Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва

БАРЫСАЎ

У ваколіцах Барысава ў зямлі на працягу стагоддзяў захоўваўся адзін з найцікавейшых скарбаў вікінгаў на Беларусі. Менавіта з Барысава ў 1514-м выступіў Астрожскі ў свой легендарны паход на Крапівенскае поле, пра які даведалася ўся Еўропа. Тут, у гэтым горадзе, стаіць адна з дзвюх захаваных у Беларусі вадацяжных вежаў слыннага інжынера Шухава, вынаходніцтвы якога пасля скарысталі Гаўдзі і Лё Карбюзье. Барысаў – горад з вялікай гісторыяй – у праекце «Гарады Магдэбургскага права».

ТРЫ ГАРАДЫ НА БЯРЭЗІНЕ

Гарадзішча старажытнага Барысава месцілася па левым беразе ракі Бярэзіны. Тут першапачаткова і ўзнік горад. Паводле звестак Тацішчава, паселішча заснаваў князь полацкі, сын легендарнага Усяслава Чарадзея, Барыс Усяславіч у 1102 годзе (згодна з іншымі звесткамі – кіеўскі князь Яраслаў Мудры ў 1032 годзе). Найбольш стары пісьмовы ўспамін пра Барысаў як горад Полацкага княства змяшчаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.

СТАРЫ БАРЫСАЎ
Сёння гэта вёска Старабарысаў. У XIII стагоддзі тут стаяў замак, але ў першай палове XIV стагоддзя Барысаў вырашылі перанесці на новае месца. Па якой прычыне, дакладна невядома: магчыма, праз пажар, а магчыма, праз большыя выгоды новай пляцоўкі, што стаяла на гандлёвых шляхах. Так ці інакш, але Барысаў «перамясціўся» на некалькі кіламетраў бліжэй да Бярэзіны.

З паходжаннем ракі Бярэзіны, дарэчы, звязаная займальная легенда. Кажуць, проці млына за Докшыцамі некалі расла бяроза. Свіння пад ёй усё рыла, рыла і дарылася да вадзяной жылы. Тады з-пад яе «чухнула» рака, якую і назвалі Бяроза. Легенда гэта народная, але цікава, што свой пачатак Бярэзіна сапраўды бярэ ў Докшыцкім раёне.

СКАРБ
На замчышчы, дзе стаяў прабацька цяперашняга Барысава, сёння месціцца адзінокі гасцявы домік былога палацава-паркавага комплексу. Побач яшчэ прачытваецца ландшафт старадаўняга гарадзішча, а таксама воднага ансамбля з сажалкамі і запрудамі.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай старабарысаўскі маёнтак атрымалі Радзівілы. Знакаміты род валодаў Барысавам амаль стагоддзе. Верагодна, у час іх працяглага намесніцтва быў адноўлены і ўмацаваны гаспадарчы двор на месцы першапачатковага гарадзішча. Гэтае паселішча ў той час насіла назву Радзівілаў. Пад ёй яно змешчана на даволі падрабязнай карце ВКЛ, надрукаванай у Амстэрдаме ў 1613 годзе. На гэтай жа карце можна ўбачыць і сам Барысаў. Пазней ім валодаў імператарскі дом Раманавых.
Гандлёвыя шляхі ранняга Сярэднявечча праходзілі і праз Барысаўскі рэгіён. Бярэзіна ўваходзіла ў вядомы шлях «З варагаў у грэкі». Гэта пацвярджае адзін з самых цікавых скарбаў вікінгаў на Беларусі, знойдзены непадалёк ад вёскі Брылі ў 2000 годзе. Брылёўскі скарб утрымліваў 290 срэбных арабскіх дырхамаў, гіркі для ўзважвання срэбра і фрагменты мяча. Навукоўцы лічаць, што скарб мог належаць вікінгу-гандляру, і адносяць яго да IX стагоддзя. Цяпер каштоўнасці захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі. Іх паходжанне звязваюць з рытуальным ахвярапрынашэннем, бо меч быў зламаны.
ЗАМАК
Мяркуецца, што, калі ў першай палове XIV стагоддзя Барысаў перанеслі з першапачатковага месца на новае, ніжэй па цячэнні Бярэзіны, тут, у пойме ракі, і быў збудаваны драўляны замак. Гэтае месца цяпер знаходзіцца непадалёк ад сучаснага аўтамабільнага моста. У 1499 годзе праз Барысаў рухалася на ўсход, на вайну з Маскоўскай дзяржавай, войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім. Менавіта адсюль выступіў Астрожскі ў свой легендарны паход на Крапівенскае поле, пра які даведалася ўся Еўропа. Барысаўскі замак на пэўны час зрабіў сваёй рэзідэнцыяй вялікі князь Аляксандр, які ажыццяўляў адсюль агульнае кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі. Доўгі час тут знаходзілася велікакняжацкая стаўка. Замак адыгрываў важнае стратэгічнае значэнне.

З тых часоў засталося першае апісанне Барысаўскага замка, зробленае Аляксандрам Гваньіні – італьянскім вайскоўцам, што ў 1560-я гады працяглы час служыў у ВКЛ. У сваёй працы «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» ён пісаў: «Барысаў – места драўлянае. Замак зроблены з дубовых дрэў і самым лепшым чынам умацаваны вежамі і драўлянымі чатырохрадовымі сценамі, якія ўнутры запоўнены зямлёй і камянямі. Замак выгадна абкружаны наўкол ракой Бярэзінай. Ад Вільні знаходзіцца за 40 міль».

Тэхнічна састарэлы замак пачаў страчваць сваю ролю ў XVII стагоддзі, а з пачатку XIX – адміністрацыя ўвогуле пакінула яго і перайшла ў памяшканні маёнтка ў Старабарысаве.
Без гаспадара замак даволі хутка прыйшоў у заняпад. Пасля на гэтым месцы паўстаў двухпавярховы каменны будынак – «турэмны замак». Падчас вайны з палякамі сцены і дах турмы былі моцна пашкоджаныя. Ужо за савецкім часам, у 1920-я, будынкі аднавілі і выкарыстоўвалі па прызначэнні яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў. Пасля Другой сусветнай вайны асноўная частка старых будынкаў была закінута і пачала паступова разбурацца. Да нашага часу ад «турэмнага замка» засталіся толькі фрагменты будынкаў, цаглянага плота і шыльда «Гісторыка-культурная каштоўнасць». Замчышча патрабуе больш значных даследаванняў, аднак, на жаль, з цягам часу гэта здаецца ўсё менш верагодным.
У 1563 годзе Барысаў атрымаў Магдэбургскае права. Але асаблівы гандлёвы статус Барысава як важнага рамесніцкага цэнтра быў вядомы і ў ранейшыя часы.

У канцы XIV стагоддзя Барысаў разам з навакольнай воласцю падпарадкоўваўся непасрэдна вялікаму князю Вітаўту. Апошні ў 1396 годзе выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, у якім вызначаў парадак уліку мядовай даніны.
Барысаўскі герб быў нададзены гораду прывілеем Жыгімонта Аўгуста 10 жніўня 1565 года. Герб уяўляў сабой у белым (сярэбраным) полі гарадскую браму на дзвюх вежах, над якой змяшчалася выява святога Пятра з ключом у правай руцэ. Гэтым гербам горад карыстаўся да канца існавання ВКЛ і быў пацверджаны апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім прывілеем 1792 года. Выява старажытнага герба Барысава цудам дайшла да нашых дзён – гістарычная пераемнасць захоўваецца па сёння.

МАГДЭБУРГ І ВІТАЎТ
РЫНАК
Відаць, праз частыя пераносы цэнтра горада Барысаў не мае нейкай сваёй унікальнай гарадской планіроўкі вакол важных «горадаўтваральных» прастораў – замчышчаў ці гарадзішчаў. Замест гэтага горад цяпер падзелены ракой на ўмоўна Стары і Новы. Большая частка вуліц Барысава прастакутнай планіроўкі. Гэта ўжо павевы Новага часу ў горадабудаўніцтве – спрошчаныя формы «ідэальных» гарадоў эпохі Асветніцтва супраць радыяльнай планіроўкі сярэднявечных гарадоў.
Галоўным месцам гістарычнай часткі Барысава з'яўляецца мясцовы рынак. Ён існуе на гэтым месцы хіба ўжо некалькі стагоддзяў. Вакол яго горад рос і разбудоўваўся. У 1807-м у Барысаве з'явіўся першы цагляны будынак – магістрат. Ён перажыў усе нашэсці і захаваўся ў выглядзе адміністрацыйнага будынка Свята-Уваскрасенскага сабора. Гэты сабор і па сёння з'яўляецца галоўнай візітоўкай горада.

Цікава, што ў пачатку XX стагоддзя ў Барысаве ўжо існаваў кінатэатр. Невялікі будынак, у якім ён размяшчаўся, меў ганарыстую назву «Гігант». Увогуле, гістарычнай забудовы ў старым горадзе захавалася не менш, чым у нашай сталіцы. Варта адзначыць будынак аптэкі, ён з'явіўся ў канцы XIX стагоддзя. Аптэка дзейнічае па сёння, пры гэтым у самім будынку паспрабавалі адлюстраваць дарэвалюцыйны антураж.
Да вайны ў Барысаве жыло каля 25 тысяч яўрэяў, а ўсё насельніцтва на той час складала каля 42 тысяч. У Горадзе было пад два дзясяткі сінагог. Да нашага часу захаваліся толькі дзве. Асноўная – харальная – датуецца пачаткам XX стагоддзя. У 1962-м яе рэканструявалі пад Дом піянераў.

Галоўнай вуліцай старой часткі горада была Мінская (цяпер III Інтэрнацыянала) на ёй і пачалі ўзводзіць першыя каменныя пабудовы. Па традыцыі вуліцы называлі найперш па шляхах, куды яны вялі. У Барысаве такіх вуліц было некалькі: Полацкая (ад назвы тракту ў бок старажытнага беларускага горада), Лепельская і Віленская.
БАТАРЭІ
Падзеі напалеонаўскага нашэсця ў Барысаве маюць ці не сакральнае гістарычнае значэнне, на якім цяпер будуецца ўвесь турыстычны патэнцыял рэгіёна. У ваколіцах Барысава, ля вёскі Студзенка, 27 лістапада 1812 года адбылася знакамітая (і фатальная для шматтысячнай арміі Напалеона) пераправа праз Бярэзіну. Французы лічаць, што яна і вызначыла паразу французскай арміі ў «Айчыннай вайне 1812 года». Рэканструктары наведваюць Брылёўскае поле штогод. Там жа ўсталяваны і памятны знак.
Але найвялікшае ўражанне аб падзеях тых часоў робяць фартыфікацыйныя збудаванні ля Бярэзіны. Комплекс земляной крэпасці з валамі называюць Батарэямі. Ад былой крэпасці, што абараняла пераправу праз Бярэзіну ў часе напалеонаўскіх войнаў, засталіся толькі фрагменты, раскіданыя па тэрыторыі, меншай за гектар. Будавалася крэпасць у пачатку 1812 года, і летам, калі Напалеон ужо падышоў да Барысава, была пакінутая. Да канца года Барысаў быў адваяваны ў французаў і праз год фартэцыя была дабудаваная.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў 20-х гадах XIX стагоддзя тут маглі праходзіць службу дзекабрысты. А праз стагоддзе ў гэтых мясцінах праходзіў фронт савецка-польскай вайны.
У 1871 годзе праз Барысаў прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, і гэта дало пачатак развіццю новай індустрыяльнай часткі горада. Яго цэнтр у чарговы раз перамясціўся, цяпер ужо за Бярэзіну. Ад чыгункі, якую будавалі на новым і зусім глухім месцы, у горад праклалі тракт і забрукавалі. Тракт назвалі Трубяцкім – у гонар мінскага генерал-губернатара. Будынак вакзала, узведзены ў 1914 годзе, – адзін з найпрыгажэйшых вакзалаў на працягу ўсяго чыгуначнага шляху да Оршы і адзіны двухпавярховы.
Ля вакзала раскінулася Прывакзальная плошча, якая нагадвае сваім ансамблем знакамітыя «мінскія вароты». Праўда, тут яны больш сціплыя, але агульная архітэктурная «алюзія» на сталіцу прачытваецца: гасцей горада сустракаюць два чатырохпавярховыя будынкі-вежы на вуліцы Кірава – «барысаўскія вароты». Мясцовыя лічаць, што гэта з іх былі скапіраваныя знаёмыя кожнаму мінскія вежы, але гэта малаверагодна – тып забудовы зусім не даваенны.

НОВЫ БАРЫСАЎ
МАДЭРН
У часы паслярэвалюцыйнай індустрыялізацыі і адносных творчых свабод Барысаў займеў некалькі ўнікальных пабудоў прагрэсіўнага (для таго перыяду) канструктывісцкага стылю. Сапраўдныя дыяменты барысаўскай міжваеннай архітэктуры – дамы №12 і №14 на праспекце Рэвалюцыі. Філасофія канструктывізму прадугледжвала «ачышчэнне» фасадаў ад празмернага барочнага дэкору, функцыянальную планіроўку памяшканняў «пад патрэбы рабочых» і шырокае выкарыстанне шкла і металу.
Секцыйныя будынкі маюць панарамныя вокны на лесвічных пралётах і незвычайныя «вуглавыя» балконы. Дамы пабудаваны ў форме літары Г. Сёння гэтыя дамы маюць выгляд, максімальна набліжаны да аўтэнтычнага, хоць вулічны і ўнутраны фасады вельмі кантрастуюць па сваім дэкоры. Нават лесвічныя пляцоўкі захавалі свой першапачатковы выгляд. Згодна з калектывісцкай тэорыяй, у такіх дамах кухні і санвузлы мусілі быць зусім невялікімі, а большасць пакояў увесь час заставацца прахалоднымі. Такім чынам, па меркаванні архітэктараў, жытло павінна было садзейнічаць развіццю сацыяльных кантактаў людзей у побытавых умовах.

У наступнае дзесяцігоддзе смелыя эксперыменты жыллёвага будаўніцтва пачалі згортвацца і набываць больш кансерватыўныя рысы. Але гістарычная каштоўнасць такіх будынкаў для разнастайнага барысаўскага ландшафту не выклікае аніякага сумневу.

Другі распаўсюджаны ў Барысаве тып пабудовы – пасляваенныя драўляныя камунальныя дамкі. Тут іх захавалася, бадай, больш, чым у любым іншым прамысловым горадзе. Па-народнаму іх называлі проста – баракі. Такія дамы будаваліся адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, у час жыллёвага крызісу разбуранай вайной гаспадаркі. Лічылася, што такое жытло будзе часовым, таму і будавалася хутка, танна і без архітэктурных выкрунтасаў. Тым не менш праз дзесяцігоддзі гэтыя стракатыя ў афарбоўцы будыніны выглядаюць своеасаблівымі помнікамі таго няпростага часу на фоне традыцыйнай савецкай архітэктуры пазнейшых часоў.

ВЕЖА
Вадацяжная вежа інжынера Шухава – яшчэ адзін мадэрнавы помнік ужо інжынернага мастацтва ў Барысаве. Дарэчы, у Беларусі падобных канструкцый засталося ўсяго дзве – яшчэ адна вежа ёсць блізу станцыі Коханава.

Падобныя вежы ўзводзілі на працягу ўсяго чыгуначнага шляху Мінск – Орша для запраўкі паравозаў вадой. Барысаўская вежа пабудаваная ў 1927 годзе, зусім хутка яна адзначыць стогадовы юбілей – не малы час для каркаса з металічных бэлек. Ажурная металічная канструкцыя мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, хоць на дадзены момант ёй і патрабуецца рэстаўрацыя. Такі тып канструкцый запатэнтаваў у канцы XIX стагоддзя інжынер Уладзімір Шухаў. Ён быў першым у свеце вынаходнікам гіпербалоідных канструкцый, а падобных на барысаўскую засталося ці не з дзясятак ва ўсім свеце.

Нягледзячы на сваю крывізну, элементы вадацяжнай вежы ў Барысаве прамыя і складаюцца з кальцавых бэлек, якія ўтрымліваюць сталёвы профіль. Доступ да рэзервуара з вадой ажыццяўляўся пры дапамозе вінтавой лесвіцы. Цікава, што вынаходніцтва інжынера Шухава выкарыстоўвалі пазней вядомыя архітэктары Гаўдзі і Лё Карбюзье. Адзін з самых вядомых прататыпаў шухаўскіх канструкцый – Сіднэйская тэлевежа.