Улада1515

Генерал-пагранічнік вырашыў стаць дэпутатам, але на яго раптам пачалі выліваць бруд

Васіль Гедзько — генерал-маёр запаса органаў пагранічнай службы. Апошнім часам ён узначальваў Інстытут пагранічнай службы, але амаль два гады таму быў адпраўлены ў адстаўку. На пенсіі ініцыятыўнаму вайскоўцу аказалася сумна, таму сёлета ён вырашыў балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на Дняпроўска-Бугскай выбарчай акрузе №10. Гэта акруга ўключае ў сябе Драгічынскі і Іванаўскі раёны.

Васіль Гедзько. Скрыншот з ctv.by.

Мясцовыя жыхары нават лічылі, што Гедзько з’яўляецца кандыдатам ад улады, але гэта аказалася зусім не так. На розных сайтах, на якіх раней бамбілі «бээнэфаўцаў» і апазіцыю, пачалі з’яўляецца матэрыялы пра Васіля Гедзько. Пісалі, што да людзей ён ставіцца як да «гною», схіляў жанчын-калег да інтыму, на працы яго ніхто не паважаў.

Васілю Гедзько нават вынеслі два папярэджанні за папярэднюю агітацыю. Але подпісы на праверку ён усё ж здаў.

У прыватных размовах Васіль Гедзько называе сябе прыхільнікам СССР. Маўляў, адзіная партыя, у якой ён быў, — гэта КПСС, і іншай не будзе.

«Наша Ніва»: За што на вас пачалі выліваць бруд?

Васіль Гедзько: Нешта пішуць, хай пішуць. Задайце сабе пытанне: хто такое мог замовіць? І з якой мэтай?

«НН»: Камусьці не хочацца, каб вы былі дэпутатам.

ВГ: Я ніколі не думаў пра гэта. Проста часта прыязджаў да бацькоў, яны ў мяне сталыя людзі. Усе адпачынкі апошнія гадоў пятнаццаць я праводзіў толькі ў бацькоў. І на выхадныя прыязджаў. Людзі падыходзілі да мяне, прасілі пра дапамогу, я ім дапамагаў. А потым прапанавалі мне балатавацца. Я не думаў ніколі раней пра гэта. Калі нехта не хоча, то няхай не хоча. Хай вызначыцца сам выбарца.

«НН»: Вам ужо два папярэджанні вынеслі. Не проста ж так.

ВГ: Нічога страшнага ў тых папярэджаннях я не бачу. Калі выбарцы не захочуць мяне бачыць дэпутатам, то што зробіш. Я і ў горшых быў сітуацыях.

«НН»: Як нічога, калі вас так бамбяць?

ВГ: Адчулі ва мне сур’ёзнага кандыдата, таму такое і пачалося.

«НН»: Вам не намякалі, што не трэба ўдзельнічаць у выбарах?

ВГ: Было такое.

«НН»: На мясцовым узроўні ці рэспубліканскім?

ВГ: А давайце не будзем пра гэта! Я спачатку перажываў, туды-сюды, але калі паразмаўляў з сям’ёй, то мне так лёгка стала. У мяне адна партыя — гэта мая сям’я, я ёй вельмі ганаруся, яна ў мяне цудоўная. Я цяпер у Мінску, паразмаўляў з сям’ёй, яны мне кажуць: «Тата, мы цябе цудоўна ведаем, прымай сам рашэнні, не перажывай. У любым выпадку мы цябе любім». Разумныя зразумеюць, а дурню і не трэба ведаць.

«НН»: Сабралі подпісы?

ВГ: Так, усё здаў. Хутка сабралі. Здаў подпісы за тыдзень да патрэбнага тэрміна, хацеў нават раней. Людзі мяне ведаюць, ведаюць маіх бацькоў.

Маме было 87 гадоў нядаўна. У час вайны яна зрабіла гераічны ўчынак. Разам з дзядулем яны падчас вайны на працягу трох гадоў на хутары хавалі праваслаўнага святара. Гэта было ў Варацэвічах Іванаўскага раёна, дзе быў маёнтак Напалеона Орды. Сам маёнтак, здаецца, у 1943 годзе спалілі партызаны, бо там ці то паліцаі, ці то немцы базаваліся.

Маёй маме было дзевяць гадоў падчас вайны, яны ведалі чым рызыкуюць, але ратавалі айца Рамана. Мне адзін чалавек сказаў: «Ваша сям’я блаславёная на некалькі пакаленняў наперад». Таму ўсёй гэтай чарнаты я не баюся. Я не толькі быў афіцэрам, я ім застаюся. Быў афіцэрам, ёсць афіцэрам і памру афіцэрам.

Я і ваяваў, што б там ні пісалі, і ў гарачых кропках быў, кіраваў вялікімі калектывамі. Калі сыходзіў з працы, то людзі плакалі. Усё ж 37 гадоў я аддаў Радзіме, і гэтым ганаруся.

Шкада толькі, што мае дзеці не пайшлі гэтай сцяжынкай. У мяне сын і дачка. У кожнага вышэйшая адукацыя, сын на трох працах круціцца, дачка — на дзвюх. У мяне выдатная сям’я. Напрыклад, помнік нулявому кіламетру на Кастрычніцкай плошчы рабіў брат маёй жонкі. Яе бацька напісаў пяць кніжак аб нашай прыродзе. І мы выгадавалі цудоўных дзяцей — Сашу і Машу.

«НН»: Здымацца з выбараў вы не думалі?

ВГ: Не, не думаў. І цяпер мяне ўгаворваюць, можа адмовішся, туды-сюды. Ну, мая сям’я. Не, будзем ісці ўжо да канца. Калі б не было гэтага бруду, то можа быць. Хочуць мяне выбіць з каляіны. Можа, дзесьці і атрымліваецца. Але калі я ўжо пачаў, то буду ісці да канца. Няма пра што шкадаваць.

«НН»: Дык а нашто вам гэтае дэпутацтва?

ВГ: Калі ўсё будзе добра і выйдзе мая праграма, то адразу ўсё зразумееце.

«НН»: У вас у акрузе стаўку робяць на старшыню драгічынскага Савета дэпутатаў Святлану Барташ?

ВГ: Нічога вам не скажу, бо не ведаю. Ачарняць чалавека я не буду, я магу толькі здагадвацца. Я дзейнічаю строга прыстойна. Я вернік, хаджу ў царкву, у мяне таксама ўсе вернікі. Я ведаю, што Бог на небе ёсць, і ён усё бачыць. Помню словы мамы, калі атрымаў першае вайсковае званне. Яна тады сказала: «Сынок, ты стаў вялікім начальнікам. У цябе ў падначаленні будуць людзі, з цябе будуць патрабаваць, ты патрабуй, але ніколі не рабі людзям подласці і гадасці. Гэта можа вярнуцца ці табе, ці тваім дзецям». Я пра гэта заўсёды помню і кіруюся гэтым. Ніякіх чутак я ніколі не распаўсюджваў і распаўсюджваць не буду. Я ўсё ж афіцэр.

«НН»: Васіль Сцяпанавіч, а хто вы па сваіх палітычных поглядах?

ВГ: Ні-хто! Я вайсковец. У мяне адна палітыка — абараняць Радзіму. Гэта мой палітычны светапогляд. А хто мая радзіма? Гэта мая сям’я, бацькі, мой дом, суседзі. Вось каго я абараняю. Ніякіх палітычных поглядаў — я афіцэр.

«НН»: Цяпер шмат кажуць пра незалежнасць краіны. Павінны мы заставацца незалежнымі?

ВГ: Без каментароў.

«НН»: Чаму?

ВГ: Таму што я афіцэр, але афіцэр, які думае.

Каментары15

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях19

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →