Рада бяспекі Расіі: НАТА рыхтуе «каляровыя рэвалюцыі» ў шэрагу краін АДКБ
НАТА рыхтуе «каляровыя рэвалюцыі» ў некаторых краінах АДКБ. Пра гэта ў інтэрв'ю «Российской газете» заявіў намеснік сакратара Рады бяспекі Расіі Рашыд Нургаліеў.
«Для нас не сакрэт, што натаўцы рыхтуюць умовы для прывядзення да ўлады ў асобных краінах АДКБ падкантрольныя Захаду рэжымы, у тым ліку праз правакаванне «каляровых рэвалюцый», — заявіў Нургаліеў.
Як адзначыў Нургаліеў, «супрацоўніцтва з НАТА трэціх краін заўсёды мае антырасійскі складнік».
«Гэта шмат разоў пацвярджала практыка. У дачыненні да партнёраў па АДКБ мэта блока — пасеяць разлад з нашымі саюзнікамі па арганізацыі», — упэўнены ён.
Пры гэтым, як адзначыў Нургаліеў, АДКБ створаная не для пагроз каму б там ні было, а для ўзгодненых дзеянняў па забеспячэнні бяспекі на аснове адмовы ад прымянення сілы.
У склад АДКБ, нагадаем, уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
Каментары