Гродзенец галасаваў за адну кандыдатку, але на яго ўчастку ўсе галасы — за іншую. Як так?
Hrodna.life пагаварыў з Андрэем (імя зменена), які 17 лістапада праходзіў лячэнне ў скурвендыспансеры. Там жа на ўчастку ён і прагаласаваў. А потым пабачыў пратакол і здзівіўся: 37 галасоў — за Лілію Кір’як, 1 — супраць усіх. А ён дакладна ведае, што галасаваў за Алену Шаламіцкую.
У скурвендыспансеры пацыенты галасавалі на закрытым участку №5 Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі. Там прагаласавала 38 чалавек. Андрэй расказвае, што галасаванне праходзіла законна. Ён прыйшоў уніз на участак, распісаўся ў бланку, атрымаў бюлетэнь з подпісамі двух членаў камісіі, галасаваў у кабінцы для галасавання. А пасля выбараў сутыкнуўся на вуліцы з назіральнікам з яго ўчастка. Ад яго Андрэй даведаўся, што ў пратаколе напісана, што ўсе галасавалі за Кір’як. Але ён дакладна ведае, што галасаваў за іншага кандыдата.
— Я ведаю, у якой краіне я жыву. Што ты давядзеш? Як грамадзянін я разумею, што трэба нешта рабіць. З іншага боку, у гэтую бальніцу з улікам свайго захворвання мне даводзіцца раз у паўгода класціся на два тыдні, — расказвае Андрэй. Ён хварэе на псарыяз. Ён баіцца, што калі пачне скардзіцца, да яго пачнуць ужываць пэўны ціск у бальніцы.
Каментары