Лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін заявіў «Нашай Ніве», што ягоная партыя будзе ўдзельнічаць у выбарах. У якіх, праўда, пакуль невядома.
Сяргей Калякін: Выбары пакуль не абвешчаны, але мы будзем удзельнічаць — я маю на ўвазе партыю. А як гэта будзе, у якіх выбарах — вызначым у красавіку, пасля таго як Лукашэнка скажа, якія будуць выбары. Прэзідэнцкія, ці парламенцкія, ці хоць якія», — сказаў Калякін.
«Наша Ніва»: Але ў 2015 годзе вы не здолелі назбіраць 100 тысяч подпісаў, на што вы разлічваеце цяпер?
СК: Будзем збіраць подпісы!
«НН»: Па-вашаму, пазнавальнасць і запатрабаванасць вашай партыі ўзрасла?
СК: Самая высокая папулярнасць! Ліберальныя ідэі ўвогуле не карыстаюцца папулярнасцю, можа 5-7% недзе. А ідэі сацыяльнай справядлівасці, равенства, сацыяльнай абароны, яны вельмі высока каціруюцца!
«НН»: Колькі працэнтаў спадзяецеся набраць?
СК: Набраць — як людзі прагаласуць.
«НН»: Ну але вы ж толькі што абапіраліся на нейкую сацыялогію, кажучы пра ліберальныя ідэі.
СК: У нас забароненая сацыялогія, ніхто не можа абапірацца на яе. Калі нехта спасылаецца на нейкую сацыялогію, то ён гадае на гушчы кавы. Як і ніхто не ведае, колькі будзе ў пратаколах, апроч таго, хто будзе даваць каманду.
«НН»: Карацей, як я зразумеў, ваш асноўны праціўнік — Лукашэнка? А больш няма.
СК: Канечне, іншыя не супернікі. Гэта адзіны канкурэнт. Самы галоўны спарынг-партнёр — гэта людзі нашай краіны, з якімі трэба размаўляць, даносіць ім ідэі. Якія і павінны вырашаць, я не збіраюся ні з кім змагацца.
Каментары