Сабралі ў сэканд-хэндзе 5 вобразаў па апошніх трэндах
Паляўнічыя на ўнікальныя рэчы ніколі не абмінаюць сэканд-хэнды — там можна адшукаць цікавыя абноўкі па невялікім кошце. А ці ўдасца адзецца ў сэкандзе па апошніх трэндах? «Наша Ніна» паглядзела паказы вядомых дызайнераў і паспрабавала сабраць модныя вобразы.
Пад фота можна ўбачыць, што колькі каштавала, а ў канцы — прагаласаваць за камплект, які атрымаўся найбольш удалым.
Сукенка крашэ
Ажурная вязка кручком мільгала на паказах у Chloé і Oscar de la Renta. Гэтая сукенка — з імітацыяй пляцення крашэ (з сапраўдным каштавала б шалёных грошай — ручная праца як-ніяк). Неонавы ружовы колер таксама ў трэндзе. Дапаўняем вобраз клатчам з карункамі і абуткам на плеценай падэшве (засталося толькі знайсці новыя матузкі для яго) — і можна ісці на шпацыр па летнім горадзе.
Каралеўская парча
Тканіна, якую любілі каралеўскія асобы, зноў прыйшлася даспадобы дызайнерам. Не будзем супярэчыць! Для штодзённага вобразу парча занадта пафасная, а вось для вячэрняга выхаду можа падысці. Пад сукенку знайшлі туфлі з металічным бляскам на шырокім абцасе — такія лёгка маглі б з’явіцца ў новай калекцыі Zara.
Змяіныя легінсы і кароткі топ
Анімалістычныя прынты — заўсёды спрэчны трэнд. Але мы вырашылі рызыкнуць і выбралі штаны а-ля скура пітона (гэта модна, проста паверце). Верх — кароткі спартыўны топ і пінжак (узялі белы, бо гэта адзін з галоўных колераў бягучага сезону). Сумачка — класічны фасон ад Шанэль.
Этніка
Этнічныя матывы зараз вельмі актуальныя. Таму шукайце рэчы з яркім арнаментам. А яшчэ дызайнеры прапануюць насіць экстрэмальна кароткія спадніцы. Прывітанне вам з моды нулявых!
Гарох і «варонкі»
У ліку трэндаў — вараныя джынсы з 1980-х і рамантычны гарох. Мы выбралі класічны чорна-белы прынт, але іншыя варыяцыі таксама вітаюцца. Замшавыя басаножкі — моднага цёпла-карычневага колеру (Інстытут колеру Pantone называе гэта адценне «тофі»).
{POLL#872}
Каментары