Культура44

«Дзе расце дзіванна — без пасагу панна»

Самотная кветка, з якой раней рабілі напоі, мае багаты міфалагічны бэкграўнд, расказвае доктар гісторыі Алесь Белы.

Гарбата з дзіванны. Shutterstock.com, by Madeleine Steinbach

Зевана, Дана ці Дзіванна?

У гарадзенскім маёнтку Каробчыцы ёсць рэстаран «Замак Зеваны». Як вынікае з рэкламы гэтай установы, ён названы ў гонар агульнаславянскай багіні палявання. Прыгожы вітраж з выявай маладой жанчыны аздабляе высокую залу рэстарана. Усё шыкоўна. Адно толькі рэжа вуха гэтае імя. Няўжо сапраўды Зевана? 

Непараўнальна часцей сустракаецца іншае, хоць і падобнае па гучанні імя — Дзіванна. Гэта меркаваная славянская багіня, якую сённяшнія міфолагі рэканструявалі на падставе фальклорных згадак і паведамленняў даўніх польскіх храністаў. Тыя атаясамлівалі Дзіванну з рымскай Дыянай і грэцкай Артэмідай — багінямі палявання. Адтуль і пайшло меркаванне, што славянская Дзіванна таксама была апякункай паляўнічых. Хоць гэта толькі версія, зусім не факт.

З таго, што мы ведаем праз рэлікты гэтага культу ў славянскім свеце, Дзіванна апекавалася лясамі і расліннасцю ўвогуле. Дбала пра жыццёвую сілу і здароўе. Магчыма, асабліва пра жаночае рэпрадуктыўнае здароўе, а адпаведна, і пра каханне. Хоць і гэта толькі гіпатэтычна, бо фальклорныя звесткі, што да нас дайшлі, урыўкавыя і супярэчлівыя. Сучасныя ўкраінскія даследчыкі схіляюцца да меркавання, што галоўнае імя багіні было Дана і што яна была захавальніцай рэк, ручаёў і азёраў. Ад чаго быццам бы і паходзяць назвы кшталту Д[а]няпро, Дон, Дунай, Д[а]нестр. Даволі спрэчнае атаясамленне, якое не пацвярджаецца ні беларускім, ні польскім матэрыялам. 

Але мы толькі падкрэслім, што як апекаванне паляўнічымі не выглядае асноўнай функцыяй багіні, так і варыянт імя Зевана — нетыповы. Пачатковае «з» хутчэй сустракаецца як рускамоўная адаптацыя польскага і беларускага «дз». Абраўшы не самы распаўсюджаны варыянт імені, уладальнікі рэстарана ў Каробчыцах быццам абрэзалі і ўласна беларускія карані, і доўгі шэраг старадаўніх сэнсавых асацыяцый.

А заадно абсеклі міфалагічную сувязь Дзіванны з прыгожай жоўтай кветкай нашых палёў.

Вітраж у «Замку Зеваны» ў Каробчыцах. Фота з сацыяльных сетак

Панна, у якой прасілі здароўя

З даўніх часоў прасочваецца традыцыя атаясамлівання Дзіванны-багіні з аднайменнай раслінай. У антычнасці верылі, што дзіванна адпужвае злых духаў. Адысей ратаваўся ад чараў Цырцэі, спальваючы яе сцёблы. А ў сучаснай Літве існуе звычай запальваць ад іх пахавальныя свечкі, бо сухія сцёблы дзіванны вельмі добра гараць. 

Пра выкарыстанне сцёблаў або лісця «панны» ў якасці кнотаў для свечак або лучыны пісаў ва «Успамінах з Валыні, Палесся і Літвы» пісьменнік ХІХ стагоддзя Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Існуе таксама гіпотэза, быццам вядомы звычай асвячэння і запальвання грамнічных свечак паходзіць яшчэ з паганскіх часоў і мае непасрэднае дачыненне да культу Дзіванны. Маўляў, хрысціянства пазней адмыслова прызначыла на дзень шанавання гэтай багіні ў лютым свята Грамніцы (Стрэчанне), каб замясціць паганскі культ хрысціянскім культам Маці Божай. Цяжка сказаць, ці менавіта так было ў выпадку Грамніц, але сапраўды сляды змагання царквы з культам «багіні-панны» і замяшчэння яго культам Дзевы Марыі ў рэліктах народнай абраднасці праглядаюцца.

Тут я хачу падзякаваць этналінгвістцы Таццяне Валодзінай, якая падзялілася некалькімі этнаграфічнымі запісамі, дзе згадваецца магічная расліна.

Вось, напрыклад, апісанне замовы, зробленае фалькларыстамі ў 1984 годзе ў вёсцы Харомск Столінскага раёна: «Як от бувае дзіця малэе да тако худзенько, то клалі да купалі ёго ў гэтом зіллі, да як ёго купаюць, то кладуць хлеб і грошы, але ўродзе плоцяць і говораць: «Панна Дыванна, прошу вашэй імосці, штоб далі мяса на косці». Тут добра бачна, што выздараўленне чакаецца не так ад ужывання расліны як лекавага сродку, як ад самога звароту да звышнатуральнай існасці «панны-дзіванны».

Запіс з вёскі Смыковічы Акцябрскага (калісьці Рудабельскага) раёна толькі дапаўняе карціну пакланення кветцы-багіні. Жанчына 1929 года нараджэння, Яўгенія Лукашэвіч, распавядае, што яе бабуля хадзіла — апрануўшыся ва ўсё чыстае, у падвязаным белым фартушку, — рваць «нейкую панну». А прыйшоўшы на месца, прыгаворвала: «Панна, панна, я прыйшла цябе не рваць, а ў цябе здароўя прасіць».

Так што культ багіні Дзіванны праз наданне магічных уласцівасцяў аднайменнай расліне быў некалі даволі моцны, калі яго сляды можна сустрэць і сёння.

Дзіванна (лац. Verbascum, вядомая ў нас таксама пад назвай «каравяк») — род высокіх (50—150 см) двухгадовых раслін з жоўтымі кветкамі. Іншыя яе беларускія назвы: «мядзведжае вуха», «панна-дзіванна», дзівена, касмак, лісяк, трава касматая, каўтунічнік, шальнік. Мае моцнае сцябло, пакрытае попельна-белым лямцавым апушэннем. Селіцца пераважна ў неўрадлівых месцах, быццам старанна пазбягаючы канкурэнцыі іншых раслін: на камяністых схілах, у стэпах, на сухіх лугах, на пясках, на ўзбочынах дарог. Адсюль паходзіць даўняя прыказка: «Дзе расце дзіванна — без пасагу панна». Бо дзе расце дзіванна — там нават жыта не вырасце. Фота Shutterstock.com, by Encierro.

Настоі на ўсе выпадкі

Але ў штодзённым жыцці нашых продкаў дзіванна-расліна грала не толькі сімвалічную, але і гаспадарчую ролю. Самае вядомае яе выкарыстанне, якое дайшло і да нашых дзён, — як лекавай гарбаты, радзей настойкі. 

Адвар або спіртавы настой з розных відаў дзіванны — традыцыйныя народныя лекі, вядомыя ў многіх народаў ужо не адну тысячу гадоў. Перш за ўсё імі лячылі кашаль, астму і іншыя захворванні органаў дыхання. Акрамя гэтага, народная медыцына прыпісвае дзіванне ўласцівасць дапамагаць ад хваробаў страўніка, апёкаў і іншых пашкоджанняў скуры.

Пакуль у сярэдзіне ХІХ стагоддзя масава не распаўсюдзіўся чай з Кітая і Індыі, адвар дзіванны быў адным з самых папулярных напояў на землях Беларусі і Літвы. Панна Саламея з сатырычнага апавядання пісьменніка ХІХ стагоддзя Ігнацыя Ходзькі «Самавар» пераконвала свайго бацьку-рэтраграда не адставаць ад моды і перайсці з дзіванны на чай: «Ах! Самавары, папуню, самавар і чай: гэта ж паўсюль п’юць гарбату зранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цветам і дзіваннай душыцца мусім. Папа, далібог мусіш купіць самавар». 

Кветкі дзіванны ўтрымліваюць эфірны алей з мядовым водарам, таму ў яе адвар дадавалі мёд, каб падкрэсліць гэты водар, а таксама рабілі адмысловы «мёд» з цукру і кветак дзіванны. 

Насенне дзіванны і іншых раслін у славутым садзе Юзафа Струмілы ў Вільні. Рэкламная абвестка з газеты «Кур'ер літоўскі», 1832 год.

Пры прыгатаванні адвараў з дзіванны ёсць адна важная асаблівасць. Паколькі ўся расліна густа пакрытая цвёрдым пушком, то настой ці адвар кветак трэба старанна працадзіць праз некалькі пластоў марлі, каб выдаліць драбнюткія валасінкі, здольныя выклікаць раздражненне стрававода і страўніка.

Жывёлы, дарэчы, ведаюць пра гэтую непрыемную ўласцівасць дзіванны, таму яе не ядуць. Магчыма, што ў тым ліку і тое, што жывёлы дзіванну не елі, здаўна ўражвала нашых продкаў і наводзіла на думкі пра магічныя ўласцівасці самотнай расліны.

Ужывалі «панну» і ў народнай касметалогіі. Задоўга да вынаходніцтва сучасных шампуняў дзяўчаты мылі адварам дзіванны валасы — яна асвятляе іх і надае бляск. Паводле адной з гіпотэз, дарэчы, гэты бляск, ды і сам блішчасты выгляд жоўтых кветак у пік летняй спёкі, на які людзі «дзівіліся», і даў дзіванне яе назву: ад індаеўрапейскага кораня *diviti (dei-ṷ-, di-ṷ) — «блішчаць», «свяціцца», «ільсніцца», «дзівіць». 

Вось такі пласт сэнсаў хаваецца за незаўважнай сучаснаму гарадскому чалавеку раслінай. Дзіванна вартая таго, каб трапіць у «раслінны пантэон» Беларусі і стаць нашым знакавым вобразам.

Адвар з дзіванны. Рэцэпт

1 сталовую лыжку сушаных кветак дзіванны заліваем шклянкай кіпню, настойваем ад паўгадзіны. Піць 2 разы на дзень па паўшклянкі, дадаючы мёд.

«Мёд» з дзіванны. Рэцэпт

Свежасарваныя кветкі пластамі перасыпаюць карычневым цукрам. Слоік пакідаюць на некалькі дзён, затым старанна працэджваюць праз некалькі столак марлі. Можна трымаць у халадзільніку каля двух тыдняў.

Каментары4

  • )
    02.06.2024
    цікава. дзякуй 🍀
  • Žvir
    02.06.2024
    Pamiataju hety kviat. Jaho šmat było ŭ łuhach.

    Małymi chadzili z čyhunki da vioski piecham, bo śmiłavicki aŭtobus išoŭ liudzmi napchaty, da plieški, i nas by ŭ im padušyli.

    Piecham, napramki, łuhami, 7 km. toj darohi, atrymlivałasia, alie išli doŭha, bo stolki ŭsiaho cikavaha sustrakałasia, nia bačanaha, novaha, i ja ŭvieś čas adstavaŭ, a ŭsim davodziłasia spyniacca i čakać mianie.

    Heta jašče da škoły było, alie ja pamiataju... Žančyna niesła hetyja kvietki. U bieraściáncy jany byli vyhliadali, jak niby adzin žoŭty puchnaty hrudók. Jana ŭbačyła maju cikaŭnaść i skazała mnie, što heta kvietki, i što jany majuć nazvu "Ilviny zieŭ", i patłumačyła čamu, bo, maŭliaŭ, butončyk hetaj kvietki padobny da pysy ilva, jaki paziachaje...

    Jon i sapraŭdy mieŭ toje padabienstva. A ŭ tym łuzie tych kvietak było cełaje mora.
  • Следствіе вядуць знатакі
    02.06.2024
    Якая к чорту славянская багіня чаго-та там, аксціцесь. І не спецыяліст пачуе, што "Дзіванна" гэта прыстасавана ад "Дзіана", рымская багіня раслін і палявання. Ніякай старажытнасці, не выдумвайце.

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы13

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Камароўскі рынак ператварыўся ў сапраўднае мора ВІДЭА6

Сілавікі ў Брэсце затрымалі дырэктара кампаніі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года

У Мінску з-за патопу закрылі станцыю метро «Парк Чалюскінцаў» ВІДЭА

«У Беларусі маю музыку рэкламавала КДБ, а ў Польшчы — паліцыя». Банцар пракаментаваў сваё затрыманне ў Варшаве8

Літва развярнула на мяжы больш за 20 машын з Беларусі — у тым ліку з грамадзянкай Літвы за рулём4

Амерыканец у 14 гадоў стаў самым маладым футбалістам у гісторыі Амерыканскай футбольнай лігі

«Рыхтуюцца да вайны, а генератары не ў стане купіць». Што расказваюць пра сітуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары3

Зямля ўвайшла ў метэорны паток Персеідаў. Дзе і калі пабачыць гэту незямную прыгажосць?

Прэс-сакратар польскага МЗС пра адносіны з Беларуссю: Чакаем першага рэальнага кроку з беларускага боку8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы13

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →