У лясах Валынскай вобласці Украіны прайшла вайскова-спартовая гульня з удзелам 250 юнакоў.
Раней тыя гульні ўспрымаліся як гульні. Але калі ў 2014-м узнікла пагроза незалежнасці і цэласнасці Украіны, то ў першым шэрагу абаронцаў, сярод тых украінскіх «300 спартанцаў», апынуліся не прафесійныя сілавікі, а менавіта моладзь, якая прайшла вайсковую падрыхтоўку і была пры гэтым аддана патрыятычнай.
З 9 па 12 мая ў лясах Валынскай вобласці Украіны прайшла чарговая вайскова-спартовая гульня «Адвага», якую арганізуе ўсеўкраінская моладзевая арганізацыя «Нацыянальны Альянс».
У гэтым годзе ў ёй узялі ўдзел каля 250 чалавек.
Па запрашэнні Грамадскага сектара Атрада «Пагоня» — ён аб'ядноўвае беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны ў Данбасе — гульню другі год запар наведалі таксама і беларусы.
Рамантычны арэол «Адвазе» надае той факт, што яна ўзнаўляе атмасферу вызваленчага руху ва Украіне падчас Другой сусветнай вайны і адбылася ўжо чатырнаццаты раз у лясах, дзе і ваявалі байцы Украінскай паўстанцкай арміі.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў пачалося з малітвы, падчас якой святар блаславіў удзельнікаў на ўдзел у гульні.
Далей удзельнікі падзяліліся на дзве каманды — сотні. Каманды абралі месца «дыслакацыі», дзе паставілі свой сцяг. Мэта кожнай сотні была ў захаванні свайго сцяга і здабыцці сцяга ворага і ўтрыманні яго на працягу чатырох дзён. У такім выпадку гэта расцэньвалася б як «чыстая перамога».
У гэтым годзе абедзве каманды засталіся са сваімі сцягамі і вынік гульні быў вызначаны па колькасці сарваных павязак.
Каментары