Грамадства1616

Падлеткавы гвалт сыходзіць з вуліц, затое адбываецца рамантызацыя забойства ў школе — эксперт

Падпалкоўнік Алег Максімаў — намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх МУС.

Нядаўна Максімаў выступіў на сайце МУС з артыкулам «Прывітанне, ёсць флэт», у якім на прыкладзе адной трагічнай «упіскі» ў даволі павучальным тоне расказвалася аб шкодзе флэтаў. 

Чытайце: У Мінску ўдзельніка флэта шпіталізавалі з пераломам чэрапа і разрывам печані: міліцыя выказала занепакоенасць

«Наша Ніва»: У сваёй крытыцы флэтаў вы прыводзіце адзін гратэскны выпадак — вы толькі на яго абапіраецеся? І як менавіта міліцыя збіраецца ваяваць з флэтамі?

Максімаў: Іншыя выпадкі ёсць, але ваяваць мы не збіраемся.

Вось літаральна на днях моладзь разнесла кватэру ў Лідзе — добра, што там ні гаспадары, ні суседзі не сталі пісаць заяву і што нікому на галаву не ўпала тое, што яны выкідалі. А чаму яны так сябе паводзілі? Ну няма культуры, відаць, захацелі выйсці з рамак дазволенага.

Чытайце: Ламалі мэблю, білі люстры, выкідалі рэчы з акна. У Лідзе моладзь так святкавала Новы год, што разграміла кватэру сяброўкі

І ў гэтым выступленні я не хацеў крытыкаваць флэты і ўпіскі, а расказаць шырокай аўдыторыі, што гэта такое, і на прыкладзе патлумачыць, да чаго гэта можа прывесці. Хутчэй бацькам, чым моладзі, бо моладзь разумее і так.

Вядома, не абавязкова з чалавекам на «ўпісцы» здарыцца нешта кепскае — моладзь заўсёды шукала новых знаёмстваў, а напіцца можна і аднаму, але сэнс у тым, што ў кампаніі незнаёмых людзей з’яўляецца рызыка і нейкіх сварак, і пашкоджання маёмасці, і нейкіх непажаданых сэксуальных кантактаў.

Ну і, як правіла, тых, хто перапіў на такіх сустрэчах, фоткаюць у самым ідыятычным выглядзе і выкладваюць потым гэта ў інтэрнэт.

Словам, мэта — патлумачыць рызыкі, а не забараніць.

«Наша Ніва»: Добра. Раскажыце, а якая цяпер увогуле падлеткавая злачыннасць?

Максімаў: Некалькі ранейшых гадоў, з 2016-га, яна зніжалася. Але вось летась павысілася на 5%. У абсалютных лічбах гэта 1749 злачынстваў у 2019-м супраць 1665 — у 2018-м.

Затое колькасць падлеткаў, якія гэтыя злачынствы ўчынілі, меншая: 1507 чалавек летась і 1544 пазалетась.

Цікава, што ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях росту няма.

Але мы чакаем, што магчымы нейкі рост надалей, бо дэмаграфічна павялічваецца колькасць дзяцей, якім спаўняецца 14 гадоў.

Адміністратыўных парушэнняў — 17 тысяч, іх колькасць змяншаецца.

Па структуры справа такая: большасць — гэта маёмасныя злачынствы, 762 «класічныя» крадзяжы. А таксама ў тры разы скокнулі крадзяжы з выкарыстаннем тэхнікі.

Потым ідуць хуліганствы, наркотыкі…

Вядома, троху структура мяняецца, бо ў 90-я нюхалі клей, актыўна хуліганілі. Цяпер гэта не так часта сустракаецца. Хаця ў сталіцы адно, а ў сельскай мясцовасці — як быццам бы пачатак 2000-х.

Аналізуючы, да аднаго партрэта злачынцы не прыйдзеш, бо вельмі ўсё рознае.

Крадуць і багатыя, і бедныя. І калі ў сям’і ёсць грошы, дзіця можа іх папрасіць, усё мае, то з яго боку любое маёмаснае злачынства выглядае абсурдна. Недзе нават даходзіць да невытлумачальнай паталагічнай маніі красці.

А дзеці з небагатых сем’яў крадуць тое, чаго ў іх няма, часцей за ўсё новую тэхніку. Тут іх матывы калі нельга апраўдаць, то хаця б можна зразумець.

І гэтым зладзеям як быццам бы шчасціць на магчымасці: недзе перад ім на касе грошы пакінуць, недзе з адкрытай сумкай стануць побач, недзе машыну не замкнуць, недзе ручку ў пад’ездзе пацягне — а кватэра адкрытая.

Было такое, што мужчына машыну прадаў, грошы — у барсетку, зайшоў дадому на хвіліну схадзіць у туалет, барсетку кінуў на шафу ў калідоры.

І вось проста ў гэты момант па лесвіцы спускаўся падлетак, пацягнуў ручку, зрабіў у кватэру літаральна крок і забраў барсетку з грашыма. Пару секундаў гэта заняло.

Гэта гаворка пра хлопца, якому 13 гадоў! Ён некалькі такіх крадзяжоў зрабіў, у агульнай суме больш за 10 тысяч даляраў накраў. Калі яго злавілі, я сам пытаўся: «Ну куды ты за два тыдні іх патраціў?» Аказваецца, на жуйкі, туды-сюды, палову раёна ў «Макдональдс» звадзіў, шырокая душа.

Пасля крадзяжоў — хуліганствы. Як правіла гэта псаванне маёмасці: пад’езды разносяць, платы ламаюць, вокны б’юць, машыны. Матывацыя — «з хуліганскіх памкненняў». Фраза сухая, незразумелая, але так яно і ёсць. Бо калі пытаешся «Навошта ламаў?», то чуеш адказы: «А я не ведаю, як так атрымалася», «А я не хацеў»…

Часцей за ўсё за гэтым хаваецца нейкі выклік сабе: маўляў, мне хопіць сілы гэта зламаць, мне нічога не будзе за гэта. Ці выкід негатыўных эмоцый пасля сваркі з дзяўчынай, напрыклад.

Падобная матывацыя з шэрагу «раблю, бо магу» бывае ў юных хакераў, якія сябе спрабуюць на ўзломе, напрыклад, сайтаў універсітэтаў — было такое. Нешта там узламаюць, пару сказаў ад сябе на сайце напішуць. Матэрыяльнай карысці — ніякай. Але злачынства.

«Наша Ніва»: А бойкі? Нядаўна вось было гучнае відэа з Мазыра, дзе пабіліся школьніцы.

Максімаў: Ведаеце, гвалт паціху з вуліц сыходзіць, бо самі дзеці сыходзяць з вуліц у анлайн і гаджэты. Я вось нават не прыгадваю ўжо і такіх з’яў, як «сценка на сценку».

Але так, дзеці перыядычна б’юцца аж да таго, што трэба заводзіць справы.

Я лічу, задача прафілактыкі не толькі для міліцыі — мы працуем перадусім з тымі, хто ўжо нешта зрабіў і трапіў у поле зроку. Гэта задача тых, хто бачыць дзіця кожны дзень, — бацькоў, настаўніка. Трэба тлумачыць, што біць людзей — гэта кепска, непрыгожа, можа прывесці да непрыемнасцяў. Прапанаваць дзецям іншыя варыянты развязвання праблем, рэакцый на абразы і гэтак далей.

«Наша Ніва»: За апошнія гады было некалькі гучных забойстваў, у прыватнасці ў школах. У чым прычыны?

Максімаў: Гэтым пераважна займаецца Следчы камітэт, я не бачыў матэрыялаў спраў і не вазьмуся меркаваць аб прычынах.

Але з адчування скажу так: з’ява нарадзілася не ў Беларусі, забойства настаўніка ці аднакласніка як спосаб вырашэння праблемы прыйшло з ЗША, і там гэтая праблема паслядоўнікаў Калумбайна вельмі вострая.

І я б сказаў, што цяпер адбываецца нейкая рамантызацыя забойства: нехта нешта зробіць гучнае — увесь свет пра гэта гаворыць і паказвае з падрабязнасцямі. Гэта становіцца нейкім варыянтам у сцэнары паводзін. Калі раней нават падумаць нельга было, каб забіць настаўніка!

Хаця заўсёды былі людзі з напружанымі адносінамі, але максімум — гэта нейкія дробныя шкодніцтвы ці абразы. Ды часцей за ўсё яшчэ і за спінай, а не ў вочы.

Часам кажуць таксама пра шкоду камп’ютарных гульняў, але я не думаю, што дзіця нагуляецца і пойдзе забіваць. Я лічу, што горш, калі дзіця па тэлевізары бачыць жорсткасць і забойствы. Не толькі забойствы, а ў прынцыпе злачынствы.

Калі падлетак такое глядзіць, то ў мяне вялікае пытанне да бацькоў: як сфарміруецца асоба дзіцяці, якое бачыць забойствы, крадзяжы, крыкі і бойкі як мадэлі паводзін дарослых? Гэта не можа не пакінуць след.

«Наша Ніва»: Як бацькі рэагуюць на тое, што прыйшла міліцыя?

Максімаў: Прыемна не бывае нікому, гэта ясна. Бываюць фаталісты: «Ну вось, так мы і думалі, што некуды ўлезе». Яны ўжо самі назіралі дзіўную адхіленасць ці канфліктнасць сына і чакалі нечага такога. Бываюць і істэрыкі: маўляў, калі міліцыя злавіла, то гэта вы кепскія, а маё дзіця — самае лепшае. Але ў нас устаноўка на работу такая, што там, дзе можна абысціся папярэджаннем, трэба ім абыходзіцца і не ламаць лёсаў. 

«Наша Ніва»: Сэксуальных маньякаў сярод падлеткаў не бывае?

Максімаў: Я не памятаю. У нас за той год было 16 выпадкаў сэксуальных злачынстваў, але маньякаў сярод іх няма. Непаўналетнія самі часцей становяцца ахвярамі.

«Наша Ніва»: Ці лічыце вы справядлівым, калі 15-гадовы атрымлівае 11 год турмы?

Максімаў: «Наркатычных» спраў у нас было летась сто. Адносна пакарання… Трэба думаць.

Некалі жорсткасць была неабходная, каб збіць вал нарказлачынстваў, сёння гэта ўжо трэба перагледзець. Чаму яму даюць 10—15 год? Ён, хутчэй за ўсё, яшчэ не злачынца, найперш ён падлетак.

Пасадзіць у турму — гэта не самамэта. Калі яго ўцягнулі, ён не ацаніў рызыкі, адразу ж злавілі… То тыя 10 год — гэта вялізнае выпрабаванне, ягоная асоба і псіхіка толькі фарміруецца. Якім ён выйдзе? З якой псіхікай, свядомасцю і каштоўнасцямі? З якім стаўленнем да рэчаў? Падлетак жа з атрыманнем пакарання не мусіць быць страчаным для грамадства, яго жыццё толькі пачынаецца.

«Наша Ніва»: Якая роля дзяўчатак у злачынствах?

Максімаў: Дзясятая частка, як правіла. У асноўным — маёмасныя злачынствы. Вельмі часта — у кампаніі з хлопцамі, часцей за ўсё — сведкі іх учынкаў.

З таго, што мяне ўразіла, успомню такое: 11-гадовая лэдзі выходзіла з пад’езда, і дзед-сусед папрасіў яе дапамагчы. Ён захлопнуў дзверы, але была адчыненая фрамуга. Папрасіў яе залезці і адчыніць яму дзверы. Ну добра, ніякіх праблем. Як ён потым расказваў, нічога нават не заўважыў! Падсадзіў яе, пакуль дайшоў да кватэры, яна яму тут жа і адамкнула. А ў рэальнасці за тую хвіліну яна ў адным з пакояў знайшла яго зберажэнні, адлічыла тысячу даляраў і забрала. Як паспела знайсці?

«Наша Ніва»: Нават на прыкладах сем’яў асобных міліцыянераў мы бачым, што ніхто не застрахаваны ад дурасцяў дзяцей. Можа, ёсць нейкія ўніверсальныя парады па выхаванні?

Максімаў: Нельга сказаць, што калі сям’я добрая, то дзіця нічога не зробіць кепскага. Канечне, больш шансаў на злачынства ў дзіцяці, чыім жыццём не цікавяцца, праблем не чуюць, не кантралююць.

Але што я для сябе вывеў — трэба ведаць, з кім сябруе вашае дзіця і як бавіць час. Пазнаёмцеся з яго сябрамі і лепш — з бацькамі сяброў, каб утварылася нейкая супольнасць.

Трэба ведаць, чым жыве падлетак, каб ён не баяўся расказваць вам свае таямніцы, і трэба насцярожвацца, калі ён замыкаецца.

Але татальны кантроль… Напэўна, не. Нельга ўвесь час кантраляваць, бо з боку сына будзе поўны сабатаж гэтага кантролю, моцны пратэст і падман.

Лепш, каб склалася такая сітуацыя, калі не вы кантралюеце дзіця, а яно само вам паведамляе аб сваіх планах.

Ну і патрэбныя моцныя традыцыі і каштоўнасці ў сям’і. Калі каштоўнасць — паесці і паспаць, то некалі гэта стрэліць.

А дзіця з моцным стрыжнем, калі яго закласці, зможа адрозніць кепскую кампанію ад добрай і само.

«Наша Ніва»: Якія выпадкі вас найбольш уразілі?

Максімаў: Летась у Гарадку два хлопцы ўлезлі ў машыну бацькі аднаго з іх, без ведама, натуральна. Каталіся, разбілі — урэзаліся бокам, пашкодзілі дзверы. Што рабіць? Успомнілі, што ў аднасяльчаніна такая ж машына, але іншага колеру. Вырашылі дзверы скруціць, перафарбаваць і памяняць месцамі. Ключы ад «іх» машыны падышлі да машыны таго мужыка. Яны яе скралі, зноў паехалі катацца і зноў з’ехалі ў кювет. Але мэта ж была — дзверы. Яны неяк іх скруцілі і прыцягнулі дадому, але сусед ужо заявіў аб крадзяжы.

Ну і вы чулі, напэўна, як падлеткі запхнулі ў машыну жанчыну на BMW X6, вывезлі за горад і адабралі грошы?

Быў яшчэ такі нахабны хлопец у Магілёве, які за пару дзён учыніў 30 злачынстваў — прасіў чужую сімку, каб «праверыць тэлефон», і неяк там адтуль пераводзіў грошы.

А калі самае абсурднае, дык адзін мінскі школьнік ці то падгледзеў, ці то неяк скраў пароль сябра ад «Укантакце», зайшоў на яго старонку і памяняў статус. Карысці — ніякай, для чаго — не зразумела. Але гэта лічыцца злачынствам, за якое ёсць адказнасць.

Каментары16

«За выходныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

«За выходныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях19

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За выходныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

«За выходныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Галоўнае
Усе навіны →