Культура3

Легенды Падароска: што адбываецца ў маёнтку, які выкупіў бізнэсовец пад Музей беларускай шляхты ШМАТ ФОТА

Ёсць мясціны, у якіх проста дыхаеш гісторыяй. І за кожным паваротам дарогі сустракаеш архітэктурны помнік, месца колішніх слаўных падзей, пейзаж неверагоднай прыгажосці… Такі, напрыклад, куток Беларусі, у якім ляжыць вёска Падароск.

Старажытныя Ваўкавыск і Слонім, Ружаны з «беларускім Калізеем» Сапегаў, Сынкавічы з гатычнай абарончай царквой, Касцюшкава Мерачоўшчына, Зэльва Ларысы Геніюш і жыровіцкая святыня — усё гэта непадалёк. Але варты ўвагі і сам Падароск з унікальнай сядзібай у цэнтры вёскі.

Гісторыяй Падароска мы завяршаем наш падарожны цыкл з «Суседскім маёнткам» — брэндам сапраўдных беларускіх прадуктаў, зробленых з любоўю да радзімы. Адшукаць малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт «Суседскі маёнтак» вы можаце на паліцах крамаў «Суседзі» па ўсёй краіне.

У водах ракі Зальвянкі, пашыранай тут да памераў азярка, адбіваецца белы антычны порцік палаца. Побач на гектары раскінуўся парк, абгароджаны 150-гадовым цагляным мурам. Захавалася і ўваходная брама.

Тая брама ўнікальная, бо мае разрыў у антаблеменце — верхняй частцы аркі. Ці то не паспелі з нейкіх прычын дабудаваць, ці то гэта дызайнавае рашэнне, ці то, ёсць мясцовая версія, разрыў быў пакінуты, каб аб’ект лічыўся няскончаным і не трэба было плаціць падатак.

Элементы аздаблення падароскай брамы канца ХІХ ст.

Доўгі час палац належаў Чачотам. Таму самаму роду, з якога паходзіў Ян Чачот — аднакашнік Міцкевіча і Дамейкі, рамантычны паэт, адзін з першых збіральнікаў беларускага фальклору. Ці бываў ён у Падароску — невядома. Затое пэўна, што тут гасцяваў Юллян Урсын Нямцэвіч — сябар і сакратар Тадэвуша Касцюшкі, суаўтар яго ўніверсалаў і заканадаўчых актаў часу паўстання.

А яшчэ, згодна з сямейнай легендай уласнікаў Падароска, тут спыняўся Напалеон Банапарт.

Імператар Францыі нібыта жыў у Падароску аж тры дні падчас маршу на Маскву. І яму так спадабалася багата аздобленае люстэрка ў маёнтку, што ён быў гатовы яго купіць. Але гаспадыня, Альжбета з Чачотаў Пухальская, не прадала Банапарту сямейную рэліквію. Пакой, у якім спыняўся славуты карсіканец, пасля і звалі «напалеонаўскім».

І нават калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя новыя гаспадары Падароска цалкам перабудавалі сядзібны дом — «напалеонаўскі» пакой застаўся і там.

Новы раскошны палац на месцы старой сядзібы паставіў Раман Бохвіц — сын філосафа Фларыяна Бохвіца і Паўліны з Маеўскіх — роднай цёткі Адама Міцкевіча. Брат Рамана, Ян Атон Бохвіц, валодаў двума маёнткамі непадалёк.

Бохвіцы з’явіліся на беларускіх землях дзякуючы віленскаму ваяводу Крыштафу Радзівілу, лідару пратэстантаў ВКЛ. Ён і запрасіў у свае валоданні з паўднёвай Польшчы двух пастараў, Піліпа і Лукаша Бохвіцаў. З часам іх мяшчанскі род атрымаў шляхецтва і забагацеў.

Каб надаць Падароску адпаведны новым гаспадарам выгляд, Раман Бохвіц выпісаў з Вільні архітэктара Лубу. Усё ж маёнтак быў цэнтрам вялікай гаспадаркі, у якую ўваходзілі пяць меншых фальваркаў. Архітэктар прапанаваў збудаваць замест ранейшай звычайнага выгляду сядзібкі велічны будынак з порцікам у духу класіцызму.

Цэнтрам дома былі салон, дзе прымалі гасцей, пакой для балявання і сталовая. Яны мелі багата дэкараваныя столі, якія часткова захаваліся дагэтуль.

У перадпакоі стаяў більярд, пры якім маглі сабрацца мужчыны, пакурыць цыгары і пагутарыць пра палітыку. (Пры кабетах такія размовы лічыліся непрыстойнымі.) З-за адсутнасці жанчын більярдная называлася яшчэ «кавалерскім пакоем».

Усё гэта цяжка сабе ўявіць, калі ўваходзіш у сённяшні Падароскі палац. За савецкім часам тут была школа, пасля праўленне калгаса, а потым цягам амаль дваццаці год будынак стаяў без гаспадара. Кволае святло праз забітыя вокны асвятляе муры, на якіх не засталося і следу тынкоўкі ці драпіроўкі.

Падаецца, што ты ў гатычным замку. Уражанне дапаўняюць састаўленыя тут на захаванне дэкарацыі з розных гістарычных імпрэз і спектакляў, што час ад часу ладзяцца ў Падароску: дзе крумкачы, дзе коннікі — нібы са старонак «Дзікага палявання».

Мо тут і прывіды жывуць? «Загадкавае, вядома, здараецца, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз кажа бізнэсовец і мецэнат Павел Бераговіч, які ў 2014-м набыў сядзібу на дзяржаўным аўкцыёне. — У палацы начамі са сценаў самі сабою падалі выявы гербаў уладальнікаў. А калі на сядзібу кладзецца моцны туман, уранні на беразе става ля палаца можна здалёк пабачыць самотную чалавечую постаць — мабыць, гэта апошні гаспадар Атон Бохвіц, магіла якога невядомая, бо ён згінуў у нетрах савецкага ГУЛАГу…»

Некаторыя памяшканні новыя гаспадары часова задрапіравалі тканінай, адтвараючы іх ранейшы выгляд.

і ўсё адно цяжкавата пакуль уяўляецца тут бальны пакой з ўзорыстым паркетам, фамільнымі партрэтамі на сценах і коннай скульптурай караля Яна ІІІ; салон з абабітымі зялёным адамашкам у залатыя лісты сценамі і паркетам, на якім чаргаваліся цямнейшыя і святлейшыя зоркі, упрыгожаны бюстамі антычных багоў, канапамі чырвонага дрэва і вялізным стаячым люстэркам. Асвятляўся салон вялікай жырандоляй і кандэлябрамі ў выглядзе ўзброеных рыцараў.

А ў адным з невялікіх пакойчыкаў левага крыла месцілася бібліятэка на тысячу тамоў па-польску, па-англійску, па-нямецку ды сямейны архіў Чачотаў і Бохвіцаў, дзе былі і старыя дакументы-прывілеі. А ў сталовай захоўваўся сямейны срэбны сервіз на 80 персон.

Аднаўленне сядзібнага дома стане завяршэннем рэканструкцыі, якая адбываецца ў Падароску. Увесну 2020-га тут адчыніцца Музей беларускай шляхты. «Вядома, усё адчыніць мы яшчэ не зможам, але годна прыняць і цікава распавесці нашу гісторыю — здолеем», — кажа Бераговіч.

«Мы мусім прыняць гісторыю шляхецтва Беларусі як сваю ўласную, прыняць, што няма гісторыі «сялянскай» і гісторыі «панскай», варожых адна адной, а ёсць агульная гісторыя нашай Айчыны і нашых продкаў, — тлумачыць бізнэсовец сваю канцэпцыю. — Без разумення мінуўшчыны не можа быць разумення сучаснасці, бо пабудаваць краіну без падмурка (як добры і трывалы дом) — немагчыма.

Шляхта была драйверам развіцця краіны, а не «сацыяльным паразітам», што і цяпер замацавана ў масавай свядомасці, «дзякуючы» савецкай гістарыяграфіі, якая панавала ў Беларусі, — кажа Бераговіч. — Шляхта бараніла Айчыну, займалася палітыкай і гаспадаркай, апекавалася адукацыяй і мастацтвамі — карацей, выконвала ролю кіруючай эліты, як гэта звычайна бывае ў любой краіне.

Чытайце таксама: Па слядах Адама Міцкевіча. Што варта паглядзець у Туганавічах, Завоссі, Паўлінове

Шляхта на нашых землях была не чужой — не польскай, не летувіскай, а сваёй — літоўскай, літвінскай, а сёння яе цалкам правамерна назваць беларускай».

«Мы не ганяемся за звышэксклюзіўнымі экспанатамі, бо нашмат важней пабудаваць сучасны інтэрактыўны музей, які будзе цікавы падыходамі, а не экспанатамі, — кажа Бераговіч. — Але сёе-тое ў нас ёсць. Гэта пераважна прадметы шляхецкага побыту розных часоў, гравюры і мапы, якія будуць выконваць дапаможную ролю ў экспазіцыі, паказваючы дух часу».

Новыя гаспадары не імкнуцца аднаўляць сядзібу ў першасным выглядзе. Тым больш, незразумела, што лічыць першасным выглядам: ці то напалеонаўскія часы, ці то сярэдзіну ХІХ стагоддзя, калі з'явіўся сённяшні палац. Яны кіруюцца канцэпцыяй спалучэння старажытнасці і цалкам новых тэхналогій ды матэрыялаў, не баючыся кантрасту.

Так зрабілі з мурамі напаўзруйнаванай часам гаспадарчай пабудовы. Іх накрылі новым дахам на слупах. Тут будзе летняя кавярня.

У кузні, малым цагляным будыначку пры ўяздной браме, абсталююць сувенірную крамку.

Калі прыгледзецца, дык ад старой кузні пакінулі толькі цагляныя сцены. Усярэдзіну імплантаваны металічны каркас, на якім трымаецца новы дах.

Пакінулі і драўляныя элементы: выпускі бэлек і старыя дзверы з графіці розных часоў.

Ад вуліцы сядзібу аддзяляе старая цагляная агароджа.

Калі скарыстацца гэтым непарадным уваходам, можна пабачыць стары парк з вялізнымі ясенямі, ліпамі ды клёнамі.

«Парк стане месцам агульнага адпачынку, таксама знітаваным з ідэяй музея, — кажа Павел Бераговіч. — І ўсе гістарычныя будынкі, што месцяцца на нашай тэрыторыі, мусяць набыць новыя функцыі, звязаныя з нашай мэтай — прыняць наведнікаў і распавесці ім нашу гісторыю».

Цыкл пра Станькава, Завоссе і Падароск мы падрыхтавалі з брэндам беларускіх прадуктаў «Суседскі маёнтак», што з любоўю ставіцца да нашай гісторыі і традыцый. Адшукаць малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт «Суседскі маёнтак» вы можаце ў крамах «Суседзі» па ўсёй краіне. Шануйма сваё!

Каментары3

У Беларусі з'явіўся народны паэт2

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →