Гісторыя22

Аляксандр Гаравец: лётчык-беларус, які на памяць чытаў аднапалчанам «Тараса на Парнасе»

Пра легендарнага авіятара часоў Другой сусветнай вайны піша вайсковы гісторык Віталь Чырвінскі.

Увечары 6 ліпеня 1943 года ў небе паміж Курскам і Белгарадам адбыўся бой савецкага знішчальніка Ла-5 супраць двух дзясяткаў бамбавікоў Ju-87 (так званых «юнкерсаў»). Гэты бой увайшоў у гісторыю савецкай авіяцыі як самы выніковы за ўсе гады Другой сусветнай вайны. Лётчык 8-й гвардзейскай знішчальнай дывізіі 5-га знішчальнага авіяцыйнага корпуса, намеснік камандзіра эскадрыллі гвардыі лейтэнант Аляксандр Гаравец у адным баі збіў 9 самалётаў праціўніка. 

Маршал авіяцыі Сцяпан Красоўскі, выхадзец з Быхаўскага раёна на Магілёўшчыне, напіша праз гады: «У баявой практыцы савецкіх лётчыкаў адзначана нямала выпадкаў, калі знішчальніку ўдавалася за адзін вылет збіваць па 5—6 варожых самалётаў. Але ж паветраны бой гвардыі лейтэнанта Гараўца па сваёй адвазе, храбрасці і баявым майстэрстве з’яўляецца беспрэцэдэнтным».

Гвардыі лейтэнант Аляксандр Гаравец, які правёў гэты беспрэцэдэнтны бой, таксама быў нашым земляком. Але пра ўсё па парадку.

Курская дуга 

У красавіку 1943 года лінія савецка-германскага фронту, якая ссоўвалася ў заходнім кірунку, на некаторы час спынілася. Канфігурацыя фронту застыла, утварыўшы ў раёне горада Курск вялікі выступ у бок праціўніка (200 км па фронце, 150 км углыбіню). Гэты выступ увайшоў у гісторыю як Курская дуга. На ўсім фронце ўсталявалася стратэгічная паўза, і праціўнікі пачалі рыхтавацца да вырашальнага сутыкнення. 

Схема Антона Чырвінскага.

Нямецкі фюрар Адольф Гітлер ускладаў значныя спадзяванні на вялікае летняе наступленне. Перамога яму была патрэбная як паветра, каб вярнуць стратэгічную ініцыятыву, узняць баявы дух сваіх армій і аднавіць веру ў моц германскай зброі ў сатэлітаў Трэцяга рэйху. Пасля дадатковых мабілізацый колькасць салдат і афіцэраў гітлераўскай арміі дасягнула 5,32 млн чалавек (амаль столькі ж, колькі было ў чэрвені 1941 года перад нападам на Савецкі Саюз). З’явілася новая тэхніка — цяжкі танк «Тыгр», сярэдні танк «Пантэра», самаходная артылерыйская ўстаноўка «Фердынанд». Быў падрыхтаваны план наступальнай аперацыі пад кодавай назвай «Цытадэль». На Курскай дузе планавалася адначасова нанесці два сустрэчныя ўдары на Курск: адзін з раёна Арла на поўдзень, другі — з боку Харкава —Белгарада на поўнач. Пры станоўчым выніку ў нямецкае акружэнне траплялі б войскі адразу двух савецкіх франтоў — Цэнтральнага і Варонежскага. 

Бітва на Курскай дузе пачалася 5 ліпеня 1943 года і працягвалася амаль 50 дзён.

Скончылася яна тым, што, знясіліўшы ўдарныя танкавыя групоўкі праціўніка, савецкія войскі перайшлі ў паспяховае контрнаступленне. Былі разбітыя 30 дывізій праціўніка з 70-ці, знішчана 3 500 самалётаў. 

Менавіта на Курскай дузе завяршыўся карэнны пералом у нямецка-савецкай вайне. Пасля гэтай бітвы гітлераўскія войскі будуць ужо толькі абараняцца і адступаць. 

Храналогія подзвігу

На паўднёвым фасе Курскай дугі на зямлі і ў небе другі дзень запар грымела, дыміла і шугала полымем вырашальная бітва. 

6 ліпеня, на гадзінніку 19.40. Эскадрылля знішчальнікаў пасля выкананага задання па прыкрыцці наземных войскаў Варонежскага фронту вярталася на базу. Аляксандр Гаравец, які ляцеў замыкаючым, заўважыў вялікую групу нямецкіх бамбавікоў Ju-87 і спрабаваў паведаміць пра гэта свайму вядучаму — лейтэнанту Васілю Ракунову. Але сувязь не працавала. Тады беларус вырашыў самастойна атакаваць праціўніка, тым больш што «юнкерсы» на вышыні 2 500 метраў ішлі да фронту без прыкрыцця знішчальнікаў.

Гаравец — удзельнік мастацкай самадзейнасці. 1930 год.

Гаравец атакаваў тады, калі самалёты пачалі перастройвацца для бомбакідання. У першай атацы ён знішчыў флагмана групы. Потым, па-майстэрску манеўруючы, падыходзячы ўсутыч да варожых машын і расстрэльваючы іх кароткімі чэргамі, збіў яшчэ сем пікіроўшчыкаў. Апошні «юнкерс» быў знішчаны таранам — беларус нанёс удар вінтом па хвасце з чорнай свастыкай. 

Вытраціўшы ўвесь боезапас, савецкі лётчык узяў курс на свой аэрадром, але раптам сам быў атакаваны чацвёркай нямецкіх самалётаў-знішчальнікаў Ме-109 («месершмітаў»). Па іншай версіі, гэта былі знішчальнікі FW-190. 

На гадзінніку каля 20.00. Падбіты самалёт беларуса падаў уніз. Перад самай зямлёй машына выйшла з піке, затым, быццам параненая птушка, то задзіраючы нос, то хілячыся на крыло, рэзка дала нырца, амаль пад прамым вуглом урэзаўшыся ў рыхлы чарназём агарода на ўскраіне хутара Зорынскія Двары (цяпер Белгарадская вобласць Расіі).

Да свайго аэрадрома лётчык не дацягнуў усяго 4 км. Далей Курская бітва працягвалася без яго… 

Духоўны допінг па-беларуску

Сваім баявым сябрам Аляксандр Гаравец запомніўся чалавекам упэўненым у сабе, стройным, са светла-русымі завіткамі валасоў і мяккім, добразычлівым позіркам. Гаварыў па-руску з моцным беларускім акцэнтам. 

І для яго не прайшоў дарма вучнёўскі ўдзел у школьнай самадзейнасці. Прытым самадзейнасці не якой-небудзь, а нацыянальна беларускай. Засвоенае тады пасля дэманстравалася і па-за межамі Беларусі, прытым таксама па-беларуску.

Аляксандр Гаравец у 1941 годзе (злева) і перад адпраўкай на фронт (1942 год).

Захаваліся пасляваенныя ўспаміны лётчыка-знішчальніка, намесніка камандзіра 3-й эскадрыллі старшага лейтэнанта Пятра Высочына, які прыгадаў адзін з імправізаваных канцэртаў, што ладзілі лётчыкі ў вольную хвіліну: «Спачатку ён (Гаравец) чытаў нясмела, з аглядкай на тое, ці разумеюць беларускую мову таварышы. І не дзіва. У палку служылі людзі розных нацыянальнасцяў. Акрамя рускіх і ўкраінцаў, тут былі прадстаўнікі іншых народаў… Але неўзабаве Аляксандр, мабыць, адчуў, што беларуская мова ўспрымаецца жыва. І, увайшоўшы ў смак, чытаў нязмушана, лёгка, натхнёна, імкнучыся жэстамі і мімікай бачна перадаць вобразы персанажаў. А чытаў ён на памяць дзіўна сакавітыя, на мой погляд, вершы пра прыгоды «на тым свеце» беларускага селяніна-лесніка. Мне не давялося потым сутыкацца з гэтай паэмай, але да гэтага часу памятаю вясёлыя сцэнкі з баляваннем і скокамі багоў. Некаторыя моманты прасілі паўтарыць. Такія імправізаваныя канцэрты прыкметна ўздымалі наш настрой. Можа быць, цяпер гэта будзе смешна, але пасля такіх вось духоўных допінгаў мы сыходзілі на баявое заданне з падвоенай энергіяй». 

Паэму «Тарас на Парнасе» (а менавіта яе слухаў Пятро Высочын са сваімі баявымі таварышамі) Аляксандр Гаравец добра ведаў яшчэ са школьнай лавы.

Неаднойчы дэкламаваў яе і ў роднай хаце, дзе прымушаў покатам катацца са смеху сваіх родных. То парадзіруючы аднаго з п’яных багоў: «А Зеўс тым часам насцябаўся, што носам чуць зямлю не рыў, — ён вочы плюшчыў і ківаўся ды быццам нешта гаварыў», —то кідаўся ў скокі разам з галоўным героем паэмы: «Як стаў прытаптываць атопкам, аж рот разявілі багі: то ён прысвісне, то прытопне, то шпарка пойдзе у кругі». 

14 гадоў без вестак

На наступны дзень пасля таго славутага бою на загад камандзіраў 88-га знішчальнага авіяцыйнага палка і 8-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі былі створаныя пошукавыя каманды. Але выявіць самалёт Аляксандра Гараўца, а таксама знайсці цела лётчыка ў іх не атрымалася. Абшукалі меркаванае месца гібелі «лавачкіна» і байцы 242-й танкавай брыгады, але акрамя кавалка хваставога апярэння Ла-5 нічога не знайшлі. Зрэшты, займацца гэтым доўга не выпадала: цяжкія баі на тым кірунку прымусілі спыніць пошукі.

20 жніўня 1943 года Аляксандр Гаравец загадам Галоўнага ўпраўлення кадраў быў выключаны са спісаў Чырвонай арміі як зніклы без вестак.

Нягледзячы на гэтую акалічнасць, па хадайніцтве камандавання авіяцыйнага палка, дзе служыў Гаравец, 28 верасня 1943 года «за бяспрыкладны подзвіг, здзейснены ў апошнім баі», яму пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. То-бок ніякіх сумневаў у тым, што ён менавіта загінуў, а не патрапіў у палон, ні ў кога, як выглядае, не было.

Дакумент на ўзнагароджанне Аляксандра Гараўца ордэнам Чырвонага Сцяга. Яго ў лютым 1943 года падпісаў камандзір 166-га знішчальнага авіяцыйнага палка гвардыі маёр Стэфан Рымша, таксама ўраджэнец Віцебшчыны. Ён перажыве свайго земляка Аляксандра Гараўца толькі на два дні. 8 ліпеня 1943 года Рымша сам павядзе эскадрыллю знішчальнікаў на прыкрыццё наземных войскаў і гераічна загіне.

Паўтара дзясятка гадоў сяляне, якім належаў той агарод, куды на іхніх вачах урэзаўся савецкі самалёт, нават не спрабавалі адшукаць яго рэшткі, працягваючы на гэтым месцы штогод саджаць гародніну. 

Толькі ў кастрычніку 1957 года жыхары хутара Зорынскія Двары адкапалі на метровай глыбіні абломкі самалёта, перакуленага кабінай уніз. З цяжкасцю выцягнулі рухавік. «Выцягнулі — і халодныя дрыжыкі прайшлі па целе. Пад маторам ляжалі боты, а ў ботах — быццам абсечаныя галёнкі. Рэшткі цела прыкрывала сатлелая гімнасцёрка з пацямнелымі ордэнам Чырвонага Сцяга і гвардзейскім знакам», — успамінаў мясцовы селянін Сяргей Сяргееў. 

Аляксандр Гаравец. У той жа Курскай бітве загінуў і яго малодшы брат. Маці Амалія Міхайлаўна пасля гэтых трагедый доўга не пажыла, памёршы адразу пасля вайны. Засталіся сёстры Зіна, Ніна, Соф’я, Ліда, Валя і іх бацька Канстанцін Іванавіч.

Разам з парэшткамі адважнага лётчыка сяляне знайшлі пісталет ТТ з патронамі, планшэт з картаю, выцвілую фотакартку, палявую ашчадную кніжку, бартавы журнал, пасведчанне асобы і лісты. У нагруднай кішэні гімнасцёркі выявілі партыйны білет на імя Гараўца Аляксандра Канстанцінавіча. Таксама паднялі на паверхню пагнутыя гарматы і кулямёты без боепрыпасаў. Ліхтар кабіны (шкляны купал) быў адкрыты. Магчыма, лётчык спрабаваў выскачыць з парашутам, але перабітыя стропы не ўтрымалі купала, які вырваўся з кабіны.

Ці можна паставіць подзвіг пад сумнеў?

Некаторыя сучасныя даследчыкі аспрэчваюць колькасць самалётаў Люфтвафэ, збітых у апісаным баі. Трэба сказаць, што аргументы ў іх дастаткова важкія.

Бо ў той дзень, 6 ліпеня 1943 года, лётчыкі 8-й гвардзейскай знішчальнай авіядывізіі, дзе служыў лейтэнант Гаравец, заявілі аб знішчэнні 18 варожых «юнкерсаў», што і было адзначана ў баявых данясеннях (аднак гэта без уліку 9 збітых самалётаў, якія потым прыпісалі Гараўцу). У той жа час, паводле нямецкіх дадзеных, 4-ы паветраны флот, які дзейнічаў у гэтым раёне, за дзень увогуле страціў толькі 10 самалётаў Ju-87. 

Дзе праўда і каму верыць? Упэўнена можна казаць толькі пра тое, што няроўны паветраны бой адзінокага савецкага самалёта быў — гэта неаспрэчны факт. Бо нябесную баталію назіралі з зямлі сотні байцоў і камандзіраў Варонежскага фронту, а таксама жыхары мясцовых вёсак. Захаваліся іх успаміны.

На зямлю побач з траншэямі і акопамі нашых войскаў сыпаліся адзін за адным падбітыя нямецкія «штукі», а колькі іх было насамрэч у той вечар — 9, 8 або 7, — не так ужо і істотна, сам факт подзвігу беларуса тут відавочны. 

Каментары2

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →