Рада дырэктараў амерыканскай кампаніі «Боінг» звольніла выканаўчага дырэктара Дэніса Мюйленбурга — пасля пільнага разгляду, які цягнуўся год, і прыпынення вытворчасці самалётаў, паведамляе Рыдыё Свабода са спасылкай на Reuters. Крызіс быў выкліканы двума — за паўгода — авіякатастрофамі лайнераў Boeing 737 Max.
Звальненне кіраўніка кампаніі адбылося ў той час, калі найбуйнейшы сусветны авіябудаўнік спрабуе нанова сертыфікаваць свой найбольш прадаваны лайнер. Пасля гібелі двух самалётаў з усімі пасажырамі і членамі экіпажаў, карпарацыя «Боінг» імкнецца аднавіць давер да сябе з боку падарожнікаў, авіякампаній і акцыянераў.
З 13 студзеня 2020 года старшыня рады дырэктараў Дэйв Калхун прыме на сябе абавязкі выканаўчага дырэктара і прэзідэнта кампаніі.
Спыненне палётаў лайнераў Boeing 737 Max стала найбуйнейшым крызісам за 34 гады працы Дэніса Мюленбурга ў авіябудаўнічай карпарацыі. У 1985 годзе ён пачынаў тут у якасці інтэрна і прайшоў па кар'ернай лесвіцы праз розныя падраздзяленні, дасягнуўшы найвышэйшай пазіцыі ў 2015 годзе.
У кастрычніку мінулага года крушэнне лайнера авіякампаніі Lion Air у Інданезіі забрала жыцці 189 чалавек. У сакавіку 2019 года самалёт авіякампаніі Ethiopian Airlines гэтай жа мадэлі разбіўся ў Эфіопіі, загінулі 157 чалавек. Пасля другой катастрофы па ўсім свеце былі прыпыненыя палёты Boeing 737 Max.
Каментары