У Лошыцкім парку спілавалі легендарнае дрэва, пасаджанае яшчэ ў 19 стагоддзі
У Лошыцкім парку спілавалі магнолію кобус. Гэта дрэва, пасаджанае ў 1890 годзе, было знакавым для парка. Па легендзе, калі апошні гаспадар Лошыцкай сядзібы Яўстах Любанскі сватаўся да будучай жонкі Ядзвігі, ён прывёз яго з Японіі, каб дабіцца згоды дзяўчыны.
«Я ў суботу вёў групу па парку, — расказвае экскурсавод Павел Дзюсекаў. — Мне трэба было пра дрэва распавядаць, а яго няма — пустая паляна. Пабег у музей. Мяне сустрэла адна з супрацоўніц, яна толькі выйшла з адпачынку і не ведала, што здарылася з дрэвам, была ў шоку. Іншыя расказалі, што ў мінулы панядзелак ці аўторак прыйшлі рабочыя з Зелянбуда і, нікога не папярэдзіўшы, спілавалі магнолію. А на наступны дзень пасеклі на кавалкі і звезлі ў невядомым кірунку».
Па словах Паўла, некалі ў магноліі было тры ствалы. Потым застаўся адзін, але на ім было лісце і некалькі кветак.
«Дрэва не хісталася і нікому не пагражала… А куды падзелі каштоўную драўніну? З яе можна было б зрабіць, напрыклад, фігурку Ядзвігі», — абураецца экскурсавод.
Ён перажывае, што і іншыя дрэвы парка з многагадовай гісторыяй можа напаткаць такі ж лёс, як і магнолію.
За Лошыцкі парк адказвае Зелянбуд. «Наша Ніва» звярнулася туды па тлумачэнні.
«Дрэва цвіло? Вы жартуеце? Яго спілавалі, бо яно ўсохла», — адказала намесніца начальніка ўпраўлення па абароне раслін і ўтрыманні аб'ектаў гарадскога добраўпарадкавання арганізацыі Тамара Чайко.
Ці папярэджвала камунальная служба пра свой намер музейшчыкаў?
«З якой ласкі мы павінны іх папярэджваць? Мы ж у іхнім доме не рабілі нічога», — тлумачыць Чайко.
Спілаваную магнолію адвезлі камунальным службам на перапрацоўку.
Каментары