«Богададзены» і «богадараваны»
21 снежня 1949 года па ўсёй велізарнай савецкай краіне, ад Калінінграда да Уладзівастока, адбываліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю старшыні Савета Міністраў СССР, генералісімуса Савецкага Саюза Іосіфа Сталіна. Адно з іх праходзіла ў Ялохава-Богаяўленскім саборы ў Маскве, дзе адбыўся святочны малебен за здароўе юбіляра.
Перад пачаткам малебна да прысутных звярнуўся з прамоваю Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій (Сіманскі): «Сёння наша краіна святкуе дзень нараджэння і сямідзесяцігоддзе свайго Правадыра, Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна… Ён — прызнаны ўсім светам правадыр не толькі народаў Савецкай дзяржавы, але і ўсіх працоўных; ён — першы ў шэрагу паборнікаў і абаронцаў міру сярод народаў, міру ва ўсім свеце… Мы, царкоўныя людзі, павінны дзякаваць яму асабліва за яго спагадлівае стаўленне да нашых царкоўных патрэб… Святая Царква наша мае ў ім вернага абаронцу… Няхай дасць яму Госпад шмат гадоў у здароўі ды дабрабыце стаяць ля стырна праўлення роднай краінай». Пасля гэтага, як пісаў «Журнал Московской патриархии», «малебен быў адслужаны саборна: патрыярхам, трыма архірэямі ды настаяцелямі ўсіх маскоўскіх храмаў».
Увогуле, у той час на старонках свайго афіцыйнага часопіса вышэйшыя праваслаўныя іерархі не шкадавалі хвалебных эпітэтаў для галоўнага савецкага атэіста, асабіста адказнага за фізічнае вынішчэнне тысяч прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства ў СССР. Яны называлі яго «Богададзеным Правадыром» (Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Сергій (Страгародскі)), «богадараваным Вярхоўным Правадыром нашым», «нашым любімым, Богам дадзеным Вярхоўным Правадыром» (мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі, а пазней — патрыярх Аляксій (Сіманскі)), «найлюбым правадыром нашага народа, геніяльным Вярхоўным Галоўнакамандуючым нашага воінства, Богам пастаўленым на свой подзвіг служэння нашай Радзіме» (мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Мікалай (Ярушэвіч)). Як піша расійскі гісторык Міхаіл Бабкін, «у царскай Расіі прадстаўнікі вышэйшага духавенства ўстрымліваліся іменаваць імператараў тымі эпітэтамі, якімі ў 1943—1953 гадах яны называлі І. В. Сталіна». І гэта пры тым, што ў Расійскай імперыі манарх афіцыйна з’яўляўся «Вярхоўным кіраўніком» Праваслаўнай царквы!
Але трэба прызнаць, што тагачасныя кіраўнікі расійскага праваслаўя сапраўды мелі падставы быць удзячнымі крамлёўскаму дыктатару.
Руская праваслаўная царква — толькі з 1943 года
Царкоўная арганізацыя пад назвай «Руская праваслаўная царква» з’явілася на свет увосень 1943-га. Гістарычна ёй папярэднічалі розныя іншыя структуры, у межах якіх праходзіла царкоўнае жыццё праваслаўных хрысціян на тэрыторыі сённяшняй Расіі.
Да 1589 года праваслаўныя абшчыны Маскоўскага княства і пазнейшага Рускага царства знаходзіліся ў юрысдыкцыі Усяленскага Канстанцінопальскага патрыярхата.
У перыяд з 1589-га па 1721-ы яны былі падпарадкаваныя Маскоўскай царкве на чале з Архіепіскапам Маскоўскім і ўсяе Расіі ды ўсіх паўночных краін Патрыярхам.
Пасля абвяшчэння ў 1721 годзе Расійскай імперыі гэтая Царква як арганізацыя была скасаваная, а непасрэднае кіраўніцтва царкоўным жыццём сваіх праваслаўных падданых узяла на сябе дзяржава, для чаго быў створаны адмысловы ўрадавы орган — Свяцейшы правячы сінод. Пры гэтым вярхоўным кіраўніком усіх праваслаўных Расійскай імперыі не толькі фактычна, але і афіцыйна з’яўляўся сам імператар.
Распад імперыі і наступны прыход да ўлады бальшавікоў з іх ваяўнічым бязбожніцтвам натуральным чынам пацягнуў за сабою распад і гэтай царкоўнай арганізацыі. На яе аскепках з 1917-га пачалі паўставаць новыя формы: Праваслаўная расійская царква (пазней — Памесная расійская праваслаўная царква на чале з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Расіі), Расійская праваслаўная царква (пазней — Праваслаўная царква ў СССР), «Жывая Царква», Свабодная працоўная царква ды іншыя.
Пра маштаб і бязлітаснасць сталінскіх рэпрэсій супраць праваслаўнай царкоўнай іерархіі, нават цалкам лаяльнай і падкантрольнай, сведчыць наступны факт. Ужо пасля афіцыйнага афармлення Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Сергій 27 кастрычніка 1943 года звярнуўся да ўрадавага куратара Царквы Георгія Карпава з хадайніцтвам аб амністыі 25-ці архірэеў, якія былі арыштаваныя і мусілі знаходзіцца ў зняволенні, каб «прыцягнуць іх да царкоўнай працы». Але аказалася, што з гэтых дваццаці пяці жывым да таго часу застаўся толькі адзін — епіскап Мікалай (Магілеўскі). Астатнія былі ці ўжо расстраляныя, ці загінулі ў лагерах.
Царкву ўратавала вайна
Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў дачыненні да любых рэлігійных арганізацый прывяла да таго, што да 1939-га царкоўная структура ва ўсім Савецкім Саюзе была практычна зруйнаваная.
Але з пачаткам Другой сусветнай вайны сітуацыя істотна змянілася: савецкія захопы тэрыторый ва Усходняй Еўропе прывялі да таго, што ў межах СССР апынуліся мільёны арганізаваных праваслаўных вернікаў Заходніх Беларусі і Украіны, краін Балтыі, Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. А былі яшчэ і іншыя хрысціянскія канфесіі. Натуральна, савецкая рэпрэсіўная машына актыўна запрацавала і там, аднак для поўнага знішчэння царкоўнага жыцця на новадалучаных землях ёй элементарна не хапіла часу. Да лета 1941-га колькасць хрысціянскіх храмаў (уключна з каталіцкімі ды ўніяцкімі) ва ўсім СССР складала 3 732, з іх 3 350 знаходзіліся на тэрыторыі заходніх рэгіёнаў, далучаных у 1939—1940 гадах. З агульнай колькасці 5 665 святароў каля 90% служылі там жа.
Вайна з Германіяй, якая распачалася ў чэрвені 1941 года, яшчэ больш ускладніла «канчатковае вырашэнне» рэлігійнага пытання. Ва ўмовах вымушанага ваенна-палітычнага саюзу з Вялікабрытаніяй і ЗША Сталін аказаўся перад неабходнасцю спыніць антырэлігійную ды антыцаркоўную кампаніі ў СССР, якія мелі крайне негатыўнае ўздзеянне на грамадскую думку саюзных дзяржаў. Ужо ў кастрычніку 1941-га прэзідэнт ЗША Франклін Дэлана Рузвельт наўпрост абумовіў аказанне дапамогі СССР паслабленнем рэпрэсій супраць рэлігіі. Другім істотным фактарам у паслабленні антырэлігійных захадаў было царкоўнае адраджэнне на тэрыторыях, якія знаходзіліся пад кантролем Германіі: пасля пераходу ў стратэгічнае наступленне ў канцы 1942-га Чырвоная армія і карныя органы СССР з меркаванняў палітычнай мэтазгоднасці не маглі адразу аднаўляць на тых землях, якія яны паступова займалі, папярэднюю жорстка рэпрэсіўную практыку.
Калі немагчыма знішчыць — трэба ўзначаліць!
Выглядае на тое, што прынцыповае рашэнне аб стварэнні новай праваслаўнай царкоўнай арганізацыі, цалкам падпарадкаванай дзяржаве, савецкі правадыр прыняў у чэрвені 1943 года, калі даручыў Наркамату дзяржаўнай бяспекі сабраць і падаць яму матэрыял аб стане праваслаўных царкоўных абшчын, жывых на той момант праваслаўных іерархах, іх поглядах, падрабязнасцях іхніх біяграфій і жыцця падчас вайны. Сталін асабіста вельмі старанна вывучыў атрыманыя матэрыялы і прыняў яшчэ адно важнае рашэнне: у навастворанай «дзяржаўнай царкве» зрабіць стаўку на «сергіянцаў» — прыхільнікаў «патрыяршай» царквы і яе лідара — мітрапаліта Сергія (Страгародскага), а не на «абнаўленцаў» — прыхільнікаў першаіерарха Праваслаўных цэркваў у СССР Аляксандра (Увядзенскага).
Можна меркаваць, што ў «сергіянцах» былога навучэнца Тыфліскай духоўнай семінарыі прыцягвала не столькі колькасна больш шматлікая паства, колькі большы цэнтралізм і традыцыяналізм. У час вайны Сталін зразумеў сілу і важнасць для сябе рускага патрыятызму, які да вайны рэжым рэпрэсаваў. Да таго ж, сам Сергій ужо да гэтага часу аказаў саветам не меншыя паслугі, чым «ручныя» абнаўленцы. Чаго вартая толькі яго сумнавядомая дэкларацыя 1927 года «Аб стаўленні Праваслаўнай расійскай царквы да наяўнай цывільнай улады», у якой ён запатрабаваў ад праваслаўных святароў «даць пісьмовае абавязальніцтва ў поўнай лаяльнасці да Савецкага ўрада ва ўсёй сваёй грамадскай дзейнасці. Тыя, хто не дасць такога абавязальніцтва, будуць выключаныя са складу кліру, падведамаснага Маскоўскай патрыярхіі». Нязгода з гэтай дэкларацыяй каштавала жыцця многім «святарам-пакутнікам», і ў канцы лета 1943-га Сталін, несумненна, памятаў пра гэта пры вызначэнні першаіерарха будучага «савецкага праваслаўя».
Сергіянцы і месцаблюсціцель
«Сергіянства» атрымала назву ад імя мітрапаліта Сергія (Страгародскага) (1867—1944).
Калі ў красавіку 1925 года памёр патрыярх Ціхан, умоваў для выбараў ягонага наступніка не было, а таму кіраванне Царквой часова пераходзіла ў рукі т. зв. «месцаблюсціцеля». Ім стаў мітрапаліт Круціцкі Пётр (Палянскі). Ён адмовіўся пайсці на супрацоўніцтва з бальшавіцкімі спецслужбамі (ГПУ) на іх умовах, якія ўтрымлівалі выданне паслання, што заклікала б духавенства і вернікаў да лаяльнасці адносна савецкай улады, адхіленне непажаданых уладам архірэяў, асуджэнне замежных епіскапаў і кантакт пры сваёй дзейнасці з урадам у выглядзе прадстаўніка ГПУ.
Не здолеўшы зламаць мітрапаліта Пятра, у снежні 1925 года ГПУ яго арыштавала, а кіраваць Царквой на правах «намесніка местаблюсціцеля» стаў мітрапаліт Ніжагародскі Сергій. З канца 1936 года ён стаў і афіцыйна «месцаблюсціцелем», калі прыйшла вестка пра нібыта смерць мітрапаліта Пятра ў зняволенні, хоць на самай справе той быў расстраляны толькі ў наступным годзе.
У лістападзе 1926 года Сергій таксама быў арыштаваны і, у адрозненне ад свайго папярэдніка, ціску ГПУ не вытрымаў. Пасля выхаду вясной 1927-га на волю ён у ліпені таго ж года выступіў з дэкларацыяй, у якой адзначалася, што ў бягучай сітуацыі «важна паказаць, што мы, царкоўныя дзеячы, не з ворагамі нашай Савецкай дзяржавы і не са сляпымі прыладамі іх інтрыг, а з нашым народам і ўрадам». Было ў дэкларацыі шмат і іншых вернападданніцкіх пасажаў.
Пасля гэтага Сергій і ягоныя прыхільнікі кіравалі дзейнасць Праваслаўнай царквы ў цалкам лаяльным у дачыненні да ўладаў рэчышчы, хоць многія іерархі дэкларацыі не прынялі і ад падпарадкавання Сергію адмовіліся. Гэта дазваляла Сергію атрымліваць ад уладаў дробныя і неістотныя саступкі, але ніяк не ратавала ад рэпрэсій у дачыненні да духавенства: пасля Вялікага тэрору 1937—1938 гадоў на волі засталіся, акрамя самога Сергія, толькі тры архірэі — завербаваныя тым самым НКВД, якое іншых іерархаў знішчыла. Тым не менш менавіта «сергіянцам» пасля пачатку Другой сусветнай вайны ўлады дазволілі ўзяць пад апеку праваслаўных вернікаў тэрыторый, далучаных у 1939—1940 гадах — абнаўленцаў туды не пусцілі. У Маскве ўсведамлялі, што мясцовыя вернікі «новых» царкоўнікаў не ўспрымуць, і гэта толькі ўмацуе антысавецкія настроі.
Пасля нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941-га мітрапаліт Сергій неаднаразова выступаў з патрыятычнымі пасланнямі, зваротамі і малебнамі, арганізаваў праз Царкву збор сродкаў на патрэбы арміі.
Русі, а не Расіі
30 жніўня 1943-га начальнік 5-га аддзела 2-га ўпраўлення НКГБ СССР (менавіта гэты аддзел займаўся барацьбой з рэлігіяй) палкоўнік дзяржбяспекі Георгій Карпаў тэрмінова даставіў мітрапаліта Сергія ды яго супрацоўнікаў з Ульянаўска, дзе кіраўніцтва «патрыяршай царквы» знаходзілася ў эвакуацыі, у Маскву. Удзень 4 верасня на сваім лецішчы ў Кунцаве пад Масквой Сталін правёў кароткую нараду з начальнікам упраўлення кадраў, сакратаром ЦК ВКП(б) Георгіем Малянковым і наркамам унутраных спраў СССР Лаўрэнціем Берыя. Тады ж яму прадставілі палкоўніка Карпава як кандыдата на пасаду кіраўніка органа «па справах Праваслаўнай царквы». З кабінета Сталіна Карпаў патэлефанаваў Сергію і задаў усяго адно пытанне: ці гатовы ён разам з іншымі «сергіянскімі» мітрапалітамі Аляксіем (Сіманскім) і Мікалаем (Ярушэвічам) прыбыць неадкладна да старшыні СНК СССР «для абмеркавання пытанняў аб становішчы Праваслаўнай царквы»?
Натуральна, што ад такога ветлівага запрашэння іерархі адмовіцца не маглі. Ужо праз дзве гадзіны яны былі ў кабінеце Сталіна ў Крамлі, дзе ў прысутнасці Георгія Карпава і першага намесніка старшыні Саўнаркама, наркама замежных спраў СССР Вячаслава Молатава «вярхоўны правадыр» асабіста ім абвясціў, што «Царква можа разлічваць на ўсебаковую падтрымку ўрада ва ўсіх пытаннях, звязаных з яе арганізацыйным умацаваннем і развіццём унутры СССР». Асноўным такім пытаннем стала стварэнне новай структуры кіравання праваслаўным жыццём у краіне.
З агульнай згоды гэтая структура атрымала назву Руская (не Расійская!) праваслаўная царква, а яе будучы ачольнік Сергій атрымаў згоду Сталіна называцца «Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі». Згодна з меркаваннем царкоўнага гісторыка Уладзіслава Цыпіна, «прычынай змены тытула з «Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Расіі» на «Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі» быў факт, што «Расіяй» у СССР называлася толькі частка краіны; а слова «Русь» несла асацыяцыю з Кіеўскай Руссю, у якой продкі праваслаўных рускіх, украінцаў і беларусаў былі адзіным народам; слова «Русь» таму абазначала тэрыторыю большую, чым «Расія»».
«А ці нельга праявіць бальшавіцкія тэмпы?»
Калі гэтае пытанне было вырашана, Сталін пацікавіўся, як хутка можа быць скліканы Архірэйскі сабор для абвяшчэння новай Царквы і выбараў яе першаіерарха. Далей цытуем дакладную запіску прысутнага на сустрэчы палкоўніка Карпава: «Мітрапаліт Сергій адказаў, што Архірэйскі сабор можна будзе сабраць праз месяц, і тады т. Сталін усміхнуўся і сказаў: «А ці нельга праявіць бальшавіцкія тэмпы?». Звярнуўшыся да мяне, запытаўся пра маю думку, я выказаўся, што калі мы дапаможам мітрапаліту Сергію адпаведным транспартам для хутчэйшай дастаўкі епіскапата ў Маскву (самалётамі), то сабор мог бы быць сабраны і праз 3—4 дні. Пасля кароткага абмену думкамі дамовіліся, што Архірэйскі сабор збярэцца ў Маскве 8 верасня».
Тут жа, на месцы, вырашылася і пытанне аб памяшканні для навастворанай патрыярхіі. У адказ на пажаданне Сергія аддаць у ягонае распараджэнне былы ігуменскі корпус у Новадзявочым манастыры Сталін заўважыў, што гэтыя памяшканні цяпер не ў належным стане і патрабуюць капітальнага рамонту. А замест іх «прапанаваў» узяць трохпавярховы асабняк у Чыстым завулку, што раней быў заняты былым нямецкім паслом Фрыдрыхам-Вернерам фон дэр Шуленбургам. Асабняк перадаваўся з усёй маёмасцю і мэбляй. У ім, можна быць пэўным, стаяла нямала «жучкоў».
На развітанне з будучымі кіраўнікамі толькі што створанай Царквы старшыня СНК задаў ім вонкава простае, але насамрэч злавеснае пытанне: «Урад мяркуе стварыць адмысловы дзяржаўны апарат, які будзе называцца Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы, і старшынёй савета мяркуецца прызначыць таварыша Карпава. Як вы гледзіце на гэта?». Паводле сведчання самога Карпава, «усе ўтрох заявілі, што яны вельмі добразычліва прымаюць прызначэнне на гэтую пасаду таварыша Карпава». Іронія сітуацыі была ў тым, што аддзел, якім Карпаў кіраваў у НКГБ, адказваў акурат за змаганне з «контррэвалюцыйным духавенствам». Прызначэнне менавіта яго на пасаду наглядчыка за Царквой дадаткова сведчыла, што пра нейкую хоць бы адносную самастойнасць Сергію з паплечнікамі не варта і марыць.
Сустрэча ў Крамлі скончылася ўначы з 4 на 5 верасня 1943-га, а ўжо праз тры дні ў асабняку ў Чыстым завулку распачаўся Архірэйскі сабор, на які з’ехаліся 19 праваслаўных іерархаў. Па прапанове мітрапаліта Аляксія на патрыяршы прастол быў аднагалосна абраны мітрапаліт Сергій. У той жа дзень новаабраны патрыярх асабіста паведаміў пра гэта самому Іосіфу Вісарыёнавічу адмысловым лістом.
«Тры валхвы»: Сталін, Карпаў, Молатаў
На наступны дзень пасля гэтай гістарычнай для праваслаўя падзеі, 9 верасня, наркам дзяржаўнай бяспекі Усевалад Мяркулаў падаў Сталіну і Молатаву праект пастановы СНК СССР аб стварэнні Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы. 14 верасня 1943-га пастанова аб стварэнні новага органа, падпарадкаванага непасрэдна Саўнаркаму, была зацверджаная.
Новапрызначаны старшыня савета Георгій Карпаў захаваў за сабой і пасаду начальніка «царкоўнага аддзела» ў структуры НКГБ (да 1947 года). Старшынёй Савета па справах РПЦ і фактычным кіраўніком гэтай Царквы Карпаў заставаўся да 1960 года, пры гэтым да 1955-га застаючыся дзейным супрацоўнікам НКГБ-МГБ-КГБ у званні генерал-маёра дзяржбяспекі.
У 1960-м Карпаў сышоў, але на змену яму прыйшоў іншы высокапастаўлены чэкіст — генерал-лейтэнант КГБ Уладзімір Кураедаў. У адміністрацыйным плане Савет цалкам кіраваў Рускай праваслаўнай царквой да 1965 года, калі гэтае кіраванне перайшло да навастворанага Савета па справах рэлігій. У рэгіёнах дзейнічалі ўпаўнаважаныя Савета, якія мелі права забараніць богаслужэнне любому святару.
Такім чынам, не будзе перабольшаннем сказаць, што нараджэнне сучаснай Рускай праваслаўнай царквы (якая з 2000-га мае і другую афіцыйную назву — Маскоўскі патрыярхат) адбылося ў ноч з 4 на 5 верасня 1943 года ў маскоўскім Крамлі. У гэтую ноч над яе калыскай у кабінеце старшыні Саўнаркама СССР стаялі «тры валхвы»: яе фактычны стваральнік Іосіф Сталін, яе фактычны першы кіраўнік Георгій Карпаў, а таксама наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў. Прысутнасць апошняга была зусім не выпадковай. Напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі саюзнікаў ды з улікам планаў Сталіна па стварэнні «праваслаўнага Ватыкана» з цэнтрам у Маскве яна мела свой асаблівы сэнс. Але гэта ўжо тэма для іншага артыкула…
Каментары