Апошнія дні ў інтэрнэце актыўна абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што экс-міністр Ігар Шуневіч аказаўся датычны да «цукровай справы».
8 лютага тэлеграм-канал Nexta паведаміў, што Шуневіч, у час кіравання якога і працавала карупцыйная схема па пастаўках цукру, быў дапытаны. Тым больш, сцвярджаюць аўтары канала, ён быў блізкім знаёмым затрыманага фігуранта справы Крыштаповіча. Пакуль, паведамляе Nexta, экс-міністр знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе або нават пад хатнім арыштам.
На тое, што Шуневіч быў блізкі да многіх фігурантаў «цукровай справы», звяртае ўвагу і тэлеграм-канал Harbacevič. Маўляў, затрыманы КДБ намеснік начальніка ГУБАЗіК Уладзімір Ціхіня нават быў даверанай асобай у Шуневіча.
Інфармацыю аб магчымым затрыманні, са спасылкай на сваю крыніцу, апублікаваў учора і Onliner, праўда, не тлумачыцца, у якім статусе праходзіць экс-міністр: падазраванага ці сведкі. Партал таксама звярнуўся па каментар у СК, там адказалі, «што такой інфармацыяй не валодаюць».
Тэлеграм-канал Нязыгар, не маючы крыніц унутры Беларусі, таксама эксплуатуе тэму і звязвае магчымае затрыманне Ігара Шуневіча з тым, што «Лукашэнка паціху зачышчае ўсе прарасійскія элементы ў Беларусі».
Карэспандэнт «Нашай Нівы» з'ездзіў у Дразды-2, дзе жыве Ігар Шуневіч. На званок у дзверы ніхто не адрэагаваў, толькі нечы цень адсунуў фіранку і паглядзеў праз яе ў двор. Ці гэта быў Ігар Шуневіч, ці яго жонка, не было відаць. На паўторныя званкі ў дзверы і па гарадскім тэлефоне таксама ніхто не адказаў.
«Ігар Шуневіч не з'яўляецца фігурантам ніводнай крымінальнай справы, якая на гэты момант знаходзіцца ў працы следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі», — сказаў афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш у панядзелак.
Ігар Шуневіч нарадзіўся ў 1967 ва Украіне (Луганская вобласць). У 1992 скончыў Акадэмію міліцыі МУС Беларусі, служыў у міліцыі. Працаваў у КДБ (2007—2012). У студзені 2012 прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных справаў, у маі таго ж года — міністрам, з пасады сышоў у чэрвені 2019-га.
Каментары