Марыя Мартысевіч расплакалася, патрабуючы выключыць Севярынца з ПЭН-цэнтра
Рада ПЭН-цэнтра 29 кастрычніка пастанавіла выключыць Паўла Севярынца са складу арганізацыі. На пасяджэнні Рады прысутнічала група членаў арганізацыі, якія выступалі за яго выключэнне. Разгляд пытання адбываўся ў адсутнасць Севярынца.
«Думала, што тое, што адбываецца ў палітыцы, не можа адбывацца ў беларускай культуры. Адбылася палітычная правакацыя, калі Павал Севярынец і ягоныя калегі проста рабілі тое, што адбываецца ў палітыцы: палітычны рэйдарскі захоп, як у партыі. На сходзе правакацыя працягнулася. Яго трэба выключыць з тэхнічных прычын, а тут адбываецца нейкі трацейскі суд. Севярынец аказаў палітычны ціск на ПЭН. Тое, што мы зараз нешта абмяркоўваем, — гэта якраз сведчыць пра такі ціск», — сказала пісьменніца Марыя Мартысевіч.
Яна некалькі разоў выходзіла з залы і расплакалася.
Павел Севярынец пракаментаваў выключэнне ў сябе ў фэйсбуку: «Думаю, выключэнне ў Дзень расстраляных паэтаў — гэта было не выпадкова зроблена. Каля рэстарацыі «Поедем-поедім» за паўтара года нам таксама часта кідалі ў твар: «Мало вас стрелялі!» «Выключыць», выдаліць, выціснуць хрысціянаў з беларускай культуры не атрымаецца — гэта нават бальшавікам з іх чырвонай імперыяй не ўдалося. Маім адказам будзе другая кніга «Беларусаліма» — «Сэрца святла», якую я цяпер рыхтую да друку», — напісаў ён.
Меркаванні людзей у сацыяльных сетках раздзяліліся. Хтосьці, як паэт Антон Рудак, цешыліся рашэнню.
Хтосьці, як культур-менеджар і журналіст Глеб Лабадзенка, рашэнне асудзіў.
Каментары