Закрылі справу супраць журналіста «Медузы» Галунова, якому паліцэйскія падкінулі наркотыкі
МУС Расіі прыняло рашэнне спыніць крымінальны пераслед журналіста Івана Галунова ў сувязі з недаказанасцю яго віны. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Расіі Уладзімір Калакольцаў, перадае РИА Новости.
Абвінавачванні з Галунова знятыя, ён будзе вызвалены з-пад хатняга арышту 11 чэрвеня, дадаў кіраўнік МУС.
Калакольцаў таксама адзначыў, што матэрыялы расследавання з падраздзялення ўласнай бяспекі па гэтай справе накіраваныя ў Следчы камітэт. Паліцэйскія, якія затрымлівалі Галунова, на час праверкі адхіленыя ад працы.
Таксама міністр паабяцаў хадайнічаць перад Уладзімірам Пуціным аб звальненні генерал-маёра паліцыі Андрэя Пучкова.
Журналіста «Медузы» Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня па падазрэнні ў збыце наркотыкаў. Рашэннем суда 8 чэрвеня Галунова змясцілі пад хатні арышт. Журналіст на пасяджэнні суда распавёў, што яму паступалі пагрозы пры падрыхтоўцы расследавання пра рынак пахавальных паслуг.
Затрыманне журналіста выклікала грамадскі рэзананс і салідарнасць журналісцкай супольнасці ў Расіі.
Каментары