Грамадства4545

Сантэхнік з Маладзечна аднавіў адзіную беларускую пароду сабак і дае шчанюкам прыгожыя імёны: Змагар, Гонар

«Зірніце ў любы даведнік па пародах сабак. У немцаў іх каля сарака, у англічан яшчэ больш. А ёсць у даведніках усяго адна старонка, дзе напісана, што краіна паходжання пароды беларускі ганчак — Беларусь. Вось гэтай, жывой ва ўсіх сэнсах спадчынай нам і трэба ганарыцца!» — пачынае свой расповед Уладзімір Лазарэнка, чалавек, які аднавіў пароду сабак, з якой на паляванне хадзілі яшчэ Радзівілы.

Уладзімір Лазарэнка — кінолаг, паляўнічы, старшыня рэспубліканскай камісіі па пародзе беларускi ганчак. Зараз жыве ў Маладзечне, працуе сантэхнікам.

«Я хацеў пайсці ў ляснічыя. А мая мачаха тады мяне адгаварыла. Яна казала, што ў леснікі ідуць адны прапойцы. Я падумаў і паехаў паступаць у тэхнічнае вучылішча ў Вільні. Цяпер я ўдзячны сваёй мачасе. Вось думаю, каб яна мяне тады не адгаварыла, атрымаў бы спе­цыяльнасць ляснічага. Сядзеў бы ў кабінеце і баяўся паварушыцца, як многія нашы чыноўнікі. А так вось стаў простым сантэхнікам, апантаны ідэяй вярнуць, адрадзіць, стварыць», — расказвае Уладзімір Лазарэнка.

Зараз у доме, дзе жыве Уладзімір, беларускаму ганчаку прысвечаны асобны пакой.

У ім сабраныя і фотаздымкі, і сертыфікаты, і ўзнагароды, і паляўнічыя прылады, і трафеі, здабытыя з дапамогай беларускага ганчака.

Самыя старыя фотаздымкі, якія ёсць у архіве Уладзіміра і на якіх можна ўбачыць ганчака, адносяцца яшчэ да пачатку 20 стагоддзя.

«А першы раз сабаку ўзгадвае ў паэме «Песня пра зубра» Мікола Гусоўскі, пра ганчака пісаў у «Пане Тадэвушу» Адам Міцкевіч. Радзівілы і іншыя беларускія магнаты абавязкова палявалі з ганчаком. Але з цягам часу парода гэта знікла. Дакладней сказаць, яна не знікла, яна была тут спрадвеку, але ўсе забыліся, што гэта менавіта беларускі ганчак. Калі ў дзяцінстве мне трапілася ў рукі кніжка «Беларускае паляванне», 1955 году выдання, я чытаў і здзіўляўся: ну чаму беларускі паляўнічы палюе з літоўскім і польскім огарам, а дзе наша, беларуская парода, тая, што ёсць у майго суседа-паляўнічага Русецкага?» — расказвае Уладзімір Лазарэнка.

Вырас Уладзімір Лазарэнка ў засценку Безданы, што непадалёк ад Астраўца. І колькі сябе памятае, заўсёды побач былі сабакі.

«Першы ўспамін пра беларускага ганчака звязаны ў мяне якраз з тым самым Русецкім. Мая бабуля чагосьці пайшла да іх, вяртаецца і расказвае, што яго самога дома няма, бо «павёз сваю ганчарку на чаўне ў Нястанішкі да сабакі». Я думаю, што ж там за ганчарка такая, што для яе сабак у вёсцы не знайшлося. А пасля праз некалькі месяцаў убачыў, як да Русецкага прыехалі сябры-паляўнічыя, як яны сядзелі пад дрэвам і разбіралі маленькіх чорненькіх шчанюкоў з рудымі мордачкамі», — кажа Уладзімір Лазарэнка.

Прайшло шмат гадоў, пакуль у 2004 годзе на пасяджэнні Беларускага таварыства паляўнічых Уладзімір Лазарэнка прапанаваў аднавіць гэтую пароду сабак.

«А ўсе засмяяліся. Ведаеце, што сказалі? «Нашто нам беларускі ганчак, калі ёсць руская, эстонская, літоўская парода гончых?» Не, вы разумееце? Нашто нам? Ну як патлумачыць гэтым людзям, што калі ў Беларусі ёсць паляўнічыя, то павінен быць і свой уласны сабака!» — узрушаецца Уладзімір Лазарэнка.

Па першага сабачку Уладзімір з’ездзіў пад Воранава. Там былі сабакі Байкал і Аза, вось ад іх і пайшлі першыя беларускія ганчакі.

«Чаму ганчак? Ды таму што я ад бацькі з дзяцінства чуў: «Налётаўся сёння, як ганчак», — смяецца Уладзімір Лазарэнка.

Пасля прайшло яшчэ чатыры гады, пакуль пароду прызналі і прынялі яе часовыя стандарты, пасля яшчэ два гады, пакуль уключылі ў пералік паляўнічых парод, пасля сабаку выпрабоўвалі на тое, да якога палявання яна прыдатная. Толькі пасля дазволілі паляўнічым удзельнічаць у паляваннях менавіта з гэтым сабакам.

«Беларускі ганчак — выдатная парода. Гэтыя сабакі ніколі не гоняць звера далёка, заўсёды знаходзяцца побач з гаспадаром. А гоніць звера сабака голасам, прыгожым, гучным, меладычным. Сабака высокі, можа паляваць круглы год, бегаць па снезе», — кажа Уладзімір Лазарэнка.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць у беларускага ганчака — усе сабакі гэтай пароды маюць выключна беларускія мянушкі.

«Першага шчанюка, які з’явіўся ў мяне, я назваў Рагнедай. Так і пайшло. Рагнеда, Альгерд… Хаця не трэба сабак чалавечымі імёнамі называць. Змагар, Гонар, Веліч, Прыпяць — вось імёны, якімі мы называем нашых сабак. У мяне жыве сабака Ручай, бо голас пявучы, як у ручая», — удакладняе Уладзімір Лазарэнка.

У 2018 годзе Уладзімір Лазарэнка стварыў паляўнічы клуб «Наш ганчак», у які аб’ядналіся ўсе «пароднікі». Так Лазарэнка называе людзей, якія займаюцца выключна адной пародай сабак. Зараз у Беларусі каля 600 сабак гэтай пароды. «Пароднікі» вядуць адмысловую базу, дакладны ўлік.

«Нашых сабак купляюць расіяне, прыязджалі з Грузіі, Дагестана. Палякі — дык тыя першыя. Іх парода польскі огар выраджаецца, дык яны хочуць разбавіць крывёй нашага беларуса», — расказвае Уладзімір Лазарэнка.

Паляванне — гэта не тэатр, каб забіваць звера з вышкі

Уладзімір Лазарэнка і яго сабака Ручай — аматары палявання.

«Я калі толькі ў хаце апранаюся ў адзенне для паляванняў, Ручай у двары ўжо адчувае гэта і пачынае брахаць», — усміхаецца Уладзімір Лазарэнка.

Уладзімір наракае, што людзі забыліся на культуру палявання, і імкнецца гэтую традыцыю адрадзіць. І гэта таксама адна з задач клуба «Наш ганчак».

«Вось мяне крыўдзіць, калі на паляванні кажуць: сабака забрахаў. Брэша ён у будцы, а на паляванні сабака дае голас. Або прыходзяць паляўнічыя на паляванне і вітаюцца: «Здароў!» Дома ў лазні ты са мной так вітацца будзеш. А на паляванні трэба казаць: «Хвала лесу!» Забіў звера, трэба аддаць яму павагу. Пакласці травіну ў рот, сказаць: «Даруй, Божа!» Ці пажаданне: «Ні пуху ні пер'я». Ты да палюбоўніцы пойдзеш, я табе такое скажу. А ў лесе трэба жадаць: «Ні пуху ні шарсцінкі!» Я нарадзіўся паляўнічым. Я інакш не магу», — расказвае Уладзімір Лазарэнка.

Наш суразмоўца нават не памятае, калі ўпершыню пайшоў на паляванне.

«Мне нават жонка кажа, што я нарадзіўся ў сабачай будцы. Колькі сябе памятаю, столькі я хадзіў на паляванне. Класе ў сёмым сталі даваць стрэльбу ў рукі. Мужыкі, што хадзілі на паляванне, пасля яго ішлі выпіваць, а мне аддавалі стрэльбы і здабычу. І вось я іду такі праз вёску, — хацеў жа, каб усе бачылі, што я зайчыка нясу, — а сам пасля зайду за гумно і страляю. Ой, сварыліся на мяне паляўнічыя, што я ім усе патроны пастраляў!» — кажа Уладзімір Лазарэнка.

Цяпер, з узростам, кажа паляўнічы, жаданне забіваць звера прапала.

«Гэта я раней марыў пра воўка, напрыклад. Цяпер жа нават самому сумна ад таго, што паляўнічым можа быць любы, хто мае грошы. Садзяцца на вышку, выходзіць той лось ці касулька з лесу солі палізаць, а ёй страляюць у спіну. Ну хіба гэта паляванне? Гэта тэатр», — узрушаецца Уладзімір.

Паляванне для Уладзіміра Лазарэнкі — гэта рытуал.

«Паляванне трэба адрозніваць ад забойства. Для мяне паляванне — гэта калі ў звера і чалавека роўныя шансы. Калі зайчык можа збегчы і я магу не пацэліць — гэта паляванне. А калі звера акружаюць, калі яму няма куды дзецца — гэта забойства. А пасля яшчэ ў інтэрнэт выкладваюць дзесяць забітых зайцоў. Не, я лепей цэлы дзень па балотах з сабакам пахаджу», — кажа Уладзімір.

Здараюцца падчас палявання і выпадкі, калі сабака можа загінуць.

«Канечне, бывае. І звер можа падраць, і куля трапіць можа. А бывае, што сабака залезе ў нару да барсука. Яны яго там закапаюць. Пакуль паляўнічы дастане сабаку адтуль, там паветра няма, сабака задыхаецца. Па-рознаму бывае. Я заўсёды калі іду на паляванне, развітваюся з жонкай», — кажа Уладзімір.

«Ой, не слухайце вы гэтага балабола», — смяецца жонка нашага суразмоўцы.

«Ага, яна мне пасля маіх паляванняў кажа, што я памру ад гарэлкі. Гэтак, схадзі на могілкі. Там не на адным помніку не напісана, што памёр ад гарэлкі, толькі ад жонкі, ад дзяцей», — смяецца паляўнічы.

Каментары45

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі16

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус25

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР10

Ізраіль скарыстаўся безуладдзем у Сірыі і разбамбіў усё, што мог13

Мінчанка за 17 хвілін у таксі аддала 90 рублёў. Як так атрымалася?1

«У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?!» Дактары абмяркоўваюць рэгуляванне цэн39

Кароль Карл III: Купаючы мяне, мама трэніравалася насіць карону

Затрымалі хлопца, які забіў у цэнтры Нью-Ёрка кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі ЗША2

У Магілёве з'явіліся прыпынкі з радкамі з Пушкіна. У тым ліку пра Лукамор'е ФОТЫ14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі16

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Галоўнае
Усе навіны →