Міхась Скобла напісаў кранальны верш пра апусцелыя вёскі, дзе бульдозерамі хаваюць кінутыя хаты
Свой верш Міхась Скобла апублікаваў у сябе ў фэйсбуку.
Міхась Скобла. Радаўніца
Над крыжамі птах пяе.
Гэй, аднавяскоўцы,
Мармуровыя мае!..
У адказ — ні слоўца.
Паражнілі гляк да дна,
Запівалі квасам.
Танцавалі да відна
Польку з выхілясам.
Звонкаглінныя збанкі
На платах віселі.
Спеў ляцеў на ўсе бакі,
Па тры дні — вяселлі.
Прывяла вярба наўгад,
Жоўтая, як з воску, —
Ні людзей няма, ні хат,
Закапалі вёску.
Там клады і тут клады,
Зруб ляжыць ля зруба.
Перабраліся б сюды,
Дзед Васіль мой малады,
Цётка мая Люба.
Памінальнай свечкі ўсхліп
Стыне ў халадэчы.
Можа, тут вы ажылі б,
Запаліўшы ў печы.
Экскаватарны раскоп.
Вецер рве газету.
Комін, нібы перыскоп,
Глянуў з таго свету…
Каментары