Улада2525

Памочнік Трампа: У Беларусі расце новае пакаленне — людзі, якія ніколі не былі часткай СССР

У эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту Настоящего Времени ў Менску Сержу Харытонаву дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан распавёў пра тое, што ён пасьпеў абмеркаваць зь беларускім прэзыдэнтам за больш чым двухгадзінную сустрэчу, а таксама што ён думае пра стаўленьне да «апошняй дыктатуры ў Эўропе» і інтэграцыі Беларусі зь Расеяй.

— Расейская перазагрузка 2009 году была спробай палепшыць адносіны паміж ЗША і Расеяй. Як вы думаеце, у выпадку зь Беларусьсю ці адбываецца зараз нешта, што можа стаць такой перазагрузкай?

— Я б не сказаў, што перазагрузка адносінаў з Расеяй 2009 года была пасьпяховай. Так што я б не выкарыстаў гэтую мэтафару. Я казаў і прэзыдэнту Лукашэнку, і іншым, што ў нашых двухбаковых адносінах ёсьць сур’ёзныя праблемы — калі гаворка ідзе аб правах чалавека ці нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.

Але таксама я думаю, што геастратэгічная абстаноўка ў гэтай частцы Эўропы такая, што ўлічваючы ўсе пагрозы ў сьвеце, мы можам хаця б весьці дыялёг пра тое, дзе інтарэсы Беларусі і ЗША перасякаюцца. Нам прыйдзецца працаваць з астатнімі праблемамі.

Таму ў маёй сёньняшняй размове з прэзыдэнтам Лукашэнкам, якая, дарэчы, доўжыўся нечакана доўга — 2 гадзіны 15 хвілін, — мы многае пасьпелі абмеркаваць, але ніякія праблемы мы ня вырашылі. Я пачынаў гэтую размову без чаканьняў, што гэта можа адбыцца, але гэта была захапляльная гутарка.

— З пачатку нулявых заходнія палітыкі называюць Беларусь «апошняй дыктатурай у Эўропе». Нешта мяняецца ці проста геапалітыка важней, чым сытуацыя з правамі чалавека?

— Я ня думаю, што ў адміністрацыі прэзыдэнта Трампа правам чалавека надаецца менш увагі.

Думаю, што ўнутры самой Беларусі расьце новае пакаленьне — людзі, якія ніколі не былі часткай Савецкага Саюзу. Яны бачаць, чым займаюцца на Захадзе і па ўсім сьвеце іх равесьнікі, людзі іх узросту. І я думаю, што гэта натуральны працэс эвалюцыі.

Я не зьмяншаю праблемы, зь якімі нам трэба працаваць, але я думаю, што ў сьвеце адбываецца мноства рэчаў, якія патрабуюць ад ЗША размаўляць зь іншымі краінамі.

Прэзыдэнт Трамп прадэманстраваў, што ён гатовы размаўляць з Кім Чэн Ынам, лідарам Паўночнай Карэі, а гэта ня рай для правоў чалавека. Але трэба было казаць аб ядзернай праблеме — гэта дастатковая прычына.

— У Беларусі шчыльныя адносіны з Кітаем і Іранам. Ці гаварылі вы пра тое, што ЗША можа прапанаваць для таго, каб гэтыя сувязі паміж краінамі саслаблі?

— Так, мы гаварылі пра гэта некаторы час. Прэзыдэнт Лукашэнка распавёў мне пра свае візыты ў Кітай, пра тое, якія перамовы ён вёў з тамтэйшымі лідэрамі.

У нас таксама былі такія размовы — складаныя перамовы з Кітаем наўпрост цяпер. Але цяпер нам важна гаварыць пра пагрозы, якія зыходзяць ад Кітая, у тым, што тычыцца крадзяжу інтэлектуальнай уласнасьці, прымусовага трансферу тэхналёгій, парушэньні правілаў міжнароднага гандлю — тых рэчаў, якія далі ім несправядлівую перавагу.

Мы казалі пра пагрозу пятага пакаленьня тэлекамунікацый ад такіх кампаній як Huawei. Я паказаў прэзыдэнту па дарозе з аэрапорта ў Палац Незалежнасьці на краму Huawei, якую мы праяжджалі — наўпрост тут у Менску.

З Кітаем ёсьць вельмі шмат пытаньняў. Вядома ж, сёньня мы проста прайшліся па паверхні, але я задаволены, што мы з прэзыдэнтам абмеркавалі гэтыя пытаньні.

— У апошнія гады было шмат размоў аб абʼяднаньні Беларусі і Расеі ў адзіную саюзную дзяржаву. Якія ў ЗША думкі з гэтай нагоды, і як ЗША могуць падтрымаць беларускі сувэрэнітэт у гэтым выпадку?

— Я быў у адміністрацыі Джорджа Буша-старэйшага, калі разваліўся Савецкі Саюз і рэспублікі сталі незалежнымі. З тых часоў палітыка ЗША заставалася нязьменная — мы падтрымліваем сувэрэннасьць і незалежнасьць гэтых краін.

Зразумела, кожная краіна выбірае для сябе сама. У ЗША мы ведаем, дзе ляжыць сувэрэнітэт — у першых словах Канстытуцыі: «Мы — народ». Таму тое, чаго хоча народ Беларусі, і павінна вызначыць, якія ў яе будуць адносіны з Расеяй.

— У Беларусі ў бліжэйшыя два гады пройдуць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Ці вы абмяркоўвалі гэтыя пытаньні ў сувязі са шматлікімі паведамленьнямі аб парушэньнях правоў чалавека — палітычных свабодаў і, у прыватнасьці, свабоды слова. Ці абмяркоўвалі вы гэтыя пытаньні ў сувязі з надыходзячымі выбарамі?

— Мы не гаварылі пра выбары, але, сапраўды, казалі пра правы чалавека. Я казаў пра нядаўнія выбары прэзыдэнта Зяленскага і пра парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Мы гаварылі аб узрушаючым кааліцыйным урадзе, які ёсьць зараз у Малдове. Так што я думаю, ён уяўляе, што адбываецца вакол яго, у Эўропе. Ён бачыць Польшчу зь яе дэмакратыяй, Эстонію, Латвію і Літву. Я думаю, гэта зразумела.

— І Беларусь, і ЗША падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум. Існуе крытыка ў адрас ЗША, калі гаворка заходзіць пра сытуацыю ва Ўкраіне і анэксіі Крыма. Што ЗША маглі б зрабіць, каб забясьпечыць сувэрэнітэт Беларусі ў выпадку расейскай акупацыі?

— Нагадаю, ЗША, Вялікабрытанія і Расея — усе трое былі гарантамі сувэрэнітэту і межаў Беларусі, Украіны і Казахстану, якія перадалі ядзерную зброю Расеі. І Расея парушыла свае ўласныя гарантыі. Так што я ня думаю, што вінаватыя ЗША ці Вялікабрытанія.

Я думаю, што ўступаючы ў дамовы аб кантролі за зброяй з Расеяй, трэба быць асьцярожным, сачыць, каб яна выконвала свае абавязацельствы. Парушэньнем Будапэшцкага мэмарандуму ў дадзеным выпадку было выкарыстаньне Расеяй ваеннай сілы супраць Украіны.

— Ці лічыце вы, што час аслабіць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі?

Я думаю, мы будзем казаць пра шэраг санкцый у дачыненьні да Беларусі з прычыны занепакоенасьці сытуацыяй з правамі чалавека ці нераспаўсюджаньні зброі. І паглядзім, ці зможам мы прапрацаваць гэтыя праблемы. Я думаю, гэта будзе важная і цяжкая размова, але яе варта весьці.

Каментары25

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак28

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

Арына Сабаленка ўвайшла ў топ-5 спартсменак, якія ў 2024 годзе зарабілі найбольш грошай7

У Парыжы ўрачыста адкрылі адноўлены Нотр-Дам ФОТЫ7

У мінскім гіпермаркеце знайшлі тавар са шчодрай зніжкай у 1 капейку ФОТАФАКТ3

«Новы міністр культуры». Найлепшыя твіты тыдня9

У Расіі назвалі вуліцу ў гонар дэсанта, які праваліў сваю аперацыю8

«Мір дзякуючы сіле магчымы!» Зяленскі ў Парыжы сустрэўся з Трампам і Макронам11

«Гэта, магчыма, найлепшае, што можа з імі здарыцца». Трамп пракаментаваў крах расійскай палітыкі ў Сірыі16

«Панікі няма. Ворагі хлусяць». Як асадаўская прапаганда рэагуе на перспектыву падзення ўласнага рэжыму ў Сірыі1

Паўстанцы ў Сірыі ўзялі Пальміру, штурмуюць Хомс, увайшлі ў Дамаск. Дзе Асад — невядома17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак28

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →