Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Ігара Шуневіча
Праваабарончы цэнтр «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыст Валянцін Стэфановіч накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.
Гаворка ідзе пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх «дзіравымі».
Шуневіч: «Дзіравыя» карыстаюцца адтулінамі не па прызначэнні
Праваабаронцы ў сваю чаргу адзначаюць, што ў беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі. Замест таго, каб супрацстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацыскіх поглядаў.
«Лічу, што дадзеныя выказванні носяць скрайне абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзянаў краіны па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі», — адзначае Валянцін Стэфановіч у заяве да старшыні Следчага камітэта.
Ён падкрэслівае, што такія выказванні, апроч іншага, сведчаць пра нізкую прававую культуру і неразуменне прынцыпаў дзейнасці органаў МУС, нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваных краінай.
Так, згодна з арт. 22 Канстытуцыі, усе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. А арт. 6 Закона «Аб органах унутраных спраў» замацоўвае, што гэтыя органы абараняюць жыццё, здароўе, гонар і годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзянаў ад злачынных і іншых супрацьпраўных пасягальніцтваў незалежна ад іх грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, пола, узроста, адукацыі і мовы, стаўлення да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, а таксама іншых абставінаў.
«Між тым выказванні І. Шуневіча, які з’яўляецца службовай асобай, уяўляюць сабой нішто іншае, як падбухторванне да дыскрымінацыі, варажнечы да грамадзянаў краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце - сэксуальнай арыентацыі, фармуюць непрыязь, пачуццё агіды, нянавісці і варожасці да прадстаўнікоў дадзенай групы.
Такім чынам лічу, што ў дзеяннях міністра унутраных спраў можа ўтрымлівацца склад злачынства па арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы ці розні)», — піша Валянцін Стэфановіч і ў адпаведнасці з арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса просіць СК правесці праверку ўказаных ў заяве фактаў і па яе выніках прыцягнуць Ігара Шуневіча да крымінальнай адказнасці.
Па гэтых жа абставінах, праваабронцы просяць правесці і пракурорскую праверку, даць ім належную прававую ацэнку.
Больш за тое, праваабаронцы праінфармавалі незалежнага эксперта Савета па правах чалавека ААН па абароне ад гвалту і дыскрымінацыі па прыкметах сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці Віктара Мадрыгаль-Барлоса па факце публічных выказванняў міністра ўнутраных спраў і прасілі яго, скарыстаўшыся інструментамі мандата, звярнуць увагу ўрада Рэспублікі Беларусь на недапушчальнасць такога кшталту заяваў службовых асобаў дзяржавы і неабходнасць няўхільнага прытрымлівання сваім міжнародным абавязацельствам у галіне абароны і падтрымкі правоў чалавека.
Праваабаронцы «Вясны» падкрэсліваюць, што міжнароднае права ў галіне правоў чалавека разглядае сэксуальную арыентацыю як адну з забароненых падставаў для дыскрымінацыі, і даводзяць да ведама дзяржорганаў рэкамендацыі ўрадам, што ўтрымліваюцца ў дакладзе спецдакладчыка, прадстаўленым на 38 сесіі Савета па правах чалавека ААН. Сярод іх:
- для барацьбы з гвалтам і дыскрымінацыяй па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці прыняць комплекс законаў, стратэгій і іншых мераў, разлічаных на канкрэтныя ўмовы, з улікам таго, наколькі відавочна гэтыя праблемы закранаюць кожную супольнасць і якім чынам іншыя фактары могуць адмоўна адбіцца на ўразлівасці зацікаўленых асобаў;
- прыняць заканадаўства ў дачыненні да рыторыкі нянавісці па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасці і прыцягваць вінаватых да адказнасці, у тым ліку палітычных і рэлігійных лідэраў;
- распрацоўваць палітыку ў галіне адукацыі, накіраваную на ліквідацыю шкодных сацыяльных і культурных прадузятасцяў, памылак і забабонаў;
- весці барацьбу з негатыўным і/або стэрэатыпным адлюстраваннем лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў і асоб, якія не адпавядаюць гендэрным нормам, у сродках масавай інфармацыі, а таксама спрыяць таму, каб сродкі масавай інфармацыі адыгрывалі пазітыўную ролю ў вырашэнні праблем, звязаных са стыгматызацыяй, забабонамі і дыскрымінацыяй ды інш.
Каментары