватэры ў кватэру праз вентыляцыю, медыкі лічаць гэта вельмі малаймаверным: канцэнтрацыі віруса будуць занадта малымі, і праз вентыляцыю паветра выцягваецца вонкі, а не «зацягваецца» паслядоўна з кватэры ў кватэру.

Нагадаем, што ў красавіку колькасць выяўленых у Беларусі выпадкаў COVID-19 расла з хуткасцю 15—30% за дзень. 8 красавіка ўранку Мінздароўя паведаміла пра 1 066 выяўленых выпадкаў, 13 пацыентаў памерлі.

Каментары10

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў1

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

«ЗША павінны адмовіцца ад змены рэжыму ў Беларусі». Амерыканскі эксперт — пра «мягкую перазагрузку» адносін з Беларуссю42

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

Тарыфы на таксі сталі меншыя: што кажуць кіроўцы і чаго чакаць далей1

Чарга з легкавых машын на польскай мяжы знікла

Фрыдман: Пасля вайны ціск Масквы на Лукашэнку павялічыцца6

Дваіх жыхароў Магілёва затрымалі нібыта за фінансаванне УСУ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў1

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →