Культура22

«Не заклятыя скарбы». Топ-10 рэліквій з калекцыі Пятра Краўчанкі

Першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі вядомы не толькі як дыпламат, але і як збіральнік гістарычных рэліквій. Частку сваёй калекцыі Пётр Кузьміч выставіў у Новым Замку ў Гродне, піша budzma.by

Калекцыянаваць прадметы старажытнасці Краўчанка пачаў яшчэ ў 1970-я, калі быў аспірантам БДУ. Прыкладам для яго быў вядомы віцебскі збіральнік Іван Галькевіч. З часам калекцыя разрасталася, а сам Пётр Кузьміч паляваў на некаторыя прадметы па аўкцыёнах Расіі, Германіі, Францыі ды Польшчы. У пэўным сэнсе вяртанне рэліквій на Радзіму — таксама элемент і працяг дыпламатычнай працы.

А яшчэ гэта той рэдкі выпадак, калі збіральнік не хавае сваю калекцыю ў сейфе кабінета, а гатовы выстаўляць прадметы публічна. Скарбы, такім чынам, зусім не «заклятыя». З некаторымі экспанатамі з калекцыі Пятра Краўчанкі прапануем пазнаёміцца і вам.

Асабістая пячатка Міхала Клеафаса Агінскага

Як ні дзіўна, пячатка аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» захавалася ў шыкоўным стане. На ёй выдатна бачны герб «Агінскі» ды ініцыялы «М.К.О.» — сумневаў у персанальнай прыналежнасці быць не можа. Такімі пячаткамі, як правіла, шляхта і магнатэрыя пазначала сваю асабістую і працоўную карэспандэнцыю, а таксама дакументы.

Першае вядомае фота Гродна

На выцвілым фотаздымку бачныя некалькі не сказаць каб заможных хатаў, Нёман і касцельная вежа ўдалечыні. У прынцыпе, нічога асаблівага… калі не ведаеш, што гэта першае ў гісторыі фота Гродна і адно з першых фота Беларусі! Панараму горада ў 1861-м годзе зняў венгерскі фатограф Рорбах. Здымак раней знаходзіўся ў калекцыі Анджэя Ціханавецкага (з роду Мсціслаўскіх).

Этнаграфічная мапа Беларусі Карскага

Пра Карскага як этнографа чуў кожны. А вось арыгіналы ягоных працаў мае далёка не кожны музейны збор. «Этнаграфічная мапа беларускага племені» з Вільняй, Себежам і Смаленскам, але без Берасця — сапраўдны рарытэт. Дзякуючы ёй у наступным паўстала і мапа БНР, і ўжо цалкам рэальныя межы БССР, а далей — і незалежнай Беларусі.

Статут ВКЛ 1588 года

Цікава, што на цэтліку пад нашым старадаўнім зводам законаў стаяць дзве даты: 1588-ы і 1744-ы. Чаму? Усё проста. Статут XVI ст. неаднойчы перадрукоўваўся за часамі існавання Вялікага Княства. Гэты асобнік быў надрукаваны ў 1744-м у Вільні за часамі праўлення Аўгуста ІІІ Моцнага. Агулам жа Статут на тэрыторыі Беларусі, у залежнасці ад губерні, дзейнічаў ажно да 1830-40-х гадоў.

Панарама Мінска 1840 года

Панарама цэнтральнай плошчы Мінска разам з кафедральным касцёлам была створаная Лаворнсам Бартэлемі ў выглядзе літаграфіі. Бартэлемі быў французскім жывапісцам, які спецыялізаваўся на літаграфіі і марскім пейзажы. Зрэшты, утульная зімовая панарама горада, якім яго бачыў той жа Дунін-Марцінкевіч, нечым і нагадвае ціхую марскую гавань.

«Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча

Гэтае выданне — перліна калекцыі Краўчанкі. Кніга ваеннага інжынера і аднаго з пачынальнікаў ракетнай справы ў Еўропе — сапраўдны унікум. Варта адзначыць, што гэта першае франкамоўнае выданне працы Семяновіча, выдадзенае ў Амстэрдаме ў 1651-м годзе, якое і прынесла яму славу. На жаль, той славы Семяновіч ужо не заспеў, памёршы ў тым жа 1651 годзе…

«Крыж адважных» Булак-Балаховіча

Узнагарода легендарнага генерала часоў Грамадзянскай вайны выкананая ў метале і белай эмалі. Сам Булак-Балаховіч раздаваў крыжы сваім байцам на працягу 1920-х. Паводле легенды, калі генерал даведаўся, што крыж пачалі падрабляць ды прадаваць, ён… уключыўся ў бізнес: таксама пачаў «даштампоўваць» узнагароду і прадаваць яе асобнікі ўсім ахвочым.

Аўтограф Льва Сапегі

Калі аўтографы дзеячаў БНР ці БССР тэарэтычна адшукаць можна, то кожны росчырк пяра ўладароў Вялікага Княства — на вагу золата. Захаваныя экзэмпляры, як правіла, даўно ў музеях, архівах ды прыватных калекцыях. Тут мы бачым аўтограф канцлера ВКЛ на лісце Маісею Лазарэвічу, арандатару вёскі Хадоркі з косаўскіх уладанняў Сапегі. Ліст датаваны 1629-м годам.

Рэдкія «нашаніўскія» выданні

«Дудка беларуская» Багушэвіча, «Адвечная песня» Купалы, «Рунь» Гарэцкага ды іншыя арыгінальныя кнігі пачатку стагоддзя сабраныя на адным стэндзе. Ці не за кожным з гэтых асобнікаў стаіць гісторыя, таму шкада, што мы бачым адно вокладкі: без маргіналіяў і дарчых надпісаў усярэдзіне. Такія кнігі на беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнах зрэдку можна сустрэць і сёння. Каштуюць яны зазвычай некалькі соцень умоўных адзінак.

Партрэт Стэфана Баторыя

Медзярыт з партрэтам у поўны рост караля і вялікага князя, які перамог Івана Грознага, быў выкананы Дамінікам Кусто ў 1601-м годзе. Звярніце ўвагу, што на галаве ў Баторыя — звычайная шапка з улюбёным каралём пер’ем чаплі. А вось гусарскі шалом з прымацаванай каронай ляжыць ля ног. Праз такія дробязі мастак, імаверна, і вызначыў спартанскі, зусім не схільны да раскошы тыпаж караля.

Цікава таксама, што такой гравюры не маюць у Гродзенскім музеі, які паволі ператвараецца ў «Замак Баторыя». Таму музейшчыкам застаецца пакуль адно зайздросціць Пятру Краўчанку ды ягоным багатым зборам.

Каментары2

Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Вясковец расказаў, як яму ўдалося збегчы ад мядзведзя2

Акцёр Кіяну Рыўз дэбютаваў у прафесійных аўтагонках — ён вылецеў з трасы2

На беларуска-польскай мяжы запрацавала новая паслуга, каб не стаяць у чарзе5

Мужчына з пісталетам уварваўся на запраўку пад Дзяржынскам1

Дураў расказаў, што яго дзяўчына была цяжарнай, калі яго затрымалі, і пасля страціла дзіця5

У Мінску затрымалі сына трэнера хакейнага «Дынама»2

У лістападзе ў беларусаў будуць вялікія выходныя

Як будуць выглядаць балгарскія еўра?3

Жыхарка Вільні не можа нармальна карыстацца банкамі — яна цёзка намесніцы дырэктара падсанкцыйнага завода ў Рагачове3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Галоўнае
Усе навіны →