Арыштаваны былы менеджар Стэна Лі. Яго абвінавацілі ў жорсткім абыходжанні з аўтарам коміксаў Marvel
Былы менеджар аўтара коміксаў Marvel Кія Морган арыштаваны ў Арызоне па абвінавачванні ў жорсткім абыходжанні з пажылым чалавекам, паведамляе Associated Press.
Былога менеджара таксама абвінавачваюць у крадзяжы, растраце і падробцы. Па версіі паліцыі, Кія Морган выкраў 262 тысячы даляраў, заробленых Стэнам Лі ў маі 2018 года на аўтограф-сесіі. Таксама ён перавёз стваральніка персанажаў Marvel з яго дома на Галівудскіх пагорках у Бэвэрлі-Хілз, каб больш уплываць на яго.
У 2018 годзе дачка Лі заявіла, што Морган маніпуляваў яе бацькам, забараняючы яму бачыцца з сям'ёй і сябрамі. Паводле яе слоў, менеджар спрабаваў узяць пад кантроль грошы свайго працадаўцы. Адвакат Моргана заявіў, што той ніколі не выкарыстоўваў Лі ў сваіх інтарэсах.
У хуткім часе Моргана перавязуць у Лос-Анджэлес, дзе ён паўстане перад судом.
Каментары