Украінскі. Жаночы. Рэп дзяўчыны ў целе. Гэта трайное комба! У Мінску ўпершыню выступіла зорная рэперка Alyona Alyona ФОТЫ
«Зірка? Це корів в селі у нас так називали», — смяецца Алёна Саўраненка, у мінулым выхавацелька дзіцячага садка з невялікага ўкраінскага сяла з-пад Кіева.
Яна пад іменем Alyona Alyona ўварвалася ў музычную прастору прыкладна год таму і сёння лічацца галоўнай выканаўцай украінскага рэпу і хіп-хопу.
Адзін за адным выходзяць яе сінглы: «Рибки», «Булинг», «Пышка», «Видчиняй», якія набіраюць мільёны праглядаў на ютубе, Алёну пазнаюць на вуліцах не толькі ў Кіеве, але і ў Мінску, а яна застаецца той жа сціплай правінцыялкай, якая прывыкла эканоміць грошы да заробку, якая здымае не самае лепшае жыллё, і якая б’е сама сябе па руках за тое, што ёй падалося, што хтосьці церпіць праз яе нязручнасці.
За дзве гадзіны да свайго першага канцэрта ў Мінску, Алёна знайшла час сустрэцца з удзельніцамі конкурсу прыгажосці «Каралева XL», каб пагутарыць пра жыццё і пра тое, што можна быць прыцягальнай і магічнай нават у вазе 130 кілаграмаў.
Пачалася гутарка якраз з пытання пра тое, як сама Алёна ставіцца да конкурсаў прыгажосці.
«Конкурс прыгажосці, ды і любы конкурс, — гэта не гаворка пра тое, што вось ты пераможаш і забярэш усё плюшкі пераможцы. Не. Больш важна тое, што адбываецца падчас падрыхтоўкі. Гэта супермагчымасць за перыяд падрыхтоўкі зрабіць сябе лепшай, паверыць у сябе, адкрыць у сабе нейкія новыя бакі. Трэба ж рыхтавацца, і ты пачынаеш крэатывіць, думаць, нешта мяняць у сабе. Тым больш калі гаворка пра конкурс плюс сайз. Далёка не кожная дзяўчына плюс сайз будзе адчуваць сябе аднолькава прыгожай побач са зграбнай дзяўчынай», — разважае Алёна.
НН: «А ў які момант да вас прыйшло ўсведамленне, што вы прыгожая такая, якая ёсць»?
Алёна: Аёй, да «вас»? Мяне на вы апошні раз мае выхаванцы ў дзіцячым садку называлі, яшчэ па імені па бацьку: Алёна Алегаўна. Зараз я прыязджаю ў Барышаўку, дзе жывуць мае бацькі і дзе я працавала ў садку, мае былыя выхаванцы ўжо сталі дарослымі дзядзькамі і цёткамі: ці жарты, ужо ў трэці клас ходзяць. Дык яны называюць мяне на ты, хоць і завуць цёткай Алёнай. Так што смела кажы мне ты. А што да пытання. Нельга ў адзін дзень змахнуць пот з ілба і сказаць самой сабе: «Усё, ад сёння я не камплексую, я прыгожая». Так не бывае. Комплексы ж прывіваюцца нам з дзяцінства. Але са мной было так: калі я лавіла сябе на думцы, што тоўстым дзяўчатам гэта не да твару, што мне штосьці нельга рабіць, што мяне не зразумеюць, я сама ў сябе пыталася: «Алёна, хто табе гэта сказаў? Хто сказаў, што ты не зможаш? Хто гэты канкрэтны чалавек?» Я сама для сябе аўтарытэт. І я сама буду вырашаць, што я буду рабіць і як я буду выглядаць. Прыйшло, праўда, гэта толькі нядаўна. Я сябе доўга стапарыла. Я магла раней пачаць рабіць сваю музыку, каб не сядзела забітая ў будцы. Я як разважала: дзяўчына, якая чытае украінскі рэп, — гэта паўбяды, а вось дзяўчына ў целе, якая чытае ўкраінскі рэп, — гэта проста трайное комба. І калі стукнула 25 — так зоркі сышліся, — я маральна дайшла да гэтага, я зразумела, што комплексы трэба адсоўваць на задні план. У 22 гады я б, напэўна, скарысталася няправільна тымі рэсурсамі, што мне дадзеныя зараз.
НН: «Ты пра тое, як не зазвяздзіцца?»
Алёна: «Так. Гэта як з дактарамі. Доктар працуе за заробак, але вы ўдзячныя доктару, і вы пачынаеце яму прыносіць каву, шакаладкі, магчыма, грошы, і калі дактары прывыкаюць да гэтага, у наступны раз ты прыходзіш з пустымі рукамі, а доктар такі: «Цю, ти мені нічого не даєш, до побачення!» Вось. Я паспрабавала гэтага зорнага жыцця. З’явіліся людзі, якія лічаць мяне зоркай, яны кружацца нада мной як пчолкі: «А можа, табе гэта прынесці, а можа, гэта падаць, гэта зрабіць». А потым прыязджаеш у горад, дзе да цябе ставяцца як да роўнай. Ну, артыстка і артыстка. І атэль даюць не такі люксавы, як табе б хацелася, і душ у ім такі маленькі, што я бокам туды ледзьве залажу. І я такая пачынаю ўзрушацца: «Ну што за людзі, лепей не маглі зрабіць!»
«І сама сябе б’ю па руках: «Алёна, а чаго ты ўзрушаешся, хто сказаў, што табе хтосьці павінен?» І я сябе, як каня за лейцы, — тпррууу. Наогул, свае вясковыя, правінцыйныя штукі імкнуся спыняць. Часам хочацца каментатарам у інтэрнэце адказаць: «Ти що, тупой?» Але разумею, што за мной назіраюць людзі, так нельга. Я ўвесь час выхоўваю сябе».
НН: «І ўсё ж адчула, што стала сабе больш дазваляць, чым раней?»
Алёна: «Канечне. З’явіліся грошы. Калі атрымала за адзін канцэрт 300 даляраў, а не за месяц працы ў дзіцячым садку, адразу такое адчуванне: ооооо, щастя. Пайшла і купіла сабе сумку за 500 грывень. Пасля хадзіла два тыдні і думала: «На х…. яна мне патрэбная была, у сэкандзе такая ж за 50». Але задавальненне патраціць грошы для мяне, гэта як у Ракфора на сыр. З дзяцінства ж эканомілі, лішніх грошай не было. А тут пайшла ў магазін, дзе ўсё па 10 грывень, накупіла ўсякай фігні, але шчасце: ты патраціла грошы, якія зарабіла.
«Але я працягваю жыць у Кіеве ў здымным пакоі, дзе няма гарачай вады з сярэдзіны мая. Я сваруся з гаспадарамі, яны адказваюць: ну вы ж цяпер зорка, плаціце за кватэру ўдвая больш, паставім вам бойлер. «Що, грошей шкода?» — кажуць. Канечне, шкада! Вы здаяце старую сталінку з чорнымі столямі і праперджанымі ложкамі і хочаце, каб вам плацілі вялікія грошы»?
А пераязджаць я пакуль не збіраюся. Які сэнс? Я адкладаю грошы на ўласнае жыццё, а так мне добра і тут, ну пагрэю каструлькі, памыюся. Не ў гэтым справа. Пасцельную бялізну сабе купіла дарагую, матрац і коўдру. Мне ўтульна ў сваім ложку — і гэтага дастаткова.
НН: «Алёна, а на дыетах ты сядзіш ці прымаеш сябе такой, якая ёсць?»
Алёна: У жыцці кожнай жанчыны бываюць тры дні на месяц, калі яна шкадуе сябе. Я не выключэнне. Бывае, гляджуся на сябе ў люстэрка і думаю: «Якое ж я гамно, якая невдаха. Божа, за що мне гэта?»
Паўжыцця я змагаюся з лішняй вагой, таму маё цела як гармонік: крыху сціснулася, пасля разгарнулася яшчэ больш. У мяне была аперацыя, калі мне выразалі жоўцевы пухір. І я схуднела адразу больш чым на 20 кілаграмаў. А я тады падпрацоўвала фатографам на вяселлях, пахаваннях. І як гэта ў сяле: «А ну швидко сядь за стіл!» А ў мяне дыета, мне нельга нічога. Але так з’ясі адну аліўку — не баліць. Пасля кавалак сыру — не баліць. Пасля думаю: а дай з’ем катлету, а дай 100 грамаў вып’ю — не баліць. І панеслася. Зараз я важу 130 кілаграмаў, і гэта самая вялікая вага, якая ў мяне была. І я планую сабой заняцца. Мне цяжка, не вывожу на сцэне. Я хачу аддаваць больш. Але я буду худзець не таму, што так камусьці хочацца, а таму, што гэта трэба мне.
«Вы б ведалі, колькі разоў у сваім жыцці я чула: «Вось схуднееш — жанюся». Хлусня: худзела, усё адно не жэняцца. Ды і няправільна гэта. Гэта як хлопцу сказаць: вось вырасці сабе штосьці на некалькі сантыметраў даўжэйшае, выйду замуж. Справа ж не ў гэтым».
Алёна прыехала ў Мінск на два дні.
«У Мінску, як і ў Беларусі агулам, я ўпершыню. І мяне прыемна здзівіла, наколькі нашы краіны падобныя. Я разумею беларускую мову адсоткаў на 80, лёгка чытаю шыльды ў магазінах. Сёння сама здзівіліся, калі зайшла ў кавярню паабедаць, а людзі сталі шаптацца: «Гэта Алёна?» Я здзівілася, што мяне ведаюць і ў Беларусі. Гэта прыемна», — прызнаецца Алёна.
«Што хачу сказаць беларускім слухачам? Хачу падняць ім дух, данесці думку: давайце рабіць хоць штосьці! Давайце не баяцца быць сабой! Пра гэта мая музыка», — падсумавала Alyona Alyona.
Каментары