Вашы лёгкія маюць амаль чароўную здольнасць вылечваць канцэрагенныя мутацыі, выкліканыя курэннем, заявілі навукоўцы. Але толькі ў тым выпадку, калі вы кінулі курыць, піша bbc.com.
Лічылася, што мутацыі, якія выклікаюць рак лёгкіх, назаўжды застаюцца нават у былых курцоў, што не кранаюцца цыгарэт.
Аднак нечаканыя вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Nature, сведчаць пра тое, што тыя нешматлікія клеткі, якія засталіся непашкоджанымі, здольныя аднавіць лёгкія.
Гэты эфект назіраўся нават у пацыентаў, што выкурвалі пачак цыгарэт у дзень на працягу 40 гадоў, перш чым кінуць.
Хімічныя элементы, якія ўтрымліваюцца ў тытуні, руйнуюць ДНК клетак лёгкіх, якая ў выніку муціруе, павольна ператвараючы іх са здаровых у канцэрагенныя.
Даследаванні паказалі, што гэта адбываецца ў лёгкіх курца яшчэ да ўзнікнення раку.
Большасць клетак, узятых з дыхальных шляхоў курцоў, мутавалі пад уздзеяннем тытуню. Такія клеткі ўтрымліваюць да 10 тысяч генетычных змяненняў.
«Гэта як бомбы запаволенага дзеяння, якія чакаюць наступнага ўдару, каб з'явіўся рак», — кажа доктар Кейт Гаўэрс, даследчык універсітэцкага каледжа Лондана (UCL).
Але невялікая частка клетак застаецца непашкоджанай.
Незразумела, як гэтыя клеткі пазбягаюць генетычных мутацый, выкліканых курэннем. Даследчыкі кажуць, што яны нібы «існуюць у ядзерным бункеры».
Але калі курэц адмаўляецца ад курэння, то менавіта гэтыя клеткі пачынаюць расці і замяняць пашкоджаныя клеткі ў лёгкіх.
У тых, хто адмовіўся ад курэння, да 40% клетак у лёгкіх могуць выглядаць роўна гэтак жа, як у людзей, што ніколі не курылі.
Выдатныя прыклады — гэта пацыенты, якія кідалі пасля 40 гадоў курэння, і ў іх пачыналася рэгенерацыя клетак, якія ніяк не былі пашкоджаныя тытунём.
Навукоўцам яшчэ трэба будзе зразумець, у якой меры лёгкія былых курцоў здольныя аднаўляцца.
Даследаванне было засяроджана на асноўных дыхальных шляхах і не вывучала, у прыватнасці, альвеолы — мікраскапічныя лёгачныя структуры, якія ўдзельнічаюць у працэсе спажывання арганізмам кіслароду.
Паводле даследаванняў, людзі, што кідаюць курыць, ужо з першага дня без тытуню зніжаюць рызыку захварэць на рак лёгкіх.
Каментары