Ці ёсць план у Нехты? Акцыя ў цэнтры Мінска выйшла хаатычная
Два тыдні таму на ютуб-канале Nexta быў выкладзены гадзінны ролік «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». За гэты час фільм паглядзела больш за 1,5 мільёна карыстальнікаў. Сапраўды, выбух для нашай медыйнай прасторы.
Калі казаць груба, то ў «Крымінальных матэрыялах» выкладалася тое, што раней з’яўлялася ў «Дзікім паляванні» Паўла Шарамета, а таксама ў «Хросным бацьку» тэлеканала НТВ. Толькі ўсё гэта было яшчэ ў эпоху тэлебачання, а не ютуба. Гэта дастаткова дасканалы і прафесійны пераказ біяграфіі кіраўніка краіны, які добра так прыпраўлены прапагандай і непрыхаванай непрыязню.
Адкрыццём ён мог стаць толькі для моладзі, якая не памятае праз свой узрост пра тыя падзеі. Аўтар відэа — блогер Сцяпан Святлоў. На сёння няма нікога, хто хаця б крыху ў беларускім інтэрнэце прыблізіўся па папулярнасці да Нехты. Ён мае 300 тысяч падпісантаў у Ютубе, пад 200 тысяч у Тэлеграме. І гэтая колькасць працягвае расці.
Сцяпану Святлову (так завуць Нехту) 21 год. Апошнія гады ён жыве ў Польшчы, пасля таго, як у Беларусі на яго завялі крымінальную справу. Працуе на тэлеканале «Белсат». Нехта стаў адным з самых зацятых і прынцыповых крытыкаў Лукашэнкі і гэтай сістэмы.
Пасля поспеху фільму Нехта заклікаў людзей прыйсці 8 лістапада на акцыю пратэсту на плошчу Свабоды. Прычым афішавалася, што акцыя будзе дазволенай у рамках пікета кандыдата ў дэпутаты. Такім кандыдатам стаў блогер Мікалай Маслоўскі, які балатуецца па Кальварыйскай акрузе.
Што было на плошчы Свабоды? Улады таксама падрыхтаваліся да акцыі. З намёту дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Сайганавай гучаў Саладуха «Здравствуй, чужая мілая». Камуніст Клішэвіч пайшоў далей — і зладзіў дыскатэку. Дастакова псіхадэлічнае відовішча, калі людзі ў чырвоных куртках танцуюць на холадзе ля пікета кандыдата ў дэпутаты. Зрэшты, іх хіба не дужа цікавіла пытанне, ці не палічыць іх хто за дзівакоў.
Найлепшыя месцы ля ратушы былі разабраныя, таму ўдзельнікам акцыі Нехты давялося размяшчацца ў скверыку ля гасцініцы «Еўропа» і помніку Дуніну-Марцінкевіч і Манюшку. Спрабавалі нават залезці на трактары, але адтуль іх хутка сцягнулі. Увогуле ў самым пачатку адбылася невялікая бойка з людзьмі ў цывільным. У выніку чаго зламалі кардоннага Нехту (не хвалюйцеся, потым знайшоўся яшчэ адзін) і зламалі гукаўзмацняльную тэхніку.
Мабыць, гэта і стала адным з ключавых момантаў. Без тэхнікі было цяжка дакрычацца да людзей. Чутна было толькі тым, хто знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад выступоўцаў. Адыдзі на пару крокаў і палымяных прамоваў амаль не чуваць. У такіх умовах многім людзям толькі і заставалася, што тусавацца між сабой. Было з дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў, некалькі з сцягоў з надпісамі «Нехта».
Калі ацэньваць колькасць удзельнікаў, то па нашых падліках на плошчу Свабоду прыйшло каля 500 чалавек. Гэта, канечне, больш, чым на апошнія акцыі Статкевіча, але нельга казаць, што больш нашмат. Так што сапраўднага прарыву ўсё ж не адбылося.
Магчыма, арганізатары плануюць, што колькасць удзельнікаў будзе расці, як гэта было ў 2011 годзе з маўклівымі пратэстамі, ці ў 2017 — з дармаедскімі. Толькі тады востра на павестцы дня стаялі сацыяльныя пытанні, а цяпер пытанні падымаюцца ці не цалкам палітычныя. Хаця блогер Уладзімір Цыгановіч і гаварыў, што людзі выжываюць і знаходзяцца амаль у жабрачым стане. Мабыць, менавіта таму будзе вельмі цяжка павялічваць колькасць пратэстоўцаў.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель (так, прысутнасць «Еўрапейскай Беларусі» на акцыі была дастаткова вялікай) заклікаў людзей сабрацца на Кастрычніцкай плошчы праз тыдзень, 15 лістапада. Для чаго? Каб далей працягваць абмяркоўваць фільм Сцяпана. Афнагель паставіў за мэту, каб за тыдзень колькасць праглядаў «Крымінальных матэрыялаў» дасягнула «паловы насельніцтва Беларусі».
Пакуль вельмі складана сказаць, якім чынам і ў што Нехта і ягоныя паплечнікі збіраюцца канвертоўваць гэтыя прагляды на ютубе. Па акцыі 8 лістапада, на якую сапраўды прыйшла вялікая колькасць новых людзей, бачна, што многія людзі выпусцілі пару, змаглі нешта сказаць у мегафон, абурыцца несправядлівасцю. Галоўнае пытанне дадзенай сітуацыі: што далей? Атрымаць на яго адказ 8 лістапада не атрымалася. У выніку на акцыі атрымалася яшчэ тая салянка, на ёй можна было пачуць і пра «дзікую Арду», і пра адмоўны баланс гандлю з Кітаем, і пра дэкрыміналізацыю наркотыкаў. Ці мае Нехта план і стратэгію — пытанне адкрытае.
Каментары