На трасе Р6 (Івацэвічы — Пінск — Столін) інспектары ДАІ затрымалі п'яную аўтамабілістку, паведамляе абласная міліцыя.
Увагу інспектараў ДАІ прыцягнуў Volkswagen Touran, які віляў з боку ў бок. Параўняўшыся з машынай, міліцыянер запатрабаваў спыніць аўто. Падышоўшы да кіроўцы, супрацоўнік ДАІ заўважыў, што жанчына ляжыць без руху, і адразу падумаў, што ёй стала дрэнна. Аднак высветлілася, што аўталэдзі проста спала, пры гэтым з салона зыходзіў рэзкі пах алкаголю.
Пінчанка 1977 года нараджэння прызналася, што напярэдадні ўвечары, а таксама з раніцы ўжывала спіртное ў сябе на дачы, затым вырашыла адправіцца ў Пінск. Медыцынскі агляд пацвердзіў: у выдыханым паветры 2,6 праміле алкаголю.
У дачыненні да парушальніцы складзены адміністрацыйны пратакол па ч.1 арт.18.16 КаАП. Ёй пагражае штраф ад 50 да 100 БВ (адна БВ - Вr25,5) і пазбаўленне права кіравання тэрмінам на тры гады.
Каментары