Героі ці бандыты? Чаму свядомыя беларусы не падтрымлівалі Армію Краёву
Кім былі партызаны АК для беларусаў, разважае кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч.
АК і польскае партызанскае змаганне ў Заходняй Беларусі — тэма па азначэнні кантраверсійная. У ёй сутыкаюцца як мінімум тры падыходы: польскі, савецкі і нацыянальна беларускі.
Героі
Для палякаў усё ў гэтым пытанні проста і зразумела.
Перад Другой сусветнай вайной яны мелі дзяржаву, якая ў верасні 1939 года была падзеленая паміж нацысцкай Германіяй і сталінскім СССР паводле ўмоў сумнавядомых сакрэтных пратаколаў да пакта Молатава — Рыбентропа. Натуральна, што палякі прыняць новую рэчаіснасць ніяк не маглі і, адышоўшы ад ваеннага паражэння, арганізавалі на ўсіх акупаваных тэрыторыях моцны рух супраціву. Удзельнікі гэтага руху для палякаў — героі народнага змагання за волю і незалежнасць, а нейкія непрывабныя бакі той барацьбы — прыкрыя, але непазбежныя ў такой сітуацыі выдаткі.
Злачынцы
Простым быў і савецкі погляд на праблему. Ён, хоць і ў мякчэйшай форме, жывы ў Беларусі да сённяшняга часу.
Паводле яго, на тэрыторыях, дзе пасля 1917 года ўсталявалася савецкая ўлада, распачалася пабудова новага, справядлівага грамадства. Нягледзячы на тое, што падчас гэтага будаўніцтва дапускаліся «грубыя памылкі» (такім эўфемізмам, напрыклад, называлі масавыя рэпрэсіі 1930-х гадоў), гістарычная прагрэсіўнасць такога грамадства не ставілася пад сумнеў. І гэта нібыта калі не розумам, то сэрцам разумелі «працоўныя ўсяго свету», а сярод іх і беларусы-заходнікі, грамадзяне «буржуазнай» Польшчы. Усе яны толькі і марылі, каб далучыцца да сацыялістычнага будаўніцтва, і ў верасні 1939 года іхняя мара здзейснілася. «Палякі-эксплуататары» былі незадаволеныя такім зыходам справы, таму разгарнулі супраць савецкай улады, якая неўзабаве ўступіла ў вайну з гітлераўскай Германіяй, узброеную барацьбу. І не спынілі яе нават пасля заканчэння нямецкай акупацыі. У выніку, аднак, польскія «банды» пацярпелі гістарычную паразу, а будаўніцтва светлай будучыні на ўсёй тэрыторыі Беларусі працягнулася.
Вядома, такая ідылічная карціна мае мала супольнага з рэчаіснасцю. Сёння добра вядома, якой была тады савецкая дзяржава. Гвалтоўная калектывізацыя, раскулачванне, масавыя расстрэлы «ворагаў народа», разгалінаваная сістэма ГУЛАГа. Усё гэта напоўніцу паспыталі беларусы, якія былі грамадзянамі СССР да вайны. Але і заходнікам, што пабылі пад Саветамі менш за два гады, хапіла часу, каб пераканацца ў сутнасці гэтага рэжыму.
А што думаць беларусам?
Як польскі, так і савецкі погляды не бяруць да ўвагі іх інтарэсы і прэтэнзіі на ўласную дзяржаўнасць. Гэтай дзяржаўнасці беларусам не ўдалося атрымаць пасля Першай сусветнай вайны, хоць яны за яе змагаліся. Больш за тое, беларуская этнічная тэрыторыя тады была штучна падзеленая польска-савецкай мяжой.
Натуральна, дзеячаў беларускага руху такое становішча задаволіць не магло. Бадай што, не было ў міжваенны час ніводнай беларускай арганізацыі ў Польшчы, якая б пагаджалася з наяўным станам рэчаў. У розным выглядзе — незалежная дзяржава, далучэнне Заходняй Беларусі да СССР, далучэнне Усходняй Беларусі да Польшчы, — але пастулат нацыянальнага аб’яднання заўсёды прысутнічаў у іх праграмах.
І ніхто з беларускіх палітыкаў не меў ілюзіі, што аб’яднанне можа здарыцца мірным шляхам. Публіцыст віленскай газеты «Беларускі звон», падпісаны псеўданімам «Ярашэўскі», у 1922 годзе прароча пісаў:
«Раўнавага» ў Еўропе патрывае мо некалькі гадоў, пакуль не прыйдзе новая завіруха, ад якой мо вельмі зменіцца палітычная карта Еўропы. Тады і палажэнне беларусаў можа сур’ёзна змяніцца — на дабро ці мо і на зло. Вось жа ад таго, што мы здолеем зрабіць за гэтыя гады, будзе залежаць і ўвесь наш нацыянальны быт. Будзем сільнымі культурна і эканамічна — дык сваё возьмем! Будзем кволымі, слабымі — дык такая ж будзе і доля наша!»
Спробы стаць «сільнымі культурна і эканамічна» ў 1920—1930-я гады сапраўды рабіліся. Але па розных прычынах яны не мелі поспеху. Да верасня 1939 года, калі ў свеце рэальна пачалася «новая завіруха», беларусы ў Польшчы былі ва ўсіх адносінах «кволымі, слабымі». Добра, што хоць жывымі, — бо тыя, хто паверыў у савецкія хімеры і пасля польскіх турмаў скіраваўся шукаць лепшай долі ў СССР, падзялілі лёс сваіх усходнебеларускіх братоў.
Чаму адны беларусы падтрымалі АК, а іншыя не
Пасля пачатку вайны адзінае, што заставалася беларусам, — зрабіць стаўку на кагосьці з буйных гульцоў: гітлераўскую Германію, сталінскі СССР ці разгромленую, але няскораную польскую дзяржаву, якую ў Беларусі прадстаўляла ўзброенае падполле — Армія Краёва.
Поўнага адзінства сярод беларускіх дзеячаў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, не было. Многія з іх сталі працаваць у нямецкай акупацыйнай адміністрацыі, іншыя ўключыліся ў стварэнне структур савецкага падполля і партызанскага руху. У той жа час да польскага падполля не далучыўся, бадай, ніхто з беларускіх палітыкаў. Хоць у гэтым руху дастаткова актыўна ўдзельнічалі простыя жыхары Заходняй Беларусі. Чаму так?
Маральнай перавагай польскага падполля было тое, што толькі яно не было прадстаўніком таталітарнага рэжыму. Хоць міжваенную Польшчу, асабліва ў 1930-я гады, цяжка назваць дэмакратычнай краінай, усё ж такі яе палітычныя практыкі былі не супастаўныя са сталінскімі ці гітлераўскімі. Таму многім жыхарам Заходняй Беларусі (і не толькі палякам), якія глядзелі на сітуацыю прагматычна, вяртанне даваенных польскіх парадкаў падавалася не найгоршым варыянтам. І гэта прыцягвала іх у атрады Арміі Краёвай. Таму АК не ідэйна, але дэмаграфічна — у пэўнай ступені і беларуская з’ява.
Але для прадстаўнікоў беларускай эліты, якая намагалася выкарыстаць ваенную завіруху для стварэння ўласнай дзяржавы і аб’яднання этнічнай тэрыторыі, каменем спатыкнення стала пытанне рыжскай мяжы. Беларусы ніяк не маглі пагадзіцца на тое, каб Беларусь і пасля вайны засталася падзеленай. Яны разумелі, што іншага гістарычнага шанцу для аб’яднання можа не надарыцца. Але палякі хацелі аднаўлення даваеннай усходняй мяжы і гатовыя былі весці сур’ёзныя перамовы толькі на гэтай аснове.
Таму польскі варыянт і не стаў для свядомых беларусаў у гады Другой сусветнай вайны сур’ёзнай альтэрнатывай нямецкаму ды савецкаму. І стаўленне іх да польскага падполля было збольшага варожым ці ў лепшым выпадку стрыманым. Такім яно і заставалася ўсю вайну, нягледзячы на пэўныя спробы беларуска-польскіх перамоў, пра якія згадвае Андрэй Пачобут. І натуральна, што браць у палякаў дазвол на правядзенне нацыянальнай працы ніхто з беларусаў не збіраўся. Паколькі не ўспрымалі іх за адзіных гаспадароў гэтай зямлі, а сябе — за гасцей на ёй.
Ці запэцканыя акаўцы беларускай крывёй?
У дзейнасці любой партызанкі ёсць усялякія старонкі: і гераічныя, і ганебныя. Армія Краёва тут аніякае не выключэнне. Другая сусветная вайна на тэрыторыі Беларусі была сапраўднай вайной «усіх супраць усіх».
Усе бакі не асабліва пераймаліся этычнымі момантамі, калі ішла гаворка пра забеспячэнне сваіх інтарэсаў. Тым больш у гады вайны, калі кроў лілася няспынна і штодня, каштоўнасць чалавечага жыцця дэвальвавалася, і не кожны мог процістаяць спакусе дзейнічаць па прынцыпе «няма чалавека — няма праблемы».
Ідэалагічна-прававую базу пад рэпрэсіі з боку АК пры жаданні можна было падвесці лёгка. Любы чалавек, які публічна выказваўся за незалежную і непадзельную Беларусь, тым самым адмаўляў узнаўленне Польшчы ў ранейшых межах. Адпаведна, мог быць кваліфікаваны палякамі як здраднік і на гэтай падставе «пушчаны ў расход». Але ці заслугоўвала гэтае «здрадніцтва» найвышэйшай меры пакарання і ці не мела месца проста расправа над непажаданым чалавекам — пытанні застаюцца.
Захавалася нямала сведчанняў і расповедаў пра жахлівыя рэчы, якія чынілі ў беларускіх вёсках жаўнеры Арміі Краёвай. Напрыклад, адразу пасля вайны вядомы беларускі каталіцкі святар, дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адам Станкевіч занатаваў у сваім дзённіку (які, што важна, пісаўся для сябе і не прызначаўся для публікацыі):
«Была сястра, расказвала аб іх жыцці на вёсцы падчас вайны і ваенных пераходаў. a) Усе дзерлі і мардавалі народ: немцы, бальшавікі і палякі-партызаны, але гэтыя апошнія «превзошли» ўсіх, гэта былі агулам, з малымі выняткамі, фармальныя бандыты, і грабежнікі, і звярыныя шавіністы. Майго брата Валентага ў Арлянятах да смерці закатавалі за тое, што ён называў сябе і пісаў беларусам. За гэта ж білі да паўсмерці швагра Ант. Астроўскага ў Вішнёўцы і многіх-многіх беларусаў, асабліва праваслаўных. З бандамі былі ксяндзы, іх «капеланы»; уночы забіваюць людзей, а ўдзень спавядаюцца, прычашчаюцца. Ксёндз адпраўляе імшу; так, напрыклад, было пад гумном у Астроўскага ў Вішнёўцы…»
Падобных сведчанняў можна прывесці шмат. Не думаю, аднак, што ў гэтым ёсць патрэба. Бо я зусім не стаўлю задачы ачарніць АК і паказаць яе, насуперак польскаму погляду, з выключна негатыўнага боку. І тым больш не збіраюся скочвацца ў абвінаваўчы пафас.
Бо сам па сабе польскі супраціў быў не лепшы і не горшы за іншыя партызанскія рухі — савецкі, украінскі, літоўскі. У любым з іх можна пры жаданні адшукаць нямала прыкладаў гераізму і ахвярнасці — і не менш прыкладаў злачынстваў і тэрору.
Пра любы з іх сведкі могуць распавесці як станоўчае, так і адмоўнае — у залежнасці ад уласнага досведу.
Не героі, але і не бандыты
Ацэньваючы колішнія падзеі, важна не паддавацца спакусе эмацыйнага развешвання станоўчых ці адмоўных ярлыкоў, не беручы пад увагу кантэксту, у якім гэтыя падзеі адбываліся.
Для мяне няма сумневу, што жаўнеры Арміі Краёвай не могуць прэтэндаваць на ролю беларускіх нацыянальных герояў. Бо арганізацыя гэта была ўсё ж не беларуская, а польская і змагалася яна ў тым ліку і за тое, каб Беларусь па-ранейшаму была падзелена напалам.
З пазіцыі беларускага патрыёта такое становішча — нонсэнс. Ды і немагчыма закрыць вочы на тое, што ахвярамі акаўцаў рабіліся ў тым ліку і беларускія патрыёты.
У той жа час непрымальны погляд на акаўцаў, які застаўся ад савецкіх часоў і які многія з нас некрытычна рэтранслююць і сёння. Гэта погляд на жаўнераў АК як на бандытаў, тэрарыстаў, няпрошаных захопнікаў, якія не мелі за душой нічога святога і жылі адно толькі думкай пра тое, як бы паздзекавацца з мясцовага насельніцтва.
На самай справе Армія Краёва ў Беларусі — з’ява шматаблічная, а таму і неадназначная. З размаху ляпіць на яе ярлык не выпадае.
З’яўленне і дзейнасць гэтага фармавання ў Заходняй Беларусі — з’ява натуральная, улічваючы тое, што гэтая тэрыторыя да вайны была часткай польскай дзяржавы. Шмат каму з мясцовых жыхароў гэта не падабалася, але многіх такая сітуацыя цалкам задавальняла. Калі ж нашы землі сталі часткай сталінскага СССР, жыццё многіх, хто і пры Польшчы асабліва не шыкаваў, ператварылася ў пекла. Пасля прыйшла нямецкая ўлада, нічым не лепшая. То ці ёсць нейкім дзівам, што, паглядзеўшы на адных і на другіх, нават многія праваслаўныя беларусы не захацелі такога шчасця і пайшлі змагацца ў лес за любую яму альтэрнатыву? А менавіта Армія Краёва ўвасабляла гэтую альтэрнатыву на вялікай частцы Заходняй Беларусі. Тым больш што моцнай беларускай нацыянальнай партызанкі стварыць не ўдалося.
Ці маем мы маральнае права асуджаць тых суайчыннікаў, якія не хацелі стаць удзельнікамі бязлітасных сацыяльных эксперыментаў і імкнуліся любой цаной гэтага пазбегнуць?
Чорна-белы погляд на АК — неканструктыўны. Ён добра надаецца да прапагандысцкіх мэтаў, але да разумення гістарычнай праўды не набліжае.
* * *
12 мая 2013 года ў вёсцы Рачкаўшчына Шчучынскага раёна на месцы, дзе, як мяркуецца, загінуў адзін з апошніх кіраўнікоў польскага пасляваеннага падполля Анатоль Радзівонік (Олех), прадстаўнікамі польскай меншасці ў Беларусі быў урачыста ўсталяваны чатырохметровы крыж з памятным надпісам на польскай мове.
Арганізатары мерапрыемства неўзабаве былі пакараныя штрафамі, а крыж, усталяваны на прыватнай тэрыторыі, прастаяў усяго два месяцы. У ліпені 2013-га ён быў у адсутнасць гаспадароў спілаваны і вывезены ў невядомым кірунку.
Гэтая сітуацыя справакавала вострую дыскусію ў беларускіх СМІ і сацыяльных сетках, якая засведчыла глыбокую расколатасць беларускага грамадства ў справе стаўлення да Арміі Краёвай і ўшанавання ў Беларусі яе жаўнераў.
Каментары