Дырэктар «Славянскага базару»: Можам запрасіць і Рамштайн, і Мадонну. Пытанне ў тым, дзе на іх узяць грошы?
У суполцы «Славянскі базар» ў «Кантакце» арганізатары фестывалю запусцілі апытанне. Ім цікава даведацца меркаванне гледачоў, каго запрасіць госцем на фестываль у 2020 годзе.
Гледачы выказваюць жаданне ўбачыць у Віцебску Rammstein, BrainStorm, Эмінэма, Лару Фабіян, Мадонну, Джасціна Цімберлэйка, Лені Кравіца.
«Наша Ніва» запыталася ў дырэктара фестывалю Глеба Лапіцкага, ці рэальна выканаць пажаданні гледачоў?
«Аднаго жадання гледачоў і майго жадання мала. Каб запрасіць зорак сусветнай велічыні, патрэбны значныя фінансавыя магчымасці. Пры гэтым мусяць быць адэкватныя кошты на квіткі і праект у цэлым павінны акупіцца. Будзем працаваць над гэтым», — адказвае Глеб Лапіцкі.
Сярод расійскіх зорак віцебскія гледачы назвалі «Нэнсі», «Белы арол», Наташу Каралёву, Стаса Міхайлава, Марыну Дзявятаву, Міхаіла Бубліка.
З беларусаў згадваўся гурт «Дзецюкі».
«Вядома, хочацца пачуць новыя імёны, але, як паказвае практыка, у 90% выпадкаў гледачы выказваюцца за тых артыстаў, якія неаднойчы ўжо прыязджалі ў Віцебск», — падсумаваў дырэктар фестывалю.
Выказаць сваё меркаванне і пабачыць пажаданні іншых гледачоў можна тут.
Каментары