Крымінальную справу супраць брэсцкага блогера Кабанава зноў прыпынілі — адгадайце прычыну
Крымінальную справу супраць брэсцкага блогера Аляксандра Кабанава, адноўленую ў мінулым месяцы, зноў прыпынілі. Як напісаў у фэйсбуку сам Кабанаў, прычынай зноў стала адсутнасць складу злачынства.
Аляксандр Кабанаў — блогер, фермер і актыўны праціўнік будаўніцтва акамулятарнага завода пад Брэстам. Ён асвятляе штотыднёвыя акцыі пратэсту, якія адбываюцца ў абласным цэнтры.
У сакавіку гэтага года супраць Кабанава распачалі крымінальную справу, звінаваціўшы яго ў прысабечванні грошай таварыства ўласнікаў жытла. Такое таварыства Кабанаў узначальваў у 2016 на працягу чатырох месяцаў. Заяву на блогера напісаў сусед, прапаршчык міліцыі.
У ліпені справу прыпынілі, не знайшоўшы складу злачынства. У кастрычніку, бліжэй да выбараў, зноў аднавілі. І вось цяпер зноў прыпынілі па той самай прычыне.
«Цікава, калі зноў узбудзяцца… і што гэта было», — задаецца пытаннем Кабанаў.
Каментары