Выдатна працуе! Топ-10 найлепшых рэкламных спецпраектаў «НН» за 2018 год
Зірніце, якія класныя рэкламныя праекты «Наша Ніва» зрабіла за 2018 год.
Як змяніўся беларускі пейзаж за 150 гадоў: аднаўляем мясціны Напалеона Орды пры дапамозе 4G
Наш першы інтэрактыўны лонгрыд мы зрабілі разам з МТС: праехаліся па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю нашага славутага земляка, і паказалі, як выглядаюць сёння Ордавы пейзажы.
«Наша Ніва» ці не першая сярод беларускіх медыя выкарыстала такі фармат для натыўнай рэкламы, што і справакавала выбуховы эфект. За першыя суткі наш праект адкрылі больш за 40 тысяч разоў, а агульная колькасць праглядаў пераваліла за 63 тысячы.
Навучы бабулю і дзядулю рабіць сэлфі
У сакавіку мы далі старт конкурсу з розыгрышам двух новых смартфонаў Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+.
Для гэтага трэба было навучыць сваіх бабуль ці дзядуль рабіць сэлфі, а потым апублікаваць гэтае фота ў сацыяльных сетках. Пасля прафесійнае журы абрала тры здымкі-фіналісты, а найлепшае з іх вызначылі чытачы НН праз анлайн-галасаванне.
Так перамагла Марыя Азбука з вёскі Муравейніца, што на Гомельшчыне.
Дадамо, што пакуль доўжыўся конкурс, мы перыядычна ездзілі ў госці да некаторых удзельнікаў і пісалі гісторыі іх сем'яў.
Аўстрыйскі стандарт
Найбольш маштабны і рызыкоўны праект мінулага года. Дзякуючы Пріорбанку, што ўваходзіць у аўстрыйскую групу Raiffeisen Bank International, мы адправілі ў Вену фатографа Сяргея Гудзіліна і пісьменніка Віктара Марціновіча, які працаваў у гэтым горадзе і добра яго ведае.
У выніку выйшлі тры рознапланавыя лонгрыды:
- Марціновіч, якога вы не бачылі: пра новы раман, венскі побыт, будучыню і чаму ў Беларусі ён не свой
- Ад готыкі да мадэрну: гайд па Вене для культурных падарожнікаў ад Віктара Марціновіча
- 12 дробязяў з жыцця Вены, якія варта пераняць Мінску, каб стаць яшчэ лепшым
Менавіта ў межах нашага праекта Віктар упершыню прэзентаваў урывак новага рамана «Ноч».
Беларускія гераіні
Разам з Samsung Galaxy S9|S9+ мы расказалі гісторыі жыцця дванаццаці жанчын, якія ўвайшлі ў беларускую гісторыю: бунтаркі, мастачкі, паэткі. Сведкі даўно мінулых дзён і нашы сучасніцы.
Мы расказалі пра іх лёсы, згадалі выклікі, што паўставалі на іх жыццёвым шляху.
Апошнія беларускія паромы
У 2017-м разам з Volkswagen мы расказалі пра беларускія брукаванкі. Праз год мы зрабілі яшчэ адзін сумесны спецпраект — апошнія паромы, што працягваюць хадзіць па беларускіх рэках.
Летам мы праехаліся ўздоўж Прыпяці па Палессі, у пачатку восені — уздоўж Дняпра і яго прытокаў, а ў снежні праект скончыўся падарожжам па поўначы Беларусі ўздоўж Заходняй Дзвіны.
Галоўныя мецэнаты Беларусі. Хто і як вяртае нацыянальныя скарбы
«Наша Ніва» пры падтрымцы Белгазпрамбанка прасачыла гісторыю беларускага мецэнацтва і фундатараў культуры. Нам было цікава распавесці пра тых, хто ўкладаў рэсурсы ў культурныя здабыткі, творы мастацтва, архітэктуру, ідэі і ўсё тое, што стварала наш культурны ландшафт ад часоў ВКЛ да Рэспублікі Беларусь.
Мы папрасілі старшыню праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку, прадстаўніка інстытуцыі, якая найбольш шчодра падтрымлівае беларускую культуру, стаць правадніком у свеце заможных беларусаў — мецэнатаў.
Машына часу
«Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу трыста год таму. Далі імёны рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам — нас, у нашых жылах бруіць іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае некропалі ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў, да якіх мы апелюем штодня, самі пра тое не здагадваючыся».
У праекце «Машына часу» мы шукалі сляды крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў у сённяшняй Беларусі. А дапамагаў нам «Ford у Беларусі».
Сучасны беларускі дызайн
Усё тое, што нас атачае, так ці інакш з’яўляецца прадуктам дызайну. Шыльды, білборды, крой адзення, планіроўка кватэры… Мы сутыкаемся з гэтым кожны дзень і часам нават не ўяўляем, як шмат працы стаіць за кожнай рэччу.
У гэтым праекце разам з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring мы знаёмімся бліжэй з тымі, хто задае тэндэнцыі ў дызайне: ад лагатыпаў да ўпакоўкі.
Дарэчы, праект працягваецца. Чакайце новых частак!
Падарожжы з «Каронай»
Разам з сеткай гіпермаркетаў «Карона» мы зладзілі тры падарожжы па Беларусі.
Спачатку мы адправіліся на малую радзіму №1 — у Шклоў, дзе паглядзелі на помнік агурку і тую самую Трафімаву крыніцу. Пасля з'ездзілі на Аршаншчыну ў вёску Копысь, дзе яшчэ жывыя ўспаміны аб Янку Купалу (побач стаяла яго лецішча).
А ў кастрычніку праехаліся па 25 адрасах каралеўскага Гродна. Гісторык Андрэй Чарнякевіч распавёў пра далёкае і нядаўняе мінулае горада, а таксама правёў па мясцінах, якія турысты звычайна абмінаюць.
Магдэбургскія гарады з Сяргеем Гудзіліным
За апошнія два месяцы 2018-га Сяргей Гудзілін з'ездзіў у восем беларускіх гарадоў, што пакінулі глыбокі след у нашай гісторыі і культуры: ад з'яўлення, праз эпоху магдэбургскага росквіту і да нашых дзён. Кантэнт для матэрыялаў мы стваралі з дапамогай Samsung Galaxy Note 9.
Падарожжы пачаліся з Мсціслава, далей мы адправіліся ў Пінск, Наваградак, Браслаў, Мазыр, Полацк, Барысаў, а завяршыўся праект Нясвіжам, горадам, які ведае ўвесь свет.
Які з нашых праектаў вам найбольш спадабаўся? Пішыце ў каментарах, а таксама прапаноўвайце свае ідэі для матэрыялаў! І, калі вы хочаце добра прарэкламавацца, пішыце на [email protected].
Каментары